Малых лебедзяў стала мала

Апошнія лічбы, атрыманыя Трастам па вадаплаўных птушках і водна-балотных угоддзях (Wildfowl and Wetlands Trust (WWT)) паказваюць, што малы лебедзь (Cygnus columbianus) – самы невялікі прадстаўнік роду ў Заходняй Палеарктыцы – значна зменшыў сваю колькасць.  

Больш за трэць усіх лебедзяў, якія зімуюць у Еўропе, папросту знікла пасля 1995 году, калі навукоўцы налічылі максімум у 29 тысяч птушак. Лічбы для 2010 году сведчаць пра тое, што цяпер малых лебедзяў не больш 18 тысяч! Прадстаўнікі WWT баяцца, што пасля правядзення наступных улікаў, якія адбываюцца штопяць год і пачнуцца ў студзені 2015 году, колькасць малых лебедзяў апынецца яшчэ меншай. 

Супрацоўнікі траста пачалі пастаяннае вывучэнне малых лебедзяў, якія зімуюць у рэзерваце WWT у Слімбрыджы (Вялікабрытанія), дакладна паўстагоддзя таму. За гэты час атрымалася сабраць шмат важных для аховы віду дадзеных, між іншым для таго, каб зразумець трасы міграцый віду і стварыць сетку ахоўваемых водна-балотных угоддзяў на усім шляху іх падарожжаў. 

Негледзячы на гэта, папуляцыя малых лебедзяў працягвае змяншацца і WWT цяпер шукае грошы на стварэнне Плана дзейнасці па захаванню віду. 
Эйлін Рыз (Eileen Rees), кіраўнічка аддзелу па ахове вадапалаўных птушак лічыць, што галоўнай праблемай малага лебедзя з’яўляецца недастатковая колькасць птушанят, якія дажываюць да дарослага ўзросту і, такім чынам, дарослых птушак памірае больш, чым на іх замену вырастае маладых.  
Малыя лебедзі дасягаюць полавай спеласці ва ўзросце 4 гадоў. Калі гнездаванне адбываецца паспяхова (толькі палова папуляцыі спрабуе размнажацца штогод), пара падымае на крыло ад 1 да 2 птушанят. Таму кожная маладая і, асабліва дарослая птушка вельмі важная для падтрымання status quo

Від гняздуе ў тундры Расіі ад паўвострава Канін да вусця Калымы і паўвострава Чукотка. Тэрыторыя гэта вялікая па плошчы і цяжкадаступная для палявых даследаванняў, таму зразумець якія асноўныя прычыны ўздзейнічаюць на поcпех гнездавання ёсць вялікім выклікам для навукоўцаў. Гэта могуць быць як кліматычныя змены, якія расхранізуюць гнездавы цыкл віду з рэчаіснасцю, таксама магчыма канкурэнцыя за абмежаваныя харчовыя рэсурсы пад час вясновай міграцыі з іншымі відамі, з-за чаго лебедзі прылятаюць размнажацца не ў аптымальнай форме. 

Даследчыкі з WWT робяць рэнтгенаўскія здымкі многіх птушак на працягу апошніх 40 год і часта знаходзяць у іх целе свінцовыя драбіны. Таму важна рэгулярна тлумачыць паляўнічым, якія жывуць уздоўж асноўных пралётных шляхоў лебедзяў нелегальнасць адстрэлу гэтых птушак. Акрамя прамога ўздзеяння, дроб можа праглынацца вадаплаўнымі птушкамі пад час харчавання і паступова атручваць арганізм. 

Параўнальна новай праблемай з’яўляюцца сутыкненні лебедзяў з ветравымі электрастанцыямі, асабліва ўздоўж узбярэжжа Паўночнага мора. Больш традыцыйная небяспека – паветраныя лініі электраперадачы, і навукоўцы радзяць буйным энергетычным кампаніям як і дзе пракладваць ЛЭПы для таго, каб зменшыць рызыку сутыкненняў. 

Аднак як і даследванні жыцця птушак, так і меры па змяншэнню ўзроўню іх смяротнасці павінны быць паслядоўнымі і доўгатэрміновымі і пажадана распаўсюджвацца не толькі на месцы зімоўкі і шляхі міграцый, але і на месцы гнездавання.

Паводле www.wwt.org.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.luontoportti.com

 

На гэтую тэму:

“РАЗВОД” ПА-ЛЕБЕДЗІНАМУ

МАЛЫЯ ЛЕБЕДЗІ ПРАДВЯШЧАЮЦЬ ПОЗНЮЮ ЗІМУ