Германія – новае важнае месца зімоўкі малых лебедзяў

Пагаршэнне ўмоваў на былых традыцыйных месцах зімоўкі малых лебедзяў (Cygnus columbianus) на захадзе Еўропы ўжо прывяло да змены некаторых асноўных трас міграцыі і павелічэння колькасці зімуючых птушак у Грэцыі. Але, як аказалася, параўнальна нядаўна з’явілася яшчэ адно месца зімоўкі і яго роля таксама павялічваецца. Гэта – паўночная Германія, зямля Шлезвіг-Гальштэйн.

У апошнія гады тут збіраецца прыкладна трэцяя частка птушак, якія зімуюць у паўночна-заходняй Еўропе. Гэта асабліва заўважна ў сакавіку, калі лебедзі рыхтуюцца да пачатку міграцыі праз Балтыку на гнездаванне ў расійскую тундру. Пазамінулая зіма прынесла рэкордную колькасць малых лебедзяў, адзначаных на зімоўцы ў зямлі Шлезвіг-Гальштэйн: 24.02.2018 тут налічылі 8.364 птушкі. Папярэдні рэкорд, у 7.611 зімуючых лебедзяў, быў “пастаўлены” зімой 2008 года.

Цікава, што перараспрадзяленне птушак паміж месцамі зімоўкі ў Еўропе адбываецца ў апошнія дзесяцігоддзі, прычым колькасць лебедзяў на зімоўках у Ірландыі, Вялікабрытаніі і Нідэрландах усё апошняе дзесяцігоддзе значна змяншаецца і лебедзі фактычна зніклі з многіх традыцыйных раней месцаў зімоўкі.

Паводле штогадовых улікаў, малыя лебедзі ў апошнія гады прылятаюць у Германію на зімоўку раней, чым у мінулыя зімы: у снежні 2017 года тут налічылі нашмат больш птушак, чым у папярэднія снежні. Прычым колькасць птушак, якія падлятаюць сюды, таксама павялічваецца з цягам зімы і даты з максімальнай лічбай малых лебедзяў у Шлезвіг-Гальштейне паступова ссоўваецца на канец лютага з пачатку сакавіка.

Такім чынам, многія з лебедзяў праводзяць тут больш часу, чым раней – гэтаму, пэўна, дапамагаюць і параўнальна мяккія зімы, якія адбываюцца ў рэгіёне апошнія дзесяцігоддзі. Акрамя малых лебедзяў, некаторыя іншыя віды вадаплаўных (савук-луток, нырок-сівак і іншыя) сталі зімаваць бліжэй да месцаў гнездавання – фенамен апошніх некалькіх гадоў, які ўжо атрымаў сваю назву - ‘short-stopping'.

Даследчыкі падкрэсліваюць магчымую сувязь павелічэння колькасці зімуючых малых лебедзяў у Германіі і Даніі з пашырэннем тут плошчаў, засеяных кукурузай. Гэта значна павялічыла кармавую базу лебедзяў узімку, бо наўрацці іншая расліннасць трымала б іх тут так доўга і ў такой колькасці.

Крыніца:

Augst, H-J, Hälterlein, B, & Fabricius, K. 2019. From stopover to wintering: Bewick's Swans Cygnus columbianus bewickii in Schleswig-Holstein, northern Germany in winters 2016/2017 and 2017/2018Wildfowl 5: 139-163.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак - Paweł T. Dolata 

 

 

На гэтую тэму:

Больш частыя сустрэчы малых лебедзей у Беларусі – вынік утварэння новых месцаў зімоўкі?

Месцы зімовак малых лебедзяў з Ямала- нечаканыя вынікі

Малых лебедзяў стала мала

“Развод” па-лебедзінаму

Найстарэйшы малы лебедзь прыляцеў на зімоўку ў Вялікабрытанію

Незвычайны палёт: разам з малымі лебедзямі на зімоўку