Самы стары вядомы на сёння чалец знакамітай т.зв. Глостэршырскай дынастыі малых лебедзяў (Cygnus columbianus) нядаўна вярнуўся з расійскай тундры на сваё пастаяннае месца зімоўкі ў рэзерват Slimbridge, які належыць Трасту водаплаўных птушак і водна-балотных угоддзяў (Wildfowl and Wetlands Trust (WWT).
Самец па мянушцы Круп’е (Croupier), якому цяпер 26 гадоў, - самы стары чалец дынастыі лебедзяў, якую супрацоўнікі рэзервата вывучаюць апошнія амаль 50 гадоў. На жаль, Круп’е вярнуўся ў гэты раз без сваёй пастаяннай партнёркі па мянушцы Дылер (Dealer), якая выгадавала разам з ім і прылятала на зімоўку ў Слімбрыдж з 29 іх птушанятамі. Звычайна пары ў малых лебедзяў ствараюцца на ўсё жыццё, таму даследчыкі спадзяюцца, што Дылер недзе адстала і далучыцца да супруга праз нейкі час. Аднак магчыма, што самка загінула – у апошнія два дзесяцігоддзі смяротнасць малых лебедзяў павялічылася.
Дзядуля Круп’е па мянушцы Ніжыньскі (Nijinsky) пачаў зімаваць у Слімбрыджы ў 1969 годзе. Яго ўнучка і маці Круп’е, Казіно (Casino), пражыла 27 гадоў і была самай старай дзікай вядомай прадстаўнічкай свайго віду. За сваё доўгае жыццё яна прыляцела ў рэзерват з 34 сваімі птушанятамі.
Сціў Хэавэн (Steve Heaven) з WWT сказаў: “Мы можам прасачыць жыццёвыя гісторыі многіх лебедзіных сем’яў і малюем іх дынастычныя дрэвы дзякуючы таму, што ўсе лебедзі маюць своеасаблівы малюнак – камбінацыю жоўтага і чорнага - на сваіх дзюбах. Нашы доўгатэрміновыя даследаванні ў Слімбрыджы далі карысныя для іх аховы вынікі адносна экалагічных патрэбаў віду. Асабліва гэта важна ў той час, калі папуляцыя змяншаецца”.
Як паказвае прыклад Круп’е, малыя лебедзі могуць жыць параўнальна доўга, але за жыццё яны застаўляць не так шмат патомкаў. І хаця па дасягненні дарослага веку гэтыя птушкі адкладваюць штогод у сярэднім па 5 яек у арктычнай тундры Расіі, на зімоўку ў Заходнюю Еўропу прылятаюць толькі з 1-2 птушанятамі.
Усяго 3929 малых лебедзяў атрымалі ад брытанскіх даследчыкаў каляровыя пластыкавыя ашыйнікі ці кольцы з унікальнымі камбінацыямі лічбаў і літар так, каб для індывідуальнай ідэнтыфікацыі іх не трэба было ізноў лавіць. Дзякуючы гэтаму навукоўцам ўдалося ацаніць імавернасць смяротнасці птушак з году ў год. Для дарослых птушак яна раўна ў сярэднім 15%, для выляцелых з гнязда і тых, што даляцелі да месцаў зімоўкі птушанят яна каля 20%.
Супрацоўнікі траста могуць працягваць свае доўгатэрміновыя даследаванні дзякуючы грошам, атрыманым ад People’s Postcode Lottery. За апошняе паўстагоддзя атрымалася даведацца пра гісторыю жыцця амаль 10 тысяч малых лебедзяў!
Цяпер, акрамя даследаванняў на зімоўцы, WWT пашырае сваю працу на краіны Паўночна-Заходняй Еўропы і Расію каб даведацца пра найбольш важныя для віду водна-балотныя ўгоддзі, тыя, дзе птушкі адпачываюць і харчуюцца пад час міграцыі, каб захаваць іх.
Паводле www.wwt.org.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Больш частыя сустрэчы малых лебедзей у Беларусі – вынік утварэння новых месцаў зімоўкі?
Незвычайны палёт: разам з малымі лебедзямі на зімоўку
Месцы зімовак малых лебедзяў з Ямала- нечаканыя вынікі
Лебедзь імя Джэймса Бонда мае свой дэвайс
САМАЯ СТАРАЯ Ў СВЕЦЕ ДЗІКАЯ ПТУШКА, ЯКОЙ КАЛЯ 70 ГАДОЎ, ІЗНОЎ АДКЛАЛА ЯЙКА!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ