Як арлан-белахвост за мінулыя 50 гадоў аднавіў сваю колькасць у Фінляндыі

арлан-белахвост

Арлан-белахвост (Haliaeetus albicilla) з-за пераследавання і забруджвання асяроддзя ДДТ яшчэ ў мінулым стагоддзі заставаўся ў Еўропе рэдкай птушкай. Аднак пасля змены на лепшае сытуацыі з гэтымі галоўнымі чыннікамі змяншэння яго колькасці, папуляцыі віда ў многіх краінах змаглі аднавіцца.

Вялікая каманда даследчыкаў з універсітэтаў у Турку і Хельсінкі (Фінляндыя) і Швайцарскага арніталагічнага інстытуту прааналізавалі дадзеныя з пераважна фінскага ўзбярэжжа Балтыкі (т.зв. ‘марской’ папуляцыі віду) і з Лапландыі (т.зв. арктычнай кантынентальнай і ‘прэснаводнай’), якія збіраліся больш за 50 гадоў. Яны тычацца амаль 1000 гнездавых тэрыторый і 2.468 гнёздаў арлана-белахвоста на іх, поспеху размнажэння (колькасці птушанят), кальцавання, назіранняў акальцаваных птушак і выпадкаў іх гібелі, а таксама генетычных звестак пра 7.179 асобін.

Разуменне механізмаў папуляцыйнай дынамікі неабходнае для прадказанняў таго як папуляцыі адрэагуюць на ціск асяроддзя і дзеянні чалавека па кіраванні імі. Змены ў памеры папуляцыі і яе структуры, размяшчэнні гняздуючых пар з’яўляюцца вынікам дэмаграфічных працэсаў такіх як выжыванне, размнажэнне, іміграцыя і эміграцыя, на якія ўздзейнічаюць біятычныя і абіятычныя фактары. Важна, што падобныя папуляцыйныя трэнды могуць утварацца з вельмі розных камбінацый гэтых працэсаў і асабліва ў відаў з вялікай працягласцю жыцця розныя дэмаграфічныя паказчыкі могуць кампенсаваць адзін аднаго.

мапа

Мапы Фінляндыі, якія паказваюць тэрытарыяльнае размяшчэнне двух папуляцый арлана-белахвоста і змены ў іх з цягам часу паміж 1970 і 2022 гг. Паказаны толькі актыўныя гнездавыя тэрыторыі віду, чым цямнейшы колер, тым большая шчыльнасць гняздуючых пар была адзначана ў гэтым месцы.  Паводле Nebel et al. 2026

Абедзьве папуляцыі, якія параўноваліся, паказалі вельмі падобны рост колькасці (з узбярэжжа Балтыкі ў сярэднім на 8,7% штогод, з Лапландыі на 8,8%). Тым не менш гэтыя паказчыкі забяспечылі розныя дэмаграфічныя фактары, якія яўна адрозніваліся для розных папуляцый: выжыванне неполаваспелых арланаў (subadult survival) было выразна лепшым у птушак з Балтыйскага ўзбярэжжа, тады як у Лапландыі выразна лепшым былі паказчыкі выжывання дарослых птушак.

"Абедзьве папуляцыі з’яўляюцца выдатным прыкладам гісторыі поспеху ў ахове прыроды ў Фінляндыі, аднак іх гісторыі не былі аднолькавымі” - сказала Carina Nebel, даследчыца з University of Turku і галоўны сааўтар публікацыі. "На ўзбярэжжы Балтыкі многія маладыя птушкі выжывалі, аднак пазней сутыкаліся з моцнай канкурэнцыяй за гнездавыя тэрыторыі. У Лапландыі дарослыя птушкі мелі невялікую смяротнасць, але моладзь мелася горш”.

Крыніца: C Nebel et al. 2026 Different demographic drivers of recovery in two adjacent populations of a long‐lived bird of prey, Oikos  DOI: 10.1002/oik.12366 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак арлана-белахвоста пад экскортам крумкача Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

Мільёны ад назіранняў арланаў: як птушкі прыцягваюць турыстаў і грошы на шатландзкі востраў

Рэкордны год для арлана-белахвоста

Арланы засвойваюць неба Шатландыі

Ці лічыць посьпехам першае за апошнія 150 гадоў гнездаванне арлана-белахвоста ў Ірландыі?

Роля далёкіх перасяленцаў у аднаўленні пашырэння відаў непрапарцыйна вялікая - прыклад скапы