Самы рэдкі альбатрос на Зямлі аказаўся асобным відам

Генетычны аналіз вырашыў шматгадовую загадку і закончыў дэбаты пра статус амстэрдамскага альбатроса.
Канадзкія даследчыкі даказалі, што ДНК гэтых птушак значна адрозніваецца ад ДНК вандроўнага альбатроса, які аказаўся самым блізкім відам да амстэрдамскага.

Толькі 170 птушак гэтага віду існуе на Зямлі, і ўся відавая папуляцыя гняздуе на адным плато на востраве Амстэрдам.
Амстэрдамскія альбатросы Diomedea amsterdamensis - параўнальна вялікія птушкі, якія могуць важыць да 8 кг і размах іх крылаў дасягае нават 350 см. Птушкі атрымалі сваё імя ад назвы аднайменнага са сталіцай Нідэрландаў вострава ў Індыйскім акіяне. Ўпершыню альбатросы былі адкрыты тут у 1983 годзе, аднак навукоўцы падзяліліся ці варта надаваць птушкам відавы статус. Некаторыя з іх былі ўпэўненыя, што альбатросы з Амстэрдама толькі падвід вандроўнага альбатроса, які таксама гняздуе ў Паўночным паўшар’і. 
Д-р Тэрэза Бург (Dr Theresa Burg) і яе калегі з універсітэту Lethbridge, Канадa, вырашылі параўнаць ДНК птушак каб пацвердзіць відавы або падвідавы статус. Вынікі іх працы былі апублікаваныя ў часопісе Journal of Avian Biology.
Д-р Бург растлумачыла, чым амстэрдамскія альбатросы адрозніваюцца ад вандроўных (Diomedea exulans).
"Першыя трошкі меншыя памерамі. Адкладка яек адбываецца ў розны з другім відам час, акрамя гэтага амстэрдамскія альбатросы маюць больш карычневых пёраў.”
Аднак найбольшыя адрозненні былі знойдзены пры параўнанні ДНК. Паводле ацэнкі знойдзеных адрозненняў і часу, вядомаму па іх назапашванню, даследчыкі кажуць, што віды аддзяліліся ад сябе каля 265 тысяч гадоў таму.
Цікава, што не гледзячы на свой каласальны размах крылаў і здольнасць пралятаць вялізарныя адлегласці, гнездаванне амстэрдамскіх альбатросаў не вядомае нідзе па-за гэтым востравам. Акрамя іх, ніводны іншы від не выкарыстоўвае гэты востраў для размнажэння, таму навукоўцы мяркуюць, што менавіта геаграфічная ізаляцыя пад час гнездавання дазволіла паўстаць асобнаму віду птушак.
Даследчыкі спадзяюцца, што цяпер, калі птушкі аказаліся сапраўдным відам, высілкі па іх ахове павялічацца.
І хаця адзіная папуляцыя гэтых птушак лічыцца стабільнай, амстэрдамскі альбатрос з-за сваёй малой колькасці мае статус крытычна пагражаемага.
Штогод прыступае да размнажэння ад 18 да 26 пар на невялікай тэрыторыі ў самым цэнтры вострава. Звычайна пары ствараюцца на ўсё жыццё і адкладваюць па аднаму яйку ў год.
Віду пагражаюць свойскія жывёлы на месцы гнездавання і, як і іншым альбатросам, сучасныя метады прамысловага рыбалоўства.

Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

НА ГЭТУЮ ТЭМУ:
Шасцідзесяцігадовы альбатрос яшчэ размнажаецца !

Новы від птушак апісаны на Мадагаскары
 

Складаная генетыка вялікіх паўночных чаек
Паходжанне і крэўныя сувязі крабавага пясочніка