Чорная будучыня крумкачоў?

Польскія арнітолагі (але не толькі яны) з абурэннем успрынялі рашэнне Рэгіянальнай дырэкцыі аховы навакольнага асяроддзя у Ольштыне, якая выдала дазвол на адстрэл 250 крумкачоў, 190 шэрых варон і 600 сарок на тэрыторыі Шчэцінскага павету. Сумненне выклікае найперш абаснаванне гэтага рашэння.

З прапановай адстрэлу крумкачовых птушак выступіла Шчэцінскае таварыства натуралістаў (Szczycieńskie Towarzystwo Przyrodnicze), якое з лютага 2010 г. рэалізуе праграму па рэінтрадукцыі зайца-шарака і шэрай курапаткі ў Шчэцінскім павеце. Чальцамі таварыства ёсць, у асноўным, паляўнічыя, якія за змяншэнне папуляцый гэтых паляўнічых відаў абвінавачваюць перад усім крумкачовых птушак.
Паводле паляўнічых, гэтая група птушак мае яўна завялікую колькасць, але прадстаўленыя імі доказы цяжка назваць пераканаўчымі. У якасці апошніх прадстаўлены анкеты, якія запаўнялі на тэрыторыях паляўнічых гаспадарак ... паляўнічыя і вучні! Такі спосаб збору дадзеных крытыкую, між іншых, д-р Пшэмыслаў Хыларэцкі (dr Przemysław Chylarecki) з Агульнапольскага таварыства аховы птушак (Ogólnopolskiego Towarzystwa Ochrony Ptaków). Паводле яго пад час ацэнкі колькасці крумкачоў на якой-небудзь тэрыторыі сур’ёзную праблему ўяўляе мабільная негняздуючая папуляцыя з маладых птушак, якія вельмі мабільныя і за непрацяглы час могуць перамяшчацца на значныя адлегласці. Такім чынам атрыманыя дадзеныя па колькасці крумкача могуць аказацца моцна завышанымі. Так, напэўна, атрымалася і з дадзенымі, прадстаўленымі паляўнічымі – паводле іх, на тэрыторыі павету жывуць 1400 крумкачоў, 2700 сарок і 1600 шэрых варон. У той час калі паводле вынікаў дзяржаўнага маніторынгу асяроддзя Warmii i Mazurach шчыльнасць крумкачоў толькі 5-10 пар на 100 км кв, што ў пералічэнні на плошчу павету ў пр. 2000 кв км дае колькасць крумкачоў ад 100 да 200 пар. І адстрэл 250 птушак прывядзе да фактычнага знішчэння мясцовай гняздуючай папуляцыі паводле  яшчэ аднаго эксперта – д-ра Збігнева Ценяна (Zbigniew Cenian) з Komitetu Ochrony Orłów.
Хаця паляўнічыя лічаць крумкачовых птушак адказнымі за высокую смяротнасць зайца-шэрака і шэрай курапаткі, навуковыя дадзеныя гэтага не пацвярджаюць. Крумкачы пераважна ядуць падаль, а калі палююць, то звычайна на арганізмы значна меншыя за зайцаў ці курапатак. Калі некалькі гадоў таму быў выдадзены дазвол на адстрэл крумкачоў у Вялікапольскім ваяводзтве, то навукоўцы з Познанскага ўніверсітэту даследавалі змесціва страўнікаў забітых птушак. Аказалася, што рэштак зайцаў у іх не было знойдзена. Дамінавалі насенне зерневых культур і косткі дробных звяроў і птушак. У складзе ахвяр крумкачоў з Вігерскага нацпарку зайцы складалі толькі 0,6%. Пра знішчэнне гэтымі птушкамі курапатак ніякіх дадзеных не змаглі атрымаць нават працаўнікі даследчай станцыі Польскага паляўнічага звязу PZŁ у Czempiniu.


Да галасоў пратэсту навукоўцаў і натуралістаў далучыўся нават вядомы польскі рэжысёр Ежы Скалімоўскі (Jerzy Skolimowski), які пад час уручэння ганаровага дактарату honoris causa вa Warmińsko-Mazurskim універсітэце папрасіў прысутных дапамагчы адмовіцца ад акцыі адстрэлу птушак. 


Здымак крумкача Дзьмітрыя Якубовіча
 

Паводле www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by


На гэтую тэму:
Крумкачовыя птушкі апынуліся па-за законам у Аўстрыі

Польшча з-за недастатковай аховы птушак апынецца перад Трыбуналам справядлівасці Еўразвязу
 

У Польшчы нельга будзе паляваць на курапатку і зайцаў?

Цяжкае жыццё ў моладзевых гангах

Гэтая сарока ведае Вас?