У Польшчы нельга будзе паляваць на курапатку і зайцаў?

Чыноўнікі польскага Міністэрства навакольнага асяроддзя рыхтуюць змены ў Правіла палявання, якія тычацца шэрай курапаткі (Perdix perdix) і зайца-шарака (Lepus europaeus) (паляванне на зайца-беляка (Lepus timidus) забаронена і цяпер). Сэнс зменаў у тым, каб гэтыя віды заставіць паляўнічымі відамі, але надаць ім статус аховы на ўвесь год, які б забараняў бы паляванне на іх.

У Польшчы ўжо ёсць падобны від – лось, які застаецца паляўнічым відам, на якога забаронена паляванне на працягу ўсяго году. 


Колькасць курапатак і зайцаў-шаракоў драматычна змяншаецца ў гэтай краіне асабліва ў апошнія гады. Паводле дадзеных, якія сабраныя паляўнічымі (часта з завышэннем сапраўдных лічбаў), у 2010 годзе зайцаў-шаракоў засталося ў 2 разы менш, чым было яшчэ 19 год таму ў 1991 (540 тысяч vs 1 млн. 200 тысяч) і прыкладна ў 2,5 разы менш курапатак (2010: 380 тысяч асобін vs каля 1 млн у 1991 годзе).
Пры чым паводле зноў жа дадзеных, прадстаўленых у міністэрства паляўнічымі, яны забілі толькі ў 2009 годзе 19 тысяч зайцаў і 11 тысяч курапатак.
 

Прычыны такога рэзкага змяншэння колькасці двух асноўных паляўнічых відаў, якія жывуць на палях і пашах, хутчэй за ўсё комплексныя. Сярод самых важных адзначаюць:
• павелічэнне колькасці лісы – іх натуральнага асноўнага драпежніка, што звязваюць з контраверсійнай шматгадовай праграмай барацьбы з шаленствам праз раскідванне адмысловых прышчэпак для лісаў. Паводле афіцыйных дадзеных, у 200 годзе было 145 тысяч лісаў, а ў 2008 годзе – ўжо 209 тысяч. 
• рэгулярныя масавыя паляванні на абодва віды.
• змены ў выкарыстанні сельскагаспадарчых земляў і ўсё больш распаўсюджаныя вялікія гаспадаркі з монакультурам, у якіх выкарыстоўваюць шмат хімічных рэчываў як угнаенні і пестыцыды.
• масавыя інфекцыйныя хваробы і паразіты звяроў і птушак.
План аховы курапатак і зайцаў хутка трапіць на абмеркаванне зацікаўленых бакоў. Ці атрымаецца такім чынам прыпыніць рэзкае змяншэнне іх колькасці, пакажа ўжо бліжэйшая будучыня.
 

Здымак шэрай курапаткі Мікалая Гулінскага
Паводле www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by