Цяжкае жыццё ў моладзевых гангах

Крумкачы (Corvus corax), якія жывуць у вялікіх групах, якія складаюцца з неполаваспелых птушак, маюць большы ўзровень фізіялагічнага стрэсу, чым дарослыя птушкі, аб’яднаныя ў пары.
Такія вынікі атрымалі даследчыкі, якія аналізавалі памёт розных крумкачоў. У птушак з моладзевых “гангаў” быў знойдзены нашмат большы ўзровень рэшткаў гармонаў стрэсу. 

Вынікі сур’ёзна ставяць пад сумнеў тэорыю, што жыццё тэрытарыяльнымі парамі больш энергетычна каштоўнае, чым у групе.
Навукоўцы пішуць у артыкуле ў часопісе Biology Letters, што насамрэч стрэс можа быць тым фактарам, які падводзіць маладых крумкачоў з вялікіх груп да аб’яднання ў пары.
Маладыя крумкачы жывуць у вялікіх зграях – сацыяльных групах – чальцы якіх дзеляць паміж сабой знойдзеную ежу. Дарослыя ж птушкі аб’ядноўваюцца ў пары, часта з тым самым партнёрам на ўсё жыццё, і агрэсіўна бароняць сваю гнездавую тэрыторыю.
Навукоўцы вывучалі крумкачоў у Белавескім нацпарку (Польшча), параўноўваючы узровень стрэсу ў птушак з абодвух сацыяльных сістэм.


Адна з даследчыкаў, д-р Нурыя Селва  (Dr Nuria Selva), па яе словах зусім не чакала падобных вынікаў:"У выпадку крумкачоў ясна, што знайсці і падзяліць ежу лягчэй, калі група з 30 птушак шукае падаль, чым калі гэта робяць толькі  2 птушкі з пары. Аднак наша даследаванне паказала, што жыццё ў падобных групах далёка ад спакойнага, як думалі раней.”
Памёт маладых птушак з “гангаў” утрымліваў значна большы ўзровень гармону корцікастэрону, чым памёт ад дарослых птушак, аб’яднаных у пары.
Такім чынам атрымліваецца, што жыццё ў падобных групах патрабуе больш энергіі ад асобнай птушкі, чым на ўласнай тэрыторыі з партнёрам. Адной з прычын гэтага можа быць спаборніцтва за дамінаванне адных птушак у групе над іншымі.
Такім чынам высокі ўзровень стрэсу можа быць сур’ёзным повадам для таго, каб пакінуць групу і спрабаваць распачаць з часам дарослае жыццё на сваёй тэрыторыі ў пары.

ЗДЫМАК ДЗЬМІТРЫЯ ЯКУБОВІЧА
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

НА ГЭТУЮ ТЭМУ:
Крумкач куліку вока не выдзяўбе

Новакаледонскія крумкачы могуць выкарыстоўваць тры прылады за адзін раз!

Разумныя гракі пацверджваюць старажытную байку

Новакаледонскія крумкачы зноў здзівілі навукоўцаў

Зімовыя месцы начлегу кавак і гракоў у Чэхіі
 

Вароны дапамагаюць адна адной у патрэбе