Новакаледонскія крумкачы могуць выкарыстоўваць тры прылады за адзін раз!

Адны з найбольш папулярных у апошнія гады аб’екты вывучэння інтэлектуальных здольнасцяў сярод жывёл – крумкачы з Новай Каледоніі (Corvus moneduloides) - зноў здзівілі навукоўцаў.
Даследчыкі з універсітэту Окланда (Новая Зеландыя) на свае вочы ўбачылі, што гэтыя птушкі здольныя карыстацца трыма рознымі прыладамі для таго, каб дастаць схаваную ад іх ежу.

Крумкачы, якія вядомыя з частага выкарыстання разнастайных прыладаў для знаходжання ежы ў прыродзе, на гэты раз пад час эксперыментаў паказалі яшчэ і паводзіны па вырашэнню складаных задач. І аказалася, што яны нават больш вынаходлівыя, чым лічылася да гэтага.
Каманда даследчыкаў выправілася, каб вывучаць паводзіны крумкачоў, на іх радзіму: Паўднёвы востраў Новай Каледоніі.
І хаця іншыя віды птушак таксама вядомыя выкарыстоўваючымі розныя прылады ў прыродных умовах, новакаледонскія крумкачы самыя разумныя з іх.
Калі пад час назіранняў навукоўцы ўпершыню заўважылі, як крумкачы робяць з некаторых галінак кручкі і разрываюць лісты на завостраныя кавалкі, каб дастаць ежу з цяжкадаступных месцаў, яны былі сапраўды здзіўленыя, бо дагэтуль лічылася, што выраб і выкарыстанне прыладаў – прэрагатыва толькі прыматаў. 
Далейшыя даследаванні ў лабараторыі і прыродзе паказалі, што новакаледонскія крумкачы таксама могуць паспяхова рашаць даволі складаныя задачы, часам пераўзыходзячы ў гэтым прыматаў. Дзякуючы эксперыментам, атрымалася даведацца, што птушкі гэтага віду могуць знаходзіць ці ствараць прылады з разнастайных матэрыялаў, а таксама выкарыстоўваць іх у пэўнай паслядоўнасці.

Каб лепш зразумець, як крумкачы рашаюць пастаўленыя перад імі задачы, каманда новазеландзкіх навукоўцаў часова змясціла 7 дзікіх птушак у авіарый.
Тут крумкачам прапанавалі дастаць ежу і гэта было можна зрабіць толькі з дапамогай доўгага дубца. Аднак гэты доўгі дубец ляжаў у зарашочанай скрыні. Яго, ў сваю чаргу, можна было дастаць з дапамогай кароткага дубца. Ну а кароткі дубец быў прымацаваны да доўгай вяроўкі, якая была прывязана да прысады крумкачоў – тоўстай галінкі дрэва. (гл. малюнак)
Прафесар Рассел Грэй (Russell Gray) тлумачыць: "Птушкам трэба было зразумець, што ім патрэбны доўгі дубец, але дастаць яго яны могуць з дапамогай кароткага, які боўтаецца на вяроўцы”.
Птушак падзялілі на 2 групы.
Першай групе прапанавалі зрабіць усе магчымыя дзеянні з прыладамі паасобку перад тым, каб паставіць складаную шматкрокавую задачу і ўсе прылады ў адным месцы.
Усе тры птушкі з гэтай групы з першай спробы справіліся з трохкрокавай стратэгіяй і дасталі кавалак мяса.
Птушкі з другой групы апынуліся ў больш складаным становішчы. Яны не бачылі перад пачаткам доследу, што кароткі дубец можа быць прывязаны да вяроўкі, хаця і ведалі, што дубцы могуць дапамагчы дабрацца да схаванага мяса.
Тым не менш, птушкі з гэтай групы таксама справіліся з задачай. Адна з птушак гэтай групы на працягу 110 секунд правярала ўсе наяўныя прылады, каб потым безпамылкова дастаць ежу. Другая птушка таксама без памылак дастала мяса, але нейкі час была здзіўленая тым, што кароткі дубец быў прымацаваны да вяроўкі.
Іншыя дзве птушкі справіліся з задачай з трэцяй і чацвёртай спробы.

Алекс Тэйлар (Alex Taylor), адзін з аўтараў артыкула пра гэтыя доследы ў часопісе Proceedings of the Royal Society B., сказаў: "Убачыць, як крумкачы рашаюць задачу, вынаходзячы 2 новыя крокі паводзінаў, было для нас вялікім сюрпрызам”.
Цяпер лепш зразумела, як гэтыя птушкі вырашаюць падобныя складаныя задачы ў прыродзе. Выкарыстанне адной прылады можа быць вынікам навучання, але прадпрымаць некалькі крокаў у пэўнай паслядоўнасці каб вырашыць праблему – гэта ўжо іншы ўзровень інтэлектуальных здольнасцяў.

На малюнку лічбамі пазначаныя: 1. вяроўка, прывязаная да прысады. 2. кароткі дубец, прывязаны да вяроўкі. З. доўгі дубец, які можна дастаць толькі з дапамогай кароткага. 4. кавалак мяса, які можна дастаць толькі з дапамогай доўгага дубца.

Паводле www.news.bbc.co.uk (тэкст і малюнак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Разумныя гракі пацверджваюць старажытную байку

Comments

Вялiкi дзякуй за гэты артыкул, Harrier!

Вось фільмік з гэтага эксперымента.

Крумкачовыя сапраўды цудоуныя (таму iх так люблю i таму так захапляюся iмi) :) . Калiсцi я гадавала ў клетцы кавак, выратаваных птушанятамi з рамантаванага даху. Тады я праводзiла шмат гадзiн, сядзячы ў вальеры i назiраючы за iмi. Гэта было вельмi цiкава. Ўсе крумкачовыя вельмi цiкавыя i любяць гуляць. Гэта iм дапамагае хутка вучыцца.  Варта звяртаць увагу на гэтых прыгожых, цiкавых чорных птушак.

Вось колькi цiкавых фільмікаў розных гатункаў крумкачовых:

Я таксама меў досьвед з 2 прыручанымі варонамі, якіх адмыслова ўзялі птушанятамі з гнязда. Такіх разумных і цікаўскіх, спрытных птушак я не бачыў ні да таго, ні пасьля...