Паважаныя Сябры!
Брэсцкае абластное аддзяленне ГА АПБ абвяшчае фотаконкурс “Палявы сезон 2011” Для ўдзелу ў фотаконкурсе прымаюцца здымкі, якія зроблены на працягу бягучага года на тэрыторыі Беларусі ад сябраў АПБ з Брэсцкай вобласці.
Конкурс праводзіцца па трох намінацыях:
Птушкі (не прымаюцца здымкі птушак і птушанят на гнёздах);
Людзі ў прыродным наваколлі;
Ландшафты і пейзажы.
Адзін ўдзельнік прадстаўляе да 5 здымкаў ў кожнай намінацыі і сам вызначае намінацыю, апрача гэтага ён жа дае назвы сваім працам.
Працы з абавязковымі графамі: імя, прозвішча, узрост, намінацыя, назва (могуць быць пазначаны на суправаджальным лісце) напраўляюцца ў электронным выглядзе на адрас Peregrinus-@mail.ru да 30 кастрычніка бягучага года.
Працы, у якіх запоўнены не ўсе графы, альбо тыя, што прыйшлі пазней тэрміну, да ўдзелу ў фотаконкурсе не дапускаюцца!
Конкурс праводзіцца ў два этапы. На першым этапе, сярод пададзеных фотаздымкаў адбіраюцца 30 лепшых (вызначае незалежнае журы ў складзе не менш 4-х чалавек), якія будуць прадстаўлены на выставе, што адбудзецца падчас канферэнцыі аддзялення.
Па выніках адбору складаецца пратакол першага этапу, які зацвярджаецца Саветам аддзялення.
На другім этапе пераможцаў вызначаюць удзельнікі канферэнцыі аддзялення. Галасаванне адбываецца адкрыта, з дапамогай налепак для галасавання. Падліковая камісія вызначае пераможцаў ў кожнай намінацыі асобна і аб'яўляе вынікі, згодна з рэгламентам канферэнцыі.
Пераможцы: У кожнай з намінацый, аўтары, працы якіх па суме галасоў набралі большасць - атрымліваюць дыпломы і каштоўныя прызы.
Каардынатар конкурса Вадзім Пракапчук
Здымак Аляксандра Сербуна
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ