Здымак птушак у бядзе перамог на самым вялікім конкурсе фотаанімалістаў у Лондане

Больш за 40 тысяч здымкаў з больш чым 90 краін Свету ўдзельнічала сёлета ў конкурсе Veolia Environnement Wildlife Photographer of the Year , які праводзіць Брытанскі музей натуральнай гісторыі і і часопіс BBC Wildlife. Пераможцы вызначаюцца ў 19 катэгорыях-намінацыях, сярод іх 3 – для дзетак і падлеткаў да 18 год.

Вынікі сталі вядомыя 19 кастрычніка і, як гэта звычайна бывае з фотаконкурсам такога маштабу могуць падацца спрэчнымі.
Найлепшым фатографам дзікай прыроды сёлета прызнаны гішпанец Daniel Beltrá за свой рэпартаж пра разліў нафты ў Мексіканскім заліве і яго наступствы для птушак.
Журы адзначыла ў розных намінацыях шмат цікавых здымкаў венгерскага фатографа Bence Máté.
З 1964г., калі ўпершыню быў абвешчаны конкурс на Лепшага фатографа жывой прыроды года (Wildlife Photographer of the Year Competition), абвешчаны BBC Wildlife Magazine, конкурс ператварыўся, напэўна, ў самы вялікі ў Свеце і адзін з самых цікавых. Не толькі з-за колькасці катэгорый, у якіх можна ўдзельнічаць, колькасці дасыланых на конкурс здымкаў і краін, з якіх удзельнічаюць фатографы. Але і на сапраўды высокую мастацкую якасць здымкаў і адлюстраваных у іх момантах.
   Пачалося ўсё 45 гадоў таму з трох намінацый і 600 дасланых работ. Праз 20 год, у 1984, да ВВС далучыўся Музей натуральнай гісторыі ў Лондане, які дагэтуль застаецца саарганізатарам спаборніцтваў і фотавыставы.
Цяпер намінацый ажно 18. Дзве галоўныя з іх – Фатограф дзікай прыроды года і Юны фатограф дзікай прыроды года падтрымліваюцца транснацыянальнай карпарацыяй Veolia, якая садзейнічае ўстойліваму развіццю па ўсяму Свету. Яна ж з’яўляецца афіцыйным спонсарам конкурсу. Іншы спонсар – вядомая сваёй оптыкай кампанія Leica.

Як пішуць арганізатары, прафесіяналы выйграюць шмат узнагарод, аднак аматары таксама маюць шмат шанцаў каб пазмагацца за перамогу. Таму што для таго, каб зрабіць выдатны здымак, патрэбныя здольнасці, ўласны погляд, веданне прыроды і ўдача.
Спецыяльна падабранае журы адбірае і ацэньвае здымкі. Найлепшыя з гэтага году (прыкладна палова іх – гэта выявы птушак) можна паглядзець тут:
http://www.nhm.ac.uk/visit-us/whats-on/temporary-exhibitions/wpy/onlineGallery.do
 

Каля кожнага здымка прадстаўлена кароценькая гісторыя яго стварэння, а таксама оптыка і яе параметры, дзякуючы якім здымак быў зроблены. 

 З 21 кастрычніка больш за 100 найлепшых здымкаў 17 катэгорый будуць экспанавацца ў Лонданскім музеі натуральнай гісторыі. А найбліжэй да нас фотавыстава будзе знаходзіцца ў г.Быдгошч (Bydgoszcz) у Польшчы з 1 студзеня да 31 снежня 2012 году – г.зн. цэлы год!
Да канца гэтага году тамсама можна паглядзець і мінулагоднюю фотавыставу па адрасе:
Bydgoszcz, Agencja Zegart, ul. Zajêcza 8/23
Цікава, што фотавыставу можна арэндаваць на нейкі час для сваіх мерапрыемстваў, або купіць любы здымак у любым фармаце ці ўсе здымкі-пераможцы ў выглядзе фотаальбому.!

На здымку Bence Máté  з www.nhm.ac.uk паляванне пелікана.
Паводле www.nhm.ac.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Comments

А вось здымак найлепшага юнага фатографа году, які паходзіць з Польшчы, ў большым фармаце:

www.birdwatching.pl/galeria/ostatnio-dodane/zdjecie/17976