Польшча ўжо не першая па колькасці белых буслоў?

Паводле папярэдніх вынікаў праведзеных у мінулым годзе ўлікаў белага бусла (Ciconia ciconia) у рамках VII міжнародных улікаў віду, ў Польшчы яго папуляцыя зменшылася ў сярэднім на 15-20% у параўнанні з 2004 годам. 

Буслоў стала менш амаль па ўсёй Польшчы. Найбольш драматычныя змяншэнні колькасці гняздуючых птушак адбыліся на захадзе і поўдні краіны – нават на 30%. Марцін Таболка (Marcin Tobółka), нацыянальны каардынатар міжнародных улікаў у Польшчы і прадстаўнік Даследчай групы па беламу буслу (Grupy Badawczej Bociana Białego (GBBB)) сказаў: "У параўнанні з 2004 годам у Ніжнешлёнскім ваяводзтве буслоў стала менш ажно на 42%, падобная сытуацыя і ў Любускім. У Апольскім, Шлёнскім і Вялікапольскім ваяводзтвах папуляцыя зменшылася на пр. 30%, у Паморскім – на 20-25%. Прыкладна на 30% зменшылася колькасць белых буслоў нават у Вармінска-Мазурскім ваяводзтве – былой Меццы віду ў Польшчы. Цяпер тамтэйшая папуляцыя ацэньваецца ў 7 тысяч пар, а яшчэ дзесяцігоддзе таму было каля 10 тысяч пар.” 

Добрая сытуацыя застаецца з відам хутчэй за ўсё на Мазоўшы і ў Лодзкім ваяводзтве, дзе значных зменаў колькасці не адбылося. На Падляшшы ў некаторых месцах буслоў стала нават больш. Яшчэ не перададзены каардынатару дадзеныя з Любліншчыны. Але наўрацці гэта зменіць агульную карціну мінулагодніх улікаў.

Міжнародныя ўлікі віду адбываюцца штодзесяць год, і ў 2004 годзе ў Польшчы налічылі 52 тысячы пар белага бусла, што значыла, што “co piąty bocian na świecie "był Polakiem". Цяпер памер папуляцыі ацэньваецца ў не большы за 45 тысяч пар (можа нават 42-43 тысячы) – дакладны вынік будзе вядомы праз некалькі месяцаў, аднак тэндэнцыя для змяншэння колькасці віду ў Польшчы заўважная. Таму існуюць абаснаваныя падозранні, што цяпер найбольшай па велічыні папуляцыяй ёсць гішпанская. 

Канешне, абедзве папуляцыі (польская і гішпанская) належаць да аднаго віду, але прадстаўляюць даволі адасобленыя групоўкі, прыкладная мяжа паміж імі праходзіць па Германіі. Буслы з гэтых груповак ляцяць на зімоўку ў Афрыку рознымі шляхамі, акрамя гэтага яны маюць розныя ўпадабанні і ў Еўропе: птушкі з заходняй Еўропы часта гняздуюць у гарадах, а ўсходнееўрапейскія ўпадабалі вясковыя абшары.

Цікава, што ў апошнія дзесяцігоддзі многія буслы з Гішпаніі і Партугаліі застаюцца на зімоўку ў гэтых краінах, што значна змяншае іх смяротнасць, якая для першага году жыцця птушак можа дасягаць нават 60%. Дадатковым плюсам для гішпанскіх птушак стала новая крыніца харчавання – рак-інтрадуцэнт, якога мясцовыя буслы ядуць усё часцей.

У Польшчы галоўнай праблемай для буслоў сталі некарысныя змены ў сельскай гаспадарцы. Від можа быць добрым індыкатарам рознароднасці сельскагаспадарчых ландшафтаў, бо птушкі трымаюцца паўнатуральных месцаў: пашаў, лугоў, забалочаных мясцін. З Заходняй Польшчы яны паступова знікаюць, бо там сельская гаспадарка ўсё больш прымае інтэнсіўны характар. Тут усё часцей сеюць кукурузу і рапс, у якіх буслы не могуць паляваць. У Вялікапольшчы рэкі рэгулююцца, а забалочаныя месцы асушаюцца.

Там, дзе буслам усё яшчэ добра – напрыклад, на Падляшшы – усё яшчэ дамінуе традыцыйная  і экстэнсіўная сельская гаспадарка з забалочанымі лугамі, пашамі і межамі.

 

Ці навучацца буслы жыць у змененым асяроддзі? “Буслы ў Польшчы вельмі рэдка карыстаюцца са звалак у пошуку ежы – мы маем толькі адзінкавыя назіранні гэтага” – сказаў Марцін Таболка. І хаця буслы, якія харчуюцца пераважна на смеццезвалках на Захадзе хутчэй становяцца полаваспелымі і пачынаюць размнажацца, аднак рэгулярнае карыстанне са смецця можа быць небяспечным, бо назапашвае арганізм птушкі цяжкімі металамі і іншай атрутай.

Паводле апошніх дадзеных, адкрытыя звалкі смецця мусяць знікнуць у краінах Еўразвязу да 2020 году. А гэта значыць, што большая колькасць буслоў з Гішпаніі, Францыі і Германіі не змогуць вакол іх гнездаваць, бо ім проста не хопіць ежы для гэтага.

"Белы бусел даўно залежыць ад чалавека. Каб людзі не павысякалі лясы і не пачалі выпасаць быдла і выкашваць для яго лугі, белы бусел быў бы таксама рэдкім відам, як цяпер ёсць бусел чорны, які трымаецца лясоў і стараецца пазбягаць адкрытых месцаў.” – сказаў Марцін Таболка.

Паводле www.fakty.interia.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 

Здымак Мікалая Гулінскага

 

На гэтую тэму:

САМЫ СТАРЫ НЯМЕЦКІ БЕЛЫ БУСЕЛ НАВЕДАЎ ЧЭХІЮ

В ЛИВАНЕ БУДЕТ ГИБНУТЬ МЕНЬШЕ АИСТОВ!

ТРАГІЧНАЕ ЛЕТА ДЛЯ ПОЛЬСКІХ БЕЛЫХ БУСЛОЎ

БЕЛЫ БУСЕЛ І ЛЭП, ЦІ ЁСЦЬ РАШЭННЕ?

ВУГОРСКІ БУСЕЛ АТРЫМАЎ ГУМОВУЮ ДЗЮБУ   

 

Comments