Хаця прыкладна палова газонаў на схілах да Нёмана ўжо скошаная, другая палова за старым мастом яшчэ буяе ад розных кветак - і дзьмухаўцоў у тым ліку, толькі зараз амаль усе яны ўжо белыя ад гатовага ляцець і рассяляцца насення. Туды працягваюць - як і раней - прылятаць парамі і па двое канаплянкі (Carduelis cannabina), якія ўвесь час харчуюцца, у асноўным, насеннем дзьмухаўцоў:
Час ад часу яны адлятаюць на розныя прысады побач - гл. апошнія здымкі, і не так важна што гэта - дах нейкага будынка, рапс, дрэва ці агароджа набярэжнай. Галоўнае, каб месца было вышэй асноўнай расліннасці, у якой птушкі харчуюцца і каб з яго можна было бяспечна назіраць за наваколлем. Ну і паспяваць - амаль увесь час з розных бакоў чутны спевы канаплянак - часам просценькія, як пазыўкі шчыгелаў, а часам складаныя і прыемныя для вуха: слухаў бы і слухаў
Гродна, 25.04 - 20.05.2020
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ