Павольна пачынаўся вечар і я вяртаўся па набярэжнай Нёмана дахаты. І раптам збоку ўбачыў самца сокала-пустальгі (Falco tinnunculus), які завісаў на адным месцы над крутым схілам пад новым замкам. Як па яго замове, высокая расліннасць там была нядаўна скошана і гэта яўна дапамгло сокалу прыкладна праз 5 хвілін палявання без праблем, пасля першай атакі, злавіць невялікага мышападобнага грызуна.
Птушка са здабычай паляцела да адбудаванага старога замка (фактычна, муляжа) і там села есці здабычу на адным з надваконняў. Як часта бывае ў многіх драпежных птушак невялікіх памераў, самец разарваў грызуна і з'еў кавалак за кавалкам, толькі выкінуў доўгі кішэчнік, які застаўся высыхаць над вакном і добра бачны на адной с фотак як тонкая цёмная стужачка.
Сокал вярнуўся на той жа схіл, але ў гэты раз завісаў нядоўга, нічога не злавіў і паляцеў уверх па плыні ракі паралельна ёй.
Хаця дзесяткі пар пустальгі гняздуюць у Гродна ў розных будынках і на заводах і бліжэй, і далей ад цэнтру горада, аднак звычайна паляваць яны ляцяць на навакольныя сельгаспалеткі. Паляванне ў цэнтры гораду над газонамі ці над падобным схіламі справа ў нас яшчэ вельмі рэдкая і хутчэй характэрная для сакалоў з гарадоў больш заходніх краін: Германіі, Чэхіі і Польшчы, дзе я падобныя паводзіны назіраў не аднойчы.
Гродна, 29-06-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ