Так атрымалася, што прыкладна з пачатку лета час ад часу ў цэнтры гораду на беразе Нёмана ці недалёка ад яго я назіраю за парай шэрых курапатак (Perdix perdix). Іх асноўная тэрыторыя - гэта невялікі разнатраўны луг памерам прыкладна 1 гектар за былым піўзаводам. Першы раз яго скасілі як раз у пачатку лета, але па палове і курапаткам заставалася месца і дзе схавацца, і дзе лягчэй, на скошаным, збіраць-шукаць ежу. І хаця яны часам рабілі пешыя вылазкі і за некалькі сотняў метраў ад свайго лужка ажно да старога маста, усё ж раз за разам вярталіся на яго.
У пачатку верасня лужок курапатак скасілі ў другі раз, пад нуль і цалкам і я амаль месяц іх не сустракаў ні там, ні недзе побач і думаў, што яны былі вымушаныя перабрацца некуды ў іншае месца. Ажно пазаўчора зранку пара зусім недалёка ад лужка, на схіле і беразе Нёмана пераляцела на некалькі метраў ад мяне і ў траве з расой стала харчавацца. Калі ў іх бок накіраваўся па ходніку, які ідзе ўздож ракі, першы мінак, я ўжо з сумам думаў, што доўга фота-сесія з птушкамі не працягнецца. Але адбыўся цуд: курапаткі 'уціснуліся' ў рэшткі скошанай расліннасці зусім побач з тратуарам так, што чалавек іх не заўважыў калі ён прайшоў, працягнулі харчавацца!
Нешта падобнае адбылося і сёння: курапаткі адляцелі зусім побач і калі трошкі адбеглі, спачатку вытрымалі добрую паузу, і толькі потым пачалі есці зусім недалёка ад мяне:
Я ўжо ведаў, куды накіроўваецца пара - на свой лужок, на якім за гэты час трошкі адрасла трава. Так і атрымалася: птушкі асцярожна перайшлі ходнік і паціхоньку перасоўваючыся ў расліннасці, пачалі харчавацца на лужку. А я не перашкаджаў ім і здымаў здалёк як час ад часу яны высоўваюцца з травы і ўважліва прыглядаюца наваколлю.
Да новых сустрэч, старыя знаёмыя!
03 і 05.10.2021,бераг Нёмана ў Гродна.
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ