Працяг гісторый пра рыбалку вялікіх савукоў (Mergus merganser) на Нёмане. Першая гісторыя ТУТ
На наступны дзень і таксама зранку я ізноў назіраў за вялікімі савукамі, якія актыўна рыбачылі. У гэты раз побач трымаліся самец і дзве самкі. Птушкі амаль пастаянна ныралі, але калі вынырвалі на паверхню, вада сцякала вялікімі і прыгожымі кроплямі з выцягнутых і загнутых на канцы кручком дзюбаў, а выніку ўсё не было. Не было, канешне, для птушак, таму што я быў задаволены і тым, што час ад часу раняшняе сонца падсвечвала дробныя кроплі ў 'грыве' самак і яны свяціліся ў адказ як ўпрыгожванні з брыльянтаў.
І вось адной з самак пашанцавала і яна нарэшце трымае нешта ў дзюбе! Прычым гэтае нешта - пячкур (Gobio gobio), які як змяя абвівае дзюбу самкі і стараецца выкруціцца з яе і вярнуцца ў ваду. Але дарэмна! З такой зазубранай па краях дзюбы не вырвешся:
Такім чынам добры пачатак дня атрымаўся і для мяне, але самае цікавае яшчэ чакала наперадзе, хаця і не ў той дзень.
Нёман у межах Гродна, 24-01-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 03.02.2022 - 10:14
Удалая рыбалка. Калі лёд не…
Удалая рыбалка. Калі лёд не пакрые раку, ежу яны заўсёды здабудуць, бо выдатныя рыбаловы.
Harrier - 03.02.2022 - 15:58
In reply to Удалая рыбалка. Калі лёд не… by pva
Так і ёсць - яўна не…
Так і ёсць - яўна не галадаюць у нас)
А Нёман ніжэй ГЭС, якую запусцілі ўвосень 2012 г, ужо не замярзае, хаця і раней такое было вельмі рэдка - добра калі раз на некалькі зімаў.