Дакументацыйныя здымкі і відэа
Тое, што сёлета будзе выдатны ўраджай яблык, пэўна сумневаў ні ў кога няма. Але таго, што птушкі ўжо будуць актыўна есці тыя яблыкі, прычым віды, якія наўрацці робяць гэта часта, я не чакаў. Магчыма, што ва ўсім вінавата гіперфагія, якая азначае падрыхтоўку пералётных птушак да працяглай міграцыі і назапашванне дзякуючы параўнальна вялікай колькасці ежы неабходных запасаў тлушчоў. Часам для гэтага трэба пераключыцца з больш звыклай на найбольш даступную ежу. І чаго здзіўляцца, што гэта могуць быць яблыкі ў яблычны год?
Гэтая гісторыя здарылася на старай яблыні, сярод лісця і шматлікіх пладоў якой я заўважыў нейкі рух і ўбачыў там леску-завірушку (Sylvia curucca). Гэта від, які 'не любіць' здымацца, харчуецца насякомымі ды іншымі дробнымі безхрыбетнымі, і калі птушка ў чарговы раз паказалася за адным з яблыкаў, я падумаў, што яна з'ядае нейкае насякомае менавіта на ім. Але ўсё аказалася цікавей і незвычайней - леска дзяўбла сам яблык і гэта часам добра бачна, калі яблык паварочваецца:
З-за таго, што даволі вялікая частка яблыка ўжо была з'едзена, наўрацці для лескі гэта быў яе 'першы раз'. Аднак ці гэта яе персанальнае ўпадабанне, ці гэта больш шырока распаўсюджаная для віда з'ява, я не ведаю, але бачыў я такія паводзіны менавіта лескі-завірушкі ўпершыню.
Гродна, 11-08-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Apus - 20.08.2022 - 20:01
Гурманка! Такое рэдка…
Гурманка! Такое рэдка пабачыш.
Harrier - 20.08.2022 - 20:22
Дзякуй! Так, яшчэ не бачыў…
Дзякуй! Так, яшчэ не бачыў каб яны хаця б ягады елі, а тут - яблык.