Сёлета ізноў атрымаўся выдатны ўраджай чорнай бузіны. І я чакаў канца лета, калі ягады паспеюць, каб чарговы сезон здымаць на іх птушак. Аднак нешта пайшло не так. І хаця я ўжо ў сярэдзіне жніўня адзначыў першую рудахвостку-чарнушку і шэрую леску, якія ласаваліся чорнымі бліскучымі ягадамі, але гэта былі выпадковыя назіранні. Ягад яўна было не менш, чым у мінулыя гады, а вось птушак на іх не было.
Я ўжо пачаў сумнявацца, што ўбачу масавае птушынае паломніцтва на бузіне, ажно ў першыя дні верасня ўсё змянілася. пачаліся халодныя ночы і ранкі і сонечныя, але ўжо не такія цёплыя дні. І птушкі пачалі адна за адной, а часам і па двое-трое запар, прылятаць і адрываць ягады!
Асноўныя аматары бузіны, як і ў мінулыя гады, гэта рудахвосткі-чарнушкі (Phoenicurus ochruros). Звычайна яны прылятаюць і сядаюць непасрэдна на гронкі аднекуль збоку. Адна, дзве адарваныя ягады праглынутыя і птушка або ляціць 'закусіць' іх 1-2 дробнымі насякомымі на ходніку пад кустамі, або адлятае ў той бок, адкуль прыляцела.
Адарваць ягаду не так проста, як здаецца і не кожная 'паддаецца-здаецца' адразу. Таму, калі на плітцы ходніка замест мураша ці жучка рудахвостка знаходзіць ягаду бузіны, якую нехта ўпусціў, то такую халяву не варта прапускаць і ягада адпраўляецца ў рот)
Вельмі магчыма, што з пахаладаннем актыўнасць і колькасць даступных рудахвосткам насякомых зменшылася, а неабходнасць гіперфагіі (для назапашвання энергіі для міграцыі) павялічылася, таму ўсе яны раптам 'успомнілі' пра бузіну і пачалі яе спажываць. І хаця ягад бузіны там, дзе яны іх ядуць, яўна дзесяткі кілаграмаў, хутчэй за ўсё да адлёту птушкі паспеюць з'есці іх усе. Ці амаль усе. Як і ў мінулыя гады.
Гродна, 01 і 02.09.2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ