Хаця сацыялізацыя дае вялікія перавагі тым птушкам, якія ў ёй удзельнічаюць, асабліва маладым, яна ж мае і адмоўныя бакі. Справа ў тым, што больш дасведчаныя і іерархічна вышэйшыя асобіны могуць і забіраюць ежу і менш дасведчаных і, часам, нават у прадстаўнікоў іншага віду. І некаторыя маладыя птушкі не паспяваюць навучыцца важным уменням, у нашым выпадку - як адкрываць грэцкія арэхі, таму што іншыя асобіны не падпускаюць іх на такую адлегласць, каб у першых атрымалася падгледзець і навучыцца.
Гэтая маладая шэрая варона (Corvus (corone) cornix) напала і хутка адабрала грэцкі арэх у грака, які знайшоў яго і прысеў з ім на афальт недалёка ад яе. А вось далей адбылося зусім нечаканае для мяне: варона варочала арэх і несільнымі ўдарамі дзюбы спрабавала яго разбіць. Але нічога ў яе не атрымалася і праз хвіліну яна страціла да яго цікавасць і адыйшла ў бок. Абрабаваны ёй грак яўна чакаў на нешта падобнае, хутка схапіў нядаўна страчанае і адляцеў з арэхам.
Праз некалькі хвілін гэтая ж маладая варона сама знайшла арэх у лісці і перанесла на асфальт каб разбіць яго. У гэты раз я ўжо быў гатовы да падзеі і вось што атрымалася, ці хутчэй не атрымалася ў яе:
Ізноў грак чакаў і апынуўся побач у той момант, як варона страціла да арэха цікавасць.
Гродна, 07-10-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ