Калі для адных маладосць - гэта хутчэй недасведчанасць і няўмецтва нават у жыццёва важных справах, для іншых гэта незакамплексаванасць і магчымасць знайсці свой уласны 'шлях да ежы'. Зразумела, выкарыстоўваючы досвед іншых птушак - гэтым і выключна важная сацыялізацыя і знаходжанне ў групе. Яна дае магчымасць капіравання паспяховых паводзін і іх хуткага распаўсюджання. Спачатку ў гэтай канкрэтнай групе, а потым, магчыма, і далей.
Хутчэй за ўсё нешта падобнае на арыгінальныя новыя паводзіны я назіраў у скверыку на супрацьлеглым ад нас беразе Нёмана ў цэнтры гораду. Скверык параўнальна невялікі, высокіх дрэваў там няшмат. Але шмат пліткі і ёсць вельмі дзіўны, вялікі па плошчы басейн. Акрамя велічыні і дзіўнай формы, ён вылучаецца сярод падобных аб'ектаў тым, што ніколі не запоўнены, а вада, якая пастаянна працякае праз яго, бярэцца з невялікай ручаіны. Ручаіна гэтая разліваецца ў басейне на некалькі метраў, утварае неглыбокую, пастаянную і праточную 'калужыну' і забяспечвае шматлікім птушкам бяспечнае месца памыўкі і піцця.
І вось у гэтым месцы я заўважыў маладую шэрую варону (Corvus (corone) cornix), якая села на ўскрайку разліва вады ў басейне з ужо ўскрытым грэцкім арэхам. Арэх хутка апынуўся ў неглыбокай вадзе і я здзівіўся: навошта варона яго 'размачвае'? Гэта ж не засохлая скарынка хлеба?
Разгадку прыйшлося чакаць нядоўга і яна мне вельмі спадабалася - думаю, што не менш, чым намочаныя ў вадзе кавалкі грэцкага арэха вароне) Сапраўды, у яе атрымалася і з'есці вылушчаны ўдарамі дзюбы кавалачак арэха, і запіць яго за адзін раз - класічны 'два ў адным'.
Канешне, я не ведаю ці маладая варона сама да гэтага дадумалася, ці падгледзела ў іншай птушкі. Тым не менш, атрымалася файная інавацыя, яўна ўнікальная для гэтага месца, дзе ёсць доступ да арэхаў і пастаянны да неглыбокай вады.
Гродна, 11-10-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ