Працяг, пачатак гісторыі ТУТ
Пад пяць дубоў у скверыку прылятала адначасова не больш трох соек (Garrulus glandarius), часам мне здавалася, што двое з іх могуць быць парай, а можа і ўсе яны - адна сямхя (пара і іх патомак). Яны ніколі не нападалі адна на адну і не стараліся адабраць ужо знойдзены жолуд. А ў адзін з сонечных дзён двойка (ці пара?) пераляцела дарогу і доўга, па чарзе, яны купаліся ў неглыбокай калужыне ў аснавання тоўстага дрэва, а потым абсыхалі і чысцілі пер'е у адным з кустоў побач з ім.
Ніякай рэгулярнасці ў прылётах соек за жалудамі не назіралася: часам яны вярталіся (?) ужо праз 5 хвілін, а часам прыходзілася чакаць заця б адну птушку і больш за паўгадзіны. Чамусьці мне ўяўлялася, што ў самыя працяглыя па часе выпадкі іх адсутнасці, сойкі хаваюць набраныя пад дубамі жалуды недзе далей, чым робяць гэта звычайна. Але насамрэч, канешне, сойкі маглі займацца і іншымі справамі паміж зборам запасаў на зіму.
Самым рэдкім для мяне назіраннем стала спажыванне жолуда адной з птушак: сойка моцнымі ўдарамі дзюбы разбіла яго абалонку, прыціснуўшы пальцамі да тоўстай галіны, і потым справа пайшла ўжо лягчэй, бо адламаныя кавалкі больш мяккага за абалонку жалуда даволі хутка знікалі ў дзюбе сойкі. Нічым дзіўным для мяне гэта не стала, але ўзмацнілася ўпэўненасць, што ў адрозненне, напрыклад, ад вялікіх галубоў, сабраныя сойкамі жалуды не трапляюць у страўнік, а такім вось чынам, унутры птушкі, проста пераносяцца імі да месца схованкі. Хутка я ўбачыў і як сойкі прыхоўваюць свае запасы, але пра гэта будзе пазней.
10-2022, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Apus - 25.10.2022 - 19:48
Кантроль якасці адбыўся -…
Кантроль якасці адбыўся - трэба ведаць, што хаваеш)
Harrier - 25.10.2022 - 20:26
Ну так) Цікава, што яшчэ…
Ну так)
Цікава, што яшчэ важна аддзяліць шляпку ад жалуда калі яна сама не адвалілася - навошта цягаць у схованку лішняе)