Дакументацыйныя здымкі
Чым бліжэй лістапад, тым часцей я бачу гракоў (Corvus frugilegus), якія ядуць жалуды або збіраюць іх, каб прыхаваць 'на потым'. Канешне, гэта звязана не з ападаннем лісця, а хутчэй за ўсё з тым, што 'сезон грэцкіх арэхаў' паволі заканчваецца. Гэта зусім не значыць, што грэцкія арэхі становіцца немагчыма знайсці каб з'есці, бо схаваныя .птушкі будуць знаходзіць - і з'ядаць - нават у пачатку вясны. Але павялічваецца час на пошукі арэхаў, бо тыя, што абрываліся птушкамі з дрэваў ці збіраліся пад імі ўжо скончыліся. І цяпер ідзе перападзел прыхаваных і перахаваных і зразумела, што агулам запасаў становіцца ўсё менш.
Таму ўсё большае пераключэнне на не такую смачную (?), але нашмат больш даступную ежу выглядае лагічным. І хаця калі ў большасці выпадкаў калі я і бвчу грака, які шукае жалуды пад дубамі, гэта самотная птушка, то часам іх можа быць і да 5 асобін. Разбіць дзюбай абалонку жалуда не так проста, гэта не грэцкі арэх, які часам раскалваецца сам пасля таго, як яго скінуць на асфальт ці плітку. Можа таму гракі і пераключаюцца на спажыванне жалудоў так неахвотна? Прычым амаль штодзень (можа і той самы?) грак прылятае туды, каб пакласці адзін жолуд у пад'язычны мяшок, а другі бярэ ў дзюбу і ляціць некуды хаваць іх 'на зіму'. Таму не толькі сойкі распаўсюджваюць дубы дзякуючы сваім запасам, але як мінімум трошкі ім дапамагаюць у гэтым і гракі. Прынамсі ў нашых паселішчах ці каля іх.
Гродна, 26 і 27-10-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ