Дакументацыйныя здымкі
Не адразу пасля таго, як з'елі апошнюю чарэшню, але так ці іначай шпакі (Sturnus vulgaris) потым 'пераключыліся' на вішні. Зняць іх за гэтым заняткам не атрымалася, але калі я йшоў па свайму штодзённаму маршруту паралельна Нёману па яго высокаму берагу, пачуў шумныя 'разборкі' гэтых птушак на адным з дрэваў і прыпыніўся паглядзець на іх прычыну.
Дрэва не было надта высокім (метраў 10-12) і тоўстым, але з некалькіх метраў на ім былі бачныя чырвоныя ягады, за якія, як я здагадаўся, і разгараліся час ад часу спрэчкі шпакоў. Ні форма кроны, ні лісце не былі вішнёвымі, аднак чырвоныя ягады на дрэве яўна карысталіся поспехам у шпакоў і я здзіўлена пачаў думаць: "Што жа гэта ядуць шпакі?" і выбіраць адпаведны ракурс каб зняць птушак і ягады.
Першае з цяжкасцю, але атрымалася зрабіць, таму што шпакі даволі хутка перляталі паміж галінамі, часта прыкрытыя лісцем. А вось з ягадамі аказалася цяжэй - яны аказаліся ...трох колераў: чырвонага, светла-жоўтага і чорнага. Прычым ягад апошніх двух колераў было значна менш, чым чырвоных. І я ўсё яшчэ не мог вызначыць што ж гэта за дрэва. Але калі падыйшоў пад яго і бліжэй ўбачыў нераздаўленыя нагамі людзей чорныя ягады, якія валяліся на асфальце пад ім, здагадаўся, што гэта чорная шаўкоўніца (Morus nigra), хаця раней ніколі яе не бачыў...
Гродна, 30-06-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ