Працяг, пачатак ТУТ
Парк Tsarasaotra ў сталіцы Мадагаскару, Антананарыву, стаў для нас цікавым досведам у самым пачатку вандроўкі па востраву. І хаця быў запланаваны на пошні дзень, з-за пераносу авіярэйсу на поўдзень, мы наведалі яго зранку ў другі. І не пашкадавалі!
Я б назваў гэтае месца хутчэй лесапаркам, бо большасць дрэваў там здаецца, выраслі самастойна - не былі пасажаныя чалавекам. Ды возера з востравам пасярэдзіне таксама цалкам прыроднага паходжання. Вакол вострава і уздоўж берагоў у вадзе ляжала шмат вялікіх і сярэдняга памеру мёртвых дрэваў. І на іх адпачывалі розныя віды птушак, як вадаплаўныя, так і каляводныя.
Іншых наведвальнікаў парку, акрамя нас семярых, больш не было. А з людзей яшчэ нешматлікая ахова ля ўваходу і тройка (як аказалася, нелегальных) рыбаловаў на іншым вадаёме. Магчыма таму птушкі зусім не баяліся і сярод шасці відаў чапляў, адразу кідаліся ў вочы чаплі-кваквы (Nycticorax nycticorax), якія сядзелі невысока над вадой на мёртвых дрэвах або разам з іншымі відамі - звычайна гэта была сціпла афарбаваная ў карычневы колер з адценнямі і рыскамі моладзь, або асобна - дарослыя. Хаця, калі прыгледзецца дарослым птушкам, афарбаваныя яны даволі кантрастна, ды яшчэ з патыліцы звісае доўгі белы 'чуб', але на фоне вады і расліннасці менавіта маладыя птушкі вылучаліся нашмат больш.
Пачынаўся чарговы сонечны і спякотны дзень, і некаторыя з чапляў ужо ахалоджвалі сябе з дапамогай частага дыхання праз адкрытую дзюбу:
Птушкі гэтыя - найбольш распаўсюджаны від чапляў у Свеце і жывуць на ўсіх кантынентах, акрамя Аўстраліі і яшчэ на многіх астравах. Магчыма з-за таго, што яны актыўныя пераважна ў прыцемках і ўначы, спробаў палявання (ці рыбалкі) мы не назіралі, але адна з дарослых птушак, якая сядзела на беразе вострава побач з качкамі, піла там воду, і, здаецца, спрабавала нешта невялікае выхапіць з вады:
Здзіўляе такі выразны ўзроставы дымарфізм у афарбоўцы паміж маладымі і дарослымі птушкамі, які не магу ўспомніць у іншых чапляў. Магчыма ён патрэбны менавіта для 'начнога' віду каб выразна бачыць, што ў цемры корміш дакладна (сваё) патомства, а не чужую дарослую птушку?
Tsarasaotra parc, Antananarivu, Madagascar, 14-11-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг будзе, пачатак ТУТ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ