Амаль у самым пачатку чэрвеня атрымалася не толькі ўбачыць, але і паслухаць, і паздымаць самца звычайнай рудахвосткі (Ph. phoenicurus), які спяваў з вяршаліны высокага грэцкага арэха. І хаця дрэва і праўда было высокім, яно вырасла на схіле надпойменнай тэрасы Нёмана. І недалёка, на краю самой тэрасы, раслі нашмат вышэйшыя дрэвы, а на доме побач з арэхам была тэлевізійная антэна, якая таксама была вышэй за арэх. Таму адназначна аднесці самца ў першую ці другую групу (падрабязней пра іх ТУТ) я не змог. Да таго ж з лесвіцы, якая вяла ўніз, можна было знайсці прыступку і быць на адным узроўні з птушкай, якая амаль без перапынкаў спявала.
Праз 5 дзён я зноў праходзіў тым самым шляхам да ракі і калі скончыўся кароткі летні дожджык, на тым самым месцы на тым самым дрэве зноў пачаў спяваць той самы самец рудахвосткі! Тое, што месца не змянілася і не змянялася доўгі час, паказвалі шматлікія плямы памёту на лісці арэха. Я ізноў знайшоў адпаведную прыступку на лесвіцы і паздымаў самца:
07 і 11-06-2025, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ