Дакументацыйныя здымкі
Прыкладна месяц таму я пачуў першых гілёў (Pyrrhula pyrrhula) у горадзе, але хаця і не засяроджваўся на тым, каб іх убачыць і тым больш паздымаць, аднак прыйшоў час і на гэта. Дзень выдаўся цемнаваты, аднак калі я быў на беразе ракі і да мяне некалькі разоў зверху даляцелі абрыўкі гілінай пазыўкі "...гіль, ...гіль...", я вырашыў праверыць сваё самае 'гілінае' месца над ракой. Звычайна птушкі там трымаюцца прыкладна з сярэдзіны восені да сярэдзіны вясны і гэта ўскраек парку з мноствам клёнаў і не толькі іх. І калі ўраджай крылатак на клёнах багаты, тыя самыя ці не, але гілі могуць там запраста харчавацца імі ўсю зіму. Засталося толькі падняцца туды і ўбачыць, што ўсё так і ёсць: і мноства крылатак на клёнах, і некалькі гілёў, якія часта клікалі адзін аднаго і таксама часта пераляталі і па аднаму, і парамі, і невялікімі групкамі паміж дрэвамі.
Тым не менш, гэта была толькі павярхоўная карціна і калі я стаў назіраць за гілямі, усё атрымалася нашмат цікавей і трошкі больш складана. Аказалася, што тут у птушак ёсць выбар ежы, чым яны актыўна і карысталіся. І некаторыя елі крылаткі клёнаў, а іншыя (ці тыя самыя, пасля крылатак) - пупышкі ліпы і іншых дрэваў. Але і гэта было іх няпоўнае меню...
Працяг будзе
Гродна, 11-11-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ