У самым цэнтры Горадні перад старым мастом утварыліся дзьве прамыіны, вольныя ад ільду.
Ўчора на першай, даўжэйшай, плавалі і харчаваліся, рэгулярна ныраючы каля 10 гагалей.
Сёньня я вырашыў паздымаць іх з берагу.
Пераходзячы на другі бок Нёмана праз мост я заўважыў, што ў першай прамыіне няма ніводнай птушкі, а ўсе яны перабраліся далей ад маста на амаль у два разы меншую.
Я стаў насупраць іх за стоўб, потым прысеў і пачаў здымаць.
www.youtube.com/watch?v=NLoAcAv6lkY
Адлегласьць была, напэўна, дастатковая для таго, каб яны пачуваліся бяспечна і ніводная з 8 птушак пад час майго поўгадзіннага падгляду не адляцела.
Цікава было назіраць, як час ад часу птушкі вынырвалі з невялікімі, амаль акруглымі ракавінамі-малюскамі, нецярпліва паласкалі іх і .. праглыналі.
Можа хто ведае, што гэта можа быць за малюск(і)?
Я здымаў і здымаў, не задумваючыся - а чаму ж гогалі не такуюць?
І толькі калі прыйшоў дахаты і перакідваў здымкі на кампутар, успомніў, што і сапраўды, ніводнага "зір-зір" з запракідваньнем галавы не было!
Але пад час прагляду здымкаў усё атрымала вытлумачэньне - сярод птушак не было ніводнай самкі - палова былі дарослыя самцы, а другая - маладыя ў рознай ступені лінькі ў дарослых самцоў. Таму і такаваць ім не было перад кім!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ