Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Вялікая белая чапля і 'надлёднае' паляванне

вялікая белая чапля

Дакументацыйныя здымкі

Калі на прыканцы лістапада пачаліся маразы, 'у горад'  пачалі залятаць і паляваць - ці рыбачыць? - па берагах Нёмана вялікія белыя чаплі (Egretta alba). Колькі іх усяго засталося на зіму, дакладна сказаць цяжка, але адначасова я бачыў двух птушак, таму можна лічыць, што мінімум дзве. А калі нарэшце ў снежні выпаў снег, то амаль штодзень чаплі мяне здзіўлялі - падпускалі даволі блізка, а калі нарэшце ўзляталі, я дакараў сябе за тое, што не бачыў іх на белым фоне да іх узлёту. 

Пераляталі чаплі з месца на месца даволі часта, ды яшчэ часам і праганялі адна адну з тых лакацый, якія ім здаваліся найлепшымі. Зразумела, што ў маразы доўга падсцерагаць рыбу ў вадзе не будзеш, - хаця вада не бывае халадней за 00С, напэўна доўга стаяць у ёй без руху непрыемна. Ды і хаця нешырокі лёд, які стужкай 'адсунуў' адкрытую ваду ад берагоў, даў магчымасць чаплям  лавіць рыбу з яго, чамусці гэтая опцыя не карысталася ў птушак папулярнасцю.  А вось незвычайнае 'надлёднае' паляванне, сведкам якога я стаў з супрацьлеглага берага, без льда было б наўрацці магчымае.

Пачынаўся доўгі зімовы вечар і памалу, амаль неадчувальна, змяркалася, калі я заўважыў амаль насупраць сябе, але праз раку, як на лёд села вялікая белая чапля. Яна нядоўна хадзіла, павярнуўшыся дзюбай да вады і даволі хутка ўвагу птушкі прыцягнула нешта сярод прыбярэжнай надводнай расліннасці. Але не на вадзе, а ...на льду!  Прычым такіх месцаў, якія вельмі цікавілі чаплю, аказалася два, адно не вельмі далёка ад другога. Яна  старалася углядвацца ў іх, як мага ніжэй нахіляючыся туды  і застывала ў такім нязручным становішчы на некалькі секунд. Потым магла распраміцца, прайсціся па льду, але вярталася і зноў прасоўвывала галаву як мага ніжэй сярод заламаных сцяблінаў, а адночы вырашыла проста прысесці на лёд побач! 

Я думаю, што гэта хутчэй за ўсё мог быць нейкі водны грызун - або 'наша' вадзяная палёўка (Arvicola terrestris), або андатра (Ondatra zibethicus) (інтрадуцэнт з Паўночнай Амерыкі), якіх чапля не бачыла, але чула, як яны ядуць-грызуць нешта зусім побач. І чакала на момант, калі ўбачыць і зможа нанесці дзюбай вырашальны ўдар. Аднак час ішоў, і хаця (як аказалася пазней), прайшло толькі 10 хвілін ад пачатку палявання, пальцы мае не проста замёрзлі ў пальчатках, але і пачалі балець. І я вырашыў больш не чакаць на поспех чаплі. Таму так і не даведаўся на каго яна палявала і як усё скончылася.

Нёман у Гродна, 07-12-2023

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі