На вузкай аб'язной дарозе пад т.зв. старым мастом праз Нёман машына збіла шызага галуба. Вецер разнёс пер'е, якое выляцела ад сутыкнення і некалькі пёраў трапіла ніжэй, на схіл, на якім, з перабежкамі, харчаваліся звычайныя шпакі (Sturnus vulgaris).
Перабег на новае месца, утыркнуў дзюбу ў зямлю, раскрыў яе і праверыў ямку - ці няма там чарвяка ці іншай ежы і перабягай далей, правярай у новым месцы. Але тут першы з пары знайшоў нечаканае - пер'я галуба! Адразу схапіў гэта багацце і пакуль глядзеў побач - ці няма яшчэ, другі шпак, троху вышэй, знайшоў таксама.
Пра чарвякоў і лічынак насякомых прыйшлося забыць - такая высцілка ў гняздо не будзе ляжаць і чакаць пакуль пад'ясі. І абедзьве птушкі сарваліся і адляцелі з ёй.
Вось так няшчасце аднаго ператвараецца ў шчасце іншых - так у прыродзе часта бывае.
Гродна, 18-04-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 20.04.2022 - 10:48
Я б дадаў, хоць гэта не так…
Я б дадаў, хоць гэта не так прыемна, - кругазварот рэчываў у прыродзе. Кожны біялагічны вiд, у гэтым выпадку, атрымае сваю выгаду: шпакі выкарыстоўваюць пёры, пух, хтосьці з'есць голуба (вароны і інш.), частка - жукі-трупаеды, лічынкі мух, а рэшткі - гніласныя мікраарганізмы. Як кажа Бажэнаў: "Так уладкованы мір".
Harrier - 20.04.2022 - 12:25
Так і ёсць, і павінна быць.
Так і ёсць, і павінна быць.