УСХОДНЯЯ АФРЫКА ЧАСТКА 4. Возера Найваша

Працяг.

Папярэднія часткі тут:

УСХОДНЯЯ АФРЫКА. ШТО МОЖНА ПАБАЧЫЦЬ ЗА 10 ДЗЕН? ЧАСТКА 1. АБ ЧЫМ ПОЙДЗЕ ГАВОРКА І ПЕРШЫЯ КРОКІ ПА АФРЫКАНСКАЙ ЗЯМЛІ.

УСХОДНЯЯ АФРЫКА ЧАСТКА 2. МАСАІ МАРА, ПТУШКІ

Усходняя Афрыка частка 3. Масаі Мара, звяры

Існуе гіпотэза, згодна якой праз пару мільёнаў гадоў тэктанічныя пліты, павольнае разыходжанне якіх і ўтварыла Вялікі Афрыканскі Разлом, разыйдуцца настолькі,  што вада Чырвонага мора ліне ў даліну, а ўся Усходняя Афрыка стане вялізнай выспай альбо паўвостравам, які будзе злучацца з кантынентам дзесьці на ўзроўні сучаснага Мазамбіка. Адбудзецца гэта, альбо не, і увогуле ці зможа жыццё на Зямлі дацягнуць да тых часоў, пытанне, як кажуць, рытарычнае.

Пакуль жа водны рэсурс Вялікай Рыфтавай Даліны складаецца з мноства азёраў ад гіганцкіх –  Вікторыі, Танганьікі і Малаві да адносна невялікіх накшталт Найваша і Накуру, на якіх мне ўдалося пабываць.

 

Краявід

Возера Найваша значна адрозніваецца ад іншых азёр Рыфтавай даліны. Па-першае, яно прэснаводнае (усе іншыя азёры ў той альбо іншай меры саланаводныя – па хімічнаму складу іх вада падобная да марской, але, зразумела, адсоткавае ўтрыманне солі ў ёй значна меншае).  Па-другое, яно даволі “высакагорнае” –  знаходзіцца на вышіні амаль 2000 метраў над узроўнем мора. Магчыма, што менавіта гэта з’яўляецца прычынай вельмі неўстойлівага надвор’я ў яго наваколлі – за кароткі час поўны штыль можа змяніцца штормам, які ні ў чым не саступае марскому. Нездарма яго назва перакладаецца з масайскай мовы як “бурная вада”. Ну і, у-трэціх, але гэта ўжо, хутчэй, агульная рыса – Найваша сапраўдны рай для каляводных звяроў і птушак, для захавання якіх тут быў утвораны Нацыянальны парк.

 

Птушка

 

Птушка

Першы фотатрафей, які ўдалося здабыць на берагах Наваша, – жоўтадзюбы бусел Mycteria ibis. Увогуле, весланогія і галенастыя птушкі – самыя шматлікія з пярнатых жыхароў возера, чаго, дарэчы, нельга сказаць пра качак і гусей. Калі не лічыць ябіру, якога нам так і не ўдалося пабачыць, жоўтадзюбы – самы, на мой погляд, сімпатычны з мясцовых буслоў, ды і, бадай што, самы распаўсюджаны. А вось з тэмпераментам у яго не вельмі – усе буслы, якіх мы сустракалі, нерухома стаялі ў амаль аднолькавых позах, нібы тыя гвардзейцы каля Букінгэмскага палацу.

 

Птушка

І толькі аднаго бусла ўдалося ўбачыць у палёце – пэўна, знаходзіўся ў звальненні і спяшаўся некуды па асабістых справах.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

“Трэба ж было перціся ў такую далечыню, каб паздымаць вялікага баклана!” – была мая першая думка, калі мы на невялікай лодцы з мясцовым цёмнаскурым шкіперам зайшлі па вадзе ў змешаную калонію бакланаў і чапляў.  Літаральна праз пару хвілін я зразумеў, што адназначна трэба! Птушкі абсалютна не баяліся людзей – яны сядзелі на гнёздах, палявалі, кармілі дзяцей, сушылі крылы і падпускалі да сябе на непрыстойна блізкую адлегласць – бакланы і чаплі з вусця Лані проста б страцілі прытомнаць ад жаху, калі б убачылі такое. І ўжо дакладна атрымалі б інфаркт альбо інсульт, калі б даведаліся, што птушак тут НЕ СТРАЛЯЮЦЬ!

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Ад калоніі каляводных птушак на возеры я, прызнацца, чакаў крыху іншага набору відаў. Па меншай меры, чорнагаловую чаплю  Ardea melanocephala, якая тут мусіць сустракацца масава, напаткаць спадзяваўся. Цеплілася невялікая надзея і на галіафа Ardea goliath, які нідзе шматлікім не з’яўляецца, але ўсё ж… Надзеі, на жаль, не спраўдзіліся, сёння быў сапраўдны дзень землякоў, якія трапляліся мне адзін за другім. Але, памятуючы ўрок, які паднеслі мне “непажаданыя” у нашых краях бакланы, я ўжо не ставіўся так легкадумна да сустрэчы з шэрай чапляй Ardea cinerea. А яна, у сваю чаргу, ведаючы, што “тут” гэта не “там”, дазволіла наблізіцца да сябе на адлегласць трапнага “фотастрэлу”, і ў якасці бонуса я атрымаў серыю здымкаў, якіх дома за шмат гадоў так і не змог зняць, негледзячы на тое, што кожны год бываю ў самым што ні на ёсць чапяліным Эльдарада.

 

Птушка

Пасля да болю знаёмых бакланаў і шэрых чапляў надышла чарга відаў таксама нашых, еўрапейскіх, але для беларускіх натуралістаў “wanted” і вельмі “wanted”, а для пачынаючых аматараў і ўвогуле экзатычных чапляў – кваквы Nycticorax nycticorax  і малой белай Egretta  garzetta. Добра памятаючы, што птушак тут не страляюць, яны прытрымліваліся такога ж сцэнарыю паводзін, што і папярэднія віды – падплывай, фатаграфуй, адчальвай.

 

Птушка

Праўда, чапля-кваква сядзела крыху высакавата і, мяркуючы па яе задуменнаму выгляду, мяняць месца дыслакацыі ў бліжэйшы час не збіралася. Але гэта так атрымалася, ёй проста падабалася сядзець менавіта там.  З роўным поспехам яна магла выбраць для адпачынку галіну на некалькі метраў ніжэй і, я ўпэўнены, што наша з’яўленне яе б таксама ніколькі не збянтэжыла.

 

Птушка

 

Птушка

Гэта, зразумела, колпіца, ды не абы якая, а афрыканская! Дарэчы, калі параўноўваць дзюбы еўрапейскай і афрыканскіх колпіц, ды яшчэ дарослых і маладых птушак, ды яшчэ ўлічваць гнездавы перыяд і міжсезонне, як гэта прапануюць рабіць сур’ёзныя прафесійныя вызначальнікі, то можна літаральна з’ехаць з глузду. А гэта, між іншым, відаспецыфічная прыкмета! Але ёсць і яшчэ адна, зразумелая нават першакласніку са школы юнага біёлага – гэта чырвоныя ногі і пазбаўленая пер’я маска на “твары”, таксама чырвоная. Так што, калі ў чарговы раз заўважыце на Палессі колпіцу, а ў яе будуць выяўлены такія прыкметы, то ведайце – яна не прастая, яна афрыканская!

 

Птушка

 

Птушка

Не бяруся апісваць паводзіны нашых колпіц – бачыў я іх толькі раз, ды і тое за межамі Беларусі, а ў дадатак яшчэ і ў палёце, а вось колпіцы афрыканскія зрабілі на мяне ўражанне чэмпіёнаў па хуткаснаму харчаванню. Усе птушкі, якіх мне давялося бачыць, рабілі адно і тое ж: апусціўшы свае дзюбы-лыжкі ў ваду, насіліся з такой хуткасцю, што пры вытрымцы 1/1000 секунды частка кадраў аказалася змазанай. Ну, быццам ім нехта сказаў: “Так, хлопцы, вунь лужына, там шмат чаго смачнага, што знойдзеце, усё ваша. У вас ёсць пяць хвілін, час пайшоў!”

 

Птушка

 

Птушка

Адзіны прадстаўнік качыных, якога атрымалася ўбачыць на возеры, – жоўтадзюбая качка  Anas undulata, блізкая радня нашай крыжанкі. Так што, качка як качка, нічога асаблівага, але ж прыгожая!  Між іншым, сваіх, экзатычных для нас відаў пласцінчатадзюбых ва Ўсходняй Афрыцы не так ужо і багата, прыкладна столькі, колькі туды прылятае нашых на зімоўку. А яны там збіраюцца амаль усе – і рачныя і нырцы. Ведаюць, дзе лепей праводзіць адпачынак!

 

Птушка

Чамусьці ўспомніўся адзін з нашых інстытуцкіх лабарантаў, які падчас заалагічнай экспедыцыі на Палессі прыбег у лагер вельмі ўсхваляваны і пачаў распавядаць, як ён сустрэў птушку, акая выглядае як лыска, але “зусім не лыска”. Усіх гэта навіна вельмі зацікавіла і, прыхапіўшы з сабой хлопца ў якасці правадніка, арнітолагі адправіліся апісваць новы від. На жаль, адкрыццё не адбылося – у назве таямнічай птушкі “зусім не лыска” першыя два словы аказаліся ўсё ж лішнімі.

 

Птушка

А вось для гэтай птушкі палявое апісанне “выглядае як лыска, але зусім не лыска” як нельга больш трапнае. Ну, калі быць дакладным, то ўсё ж лыска, але не звычайная, а чубатая Fulica cristata. Адрозніваецца яна ад звычайнай лыскі толькі чырвоным наростам, які ў якасці дадатковага ўпрыгожвання красуецца на галаве над белай бляшкай, якая выконвае ролю ўпрыгожвання асноўнага. У гнездавы перыяд ён вялікі і чырвоны, у астатні час маленькі і ледзь прыкметны, хаця ўсё роўна чырвоны. Так што, пры жаданні разабрацца можна. Вось толькі назвы, што лацінская, што  беларуская, мяне крыху бянтэжаць – ну пры чым тут чуб?!  У ангельскай жа мове сустракаецца аж два варянты: Crested coot альбо Red-knobbed coot – вось тут, як кажуць, не ў брыво, а ў вока!

 

Птушка

Сустрэча з гіганцкім зімародкам Megaceryle maxima была бонусам, на які я нават і не спадзяваўся, а што ўжо казаць пра магчымасць зрабіць здымак аднаго з буйнейшых (памерамі ну толькі крышачку драбнейшага за нашу варону) зімародкаў свету! Пару гадоў назад у В’етнаме я меў невялікі досвед “зносін”, калі гэта можна так назвать, з таксама зусім не маленькім бусладзюбым зімародкам. Сустрэчы было дзве і абодва разы птушка падпускала на адлегласць, з якой толькі больш-менш камфортна можна было назіраць яе ў бінокль, дакладна, нашы арланы-белахвосты паводзяць сябе больш бесклапотна! Таму, калі наш шкіпер накіраваў лодку да сухога дрэва, на якім нешта сядзела, я нават не схапіўся за камеру, проста глядзеў і чакаў, калі зімародак, а што гэта менавіта ён, я здагадаўся адразу, сарвецца са сваёй прысады і маланкава знікне паміж дрэў. Але гэтага не здарылася. Да птушкі ўсё бліжэй і бліжэй, вось ўжо можна разгледзець дэталі афарбоўкі і нават асобныя пярыны, якія тапырацца ад даволі моцнага ветру, вось ужо я раблю першыя кадры… Урэшце мы апынуліся пад самым дрэвам, на якім сядзеў зімародак, і нават прышвартаваліся да яго, птушцы не было да нас ніякай справы. Яна проста нерухома, быццам нежывая, сядзела на сухім суку і за ўвесь час назірання толькі адзін раз павярнула галаву, ды так і засталася сядзець, калі мы адчалілі.  Так што, серыя здымкаў, якую я ў захапленні зрабіў, вельмі нагадвала адрэзак кінастужкі з безліччу аднолькавых кадраў. А тут яшчэ амаль кантравое святло з небам на заднім плане ў дадатак. Хаця, што грашыць, дзякуючы графічнай апрацоўцы, здымкі ўсё ж аказаліся неблагімі, а калі ўспомніць азіяцкіх зімародкаў, дык і ўвогуле добрымі!

 

Птушка

З гэтым зімародкам быў звязаны і вясёлы розыгрыш, які ўдалося правесці з адной удзельніцай нашай экспедыці. Жанчына яна была даволі далёкая ад біялогіі, але ўсім, што нам удавалася сустрэць, вельмі цікавілася, вось і ўзнікла пытанне пра непамерна вялікую дзюбу птушкі. –“Ну, тут усё вельмі проста, элементарная фізіка – калі зімародак пікіруе ў ваду за рыбай, яна пераважвае яго галавой уніз і значна павялічвае абцякальнасць корпуса, хуткасць атакі і моц удара”…  –“Зразумела, а ці не цяжка яму пры гэтым лётаць прамалінейна?”  –“О, выдатнае пытанне! Не толькі цяжка, але і небяспечна – запраста можна перакуліцца на вялікай хуткасці. Але эвалюцыя і тут знайшла выйсце – каб выраўнаць цэнтр цяжару, зімародак пры вялікіх пералётах бярэ ў лапкі каменьчык, альбо нейкую іншую процівагу, пры гэтым становіцца крыху цяжэйшым, але баланс мае адменны. Таму і такі нешматлікі, бо пасяляецца толькі там, дзе ўсё гэта можна знайсці”. Гэтая версія праіснавала некаторы час, а потым, пры сустрэчы новага віду зімародка, на радасцях прйшлося прызнацца і расказаць жанчыне пра паветраныя камеры ў касцяной тканіне птушак.

 

Птушка

 

Птушка

Птушка

А вось плямісты зімародак Ceryle rudis, які, дарэчы, сустракаецца і на поўдні Еўропы, – поўная супрацьлегласць папярэднему віду. Больш вясёлых і гарэзлівых зімародкаў нават і ўявіць сабе цяжка. А калі прыняць да ўвагі, што паляваць яны любяць у кампаніі – па дзве-тры, а часам і болей птушак у гурце, ды ў дадатак на Найвашы яны даволі шматлікія, то шоу атрымлівецца проста захапляючае! Праўда, падпускалі яны да сябе не вельмі блізка, хаця мне здаецца, што не столькі з-за асцярожнасці, колькі з-за няўрымслівага характару. Ну, проста не маглі яны так доўга сядзець на адным месцы і чакаць, пакуль ты падыйдзеш да іх на зручную для фатаграфавання адлегласць.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Яшчэ адна характэрная рыса плямістых зімародкаў, з якой у мяне былі звязаны даволі сур’ёзныя фатаграфічныя планы, гэта іх звычка завісаць у паветры на некалькі секунд перад тым, як даць нырца за здабычай. Ну, прыкладна так, як гэта робіць пустальга. Менавіта гэта мне і хацелася сфатаграфаваць. Трэба сказаць, што зрабіць гэта атрымалася, вось толькі, як казалі раней, у эпоху чорна-белай стужачнай фатаграфіі, “картачкі не выйшлі”. Дакладней, “выйшлі”, але ўжо нейкія зусім безідэйныя – статычная выява ні ў якай меры не перадавала таго хараства і азарту, якія дэманстравалі зімародкі падчас палявання. Тут, пэўна б, відэа дапамагло, але я гэтым ніколі сур’ёзна не займаўся, так што нават і спрабаваць не стаў.

 

Краявід

 

Краявід

Адна з фірмовых фішак парка Найваша – гэта пешае сафары на выспе Крэсэнт – у іншых парках Кеніі пакідаць аўтамабіль забаронена.

 

Краявід

 

Краявід

 

Краявід

Выспа Крэсэнт на возеры Найваша атрымала такую прывілею з нагоды таго, што там няма ніводнага драпежніка, а вось жырафы, антылопы і зебры жывуць, і ў даволі вялікай колькасці. Дарэчы, падчас экскурсіі па выспе, высветлілася, што звяры і птушкі асцерагаюцаа пешага чалавека значна больш, чым машыны. Ну, увогуле, гэта і ў нас так.

 

Птушка

Зусім не ведаю, чаму старажытныя егіпцяне так шанавалі ібісаў. Дакладней, не ўсіх, а адзін з іх даволі шматлікіх відаў – святога ібіса Threskiornis aethiopicus, які сімвалізаваў егіпецкага бога мудрасці. Крыўдзіць іх нельга было ні ў якім разе, больш за тое, у іх гонар будаваліся храмы, дзе птушак і трымалі ў вялікай колькасці, спецыяльныя жрацы даглядалі іх лепей, чым людзей, а калі птушкі паміралі ад старасці, то з іх рабілі муміі. У сучасных умовах такія прыродаахоўныя захады ўжо не практыкуюцца, так што колькасць гэтага віду значна паменшылася ў параўнанні з антычнымі часамі. У мяне ж святы ібіс ніякіх релігіёзных пачуццяў не выклікае і нават сімпатыі да яго вельмі і вельмі ўмоўныя. Разумею, што такое не да твару аматару прыроды, і аналізаваць прычыны гэтага мы тут сёння не станем, але ёсць некалькі відаў птушак, якія мне, калі выказацца мякка, не вельмі падабаюцца. З нашых, беларускіх, гэта ўсім добра вядомы “беласнежны прыгажун” лебедзь-шыпун, ну, і святы ібіс таксама чамусьці адразу трапіў да яго ў кампанію, літаральна “з першага погляду”.

 

Птушка

Яшчэ адзін прадстаўнік сямейства ібісавых – ібіс цудоўны Bostrychia  hagedash, альбо хадада, як яго тут называюць. Дарэчы, вельмі нагадвае еўрапейскую каравайку, якая тут таксама сустракаецца. Каб разабрацца ў дэталях афарбоўкі гэтых відаў, прыйшлося звярнуцца да вызначальніка, з якога высветлілася, што на іх увогуле можна і не звяртаць увагі – дастаткова толькі зірнуць на дзюбу, якая ў хадады зверху мае чырвоную паласу.

 

Птушка

Пярэсты крумкач Corvus albus – першая птушка, якую я ўбачыў, ледзь толькі выйшаў з будынка аэрапорта Найробі, а займалася яна тым, што сядзела на даху і ўважліва сачыла за ластаўкамі, якія выляталі з пальмавай кроны, куды час ад часу садзіліся адпачыць.  Нарэшце крумкач вызначыўся з выбарам, імклівы рывок, і ластаўка ўжо трапечацца ў яго дзюбе. Яшчэ секунда-другая і крумкач цалкам і без асаблівых намаганняў праглынуў даволі буйную ў параўнанні з ім самім ахвяру і зноў заняў свой назіральны пост на даху… Крумкачы ж, якіх я сустрэў на Крэсэнце, калі камера была пад рукой, вельмі нагадалі мне кампанію гопнікаў, якія сабраліся на “справу”, а перад яе пачаткам яшчэ раз абмяркоўвала дэталі аперацыі. Дарэчы, ластавак тут таксама хапала…

 

Краявід

 

Краявід

 

Краявід

Жоўтая акацыя – даволі распаўсюджанае дрэва ў гэтых краях. Сустрэць яе можна і на адносна сухіх месцах, як на Крэсэнце, але ўсё ж болей характэрныя для яе балоцістыя нізіны, дзе яна ўтварае цэлыя лясы. Гэтае дрэва злавесна звязана с жоўтай ліхаманкай, альбо Жоўтым Джэкам, якая ў свой час выкошвала афрыканскіх першапраходцаў быццам касой. Цяжка сказаць, што менавіта дало назву захворванню – жоўты цвет скуры хворых, жоўтая кара дрэў, якія раслі ў тых мясцінах, дзе ўзнікала хвароба, аль абодва гэтых фактара адразу. Так, альбо інакш, але камары, пераносячыя вірус ліхаманкі, выводзіліся менавіта ў забалочаных лясах з жоўтай акацыі…

 

Птушка

 

Птушка

Своеасаблівая візітная картка возера Найваша – арлан-крыкун Haliaeetus vocifer, альбо афрыканскі рыбны арол, як яго называюць па-ангельску. Папулярны ён не толькі ў наваколлі Найваша – птушка гэтая настолькі знакавая, што яе выява трапіла на сцягі, гербы і грошы некаторых афрыканскіх краін.

 

Птушка

Дзесьці ў Сеціве я знайшоў звесткі, што менавіта на Найваша крыкуны настолькі звыкліся з людзьмі, якія рэгулярна кормяць іх рыбай, што супрацоўнікі парка нават арганізуюць для турыстаў цэлыя шоу, падчас якіх арланы спрытна ловяць падкінутую ўгару рыбу. Нічога падобнага мы і блізка не бачылі, нават наадварот, усе арланы, якіх нам удалося сустрэць, паводзілі сябе даволі асцярожна, праўда лодкі на вадзе асцерагаліся значна менш, чым чалавека, які пешшу падыходзіў да іх па беразе.

 

Птушка

 

Птушка

Афрыканская кольчатая туркаўка Streptopelia capicola, з якой мы ўжо сутракаліся ў Масаі Мара, па распаўсюджанасці нагадвае нашу берасцянку – яе даволі прыемнае варкатанне гучыць практычна ў любым біятопе Ўсходняй Афрыкі. Таксама ж, падобна берасцянцы, яна не вельмі гарыць жаданнем трапіць у кадр, гэта, дарэчы, часта здараецца і з іншымі фонавымі відамі. Але ўсё ж туркаўкі, якія жылі каля канторы Нацыянальнага парка, не толькі гарэлі такім жаданнем, але і пазіравалі, ды так натхнёна, што ў мяне нават з’явілася крамольная думка, а ці не артымліваюць яны сваю долю ад тых грошай, што прывозяць сюды турысты? А што тут такога, для Афрыкі гэта звычайная справа!

 

Птушка

Сенегальская туркаўка Streptopelia senegalensis сустракалася крыху радзей за кольчатую і на службе ў парку дакладна не састаяла, бо пазіраваць і спускацца з дрэва наадрэз адмаўлялася, сядзела ў кроне спіной да гледачоў і выводзіла свае манатонныя рулады, якія пры нейкай долі фантазіі можна прыняць за хрыплаваты смех. Між іншым, па-ангельску яе так і называюць – “туркаўка, якая смяецца”. Дарэчы, падчас маіх практыкаванняў з гэтай самай туркаўкай адбыўся забаўны эпізод. Ад групы турыстаў азіяцкай знешнасці, якія вырашалі нейкае пытанне ў канторы, аддзялілася жанчына, як потым высветлілася, японка, і падыйшла да мяне. Захад свой яна пачала здалёк: а што гэта такое цікавае я тут здымаю, і што гэта ўвогуле за птушка, і адкуль я сам… Потым яна выказала жаданне пабліжэй глянуць на маю апаратуру і нарэшце з трывогай і надзеяй у голасе задала галоўнае пытанне: “Гэта ж усё японскае, праўда?” Атрымаўшы сцвярджальны адказ, яна адразу супакоілася, папрасіла дазволу сфатаграфаваць на тэлефон мяне, усяго такога усходнееўрапейскага, але з японскай тэхнікай, і задаволена накіравалася да сваіх, пэўна дакладаць ім чарговае пацверджанне японскага тэхнічнага генія.

 

Птушка

Па словах нашага  гіда, марабу Leptoptilos crumeniferus нагадвае яму “пажылога адваката, які крыху злоўжывае алкаголем”.  Крыху не зразумела, чаму менавіта адваката – чорна-белую вопратку носяць і прадстаўнікі іншых прафесій, –  а так, увогуле, цяжка не згадзіцца, дастаткова толькі зірнуць на гэты здымак.

 

Птушка

 

Птушка

У мяне марабу таксама асаблівых сімпатый не выклікалі. Нешта чытаў, нешта чуў, нават мульцік у дзяцінстве глядзеў, а вось асабіста сустрэў упершыню. Трэба адзначыць, што знаёмства прайшло не ў іх карысць. Дакладней, першая сустрэча адбылася яшчэ ў Масаі Мара, але там я бачыў адну птушку здалёк і ў палёце. Выглядала яна даволі прэзентабельна  – вялізны памер, шырокія магутныя крылы, нетаропкі паважны палёт – словам, адзін з буйнейшых буслоў планеты. Пры больш шчыльным знаёмстве гэтае першае ўражанне неяк вельмі хутка растварылася. Пару дзесяткаў марабу ашывалася на задворках канторы, чакаючы, пакуль з возера вернуцца рыбакі – пасля сарціроўкі здабычы птушкам звычайна нешта перападала. Брудныя, неахайныя, яны стаялі амаль нерухома ў розных маляўнічых позах, нагадваючы нейкую манументальную скульптурную кампазіцыю. Праўда, кампазіцыя час ад часу ажывала, паколькі птушкі перыядычна ні с таго ні з сяго распачыналі сваркі, часам наносячы суседзям даволі сур’ёзныя пашкоджанні свамі моцнымі дзюбамі. Суцяшала толькі адно: уся гэтая гоп-кампанія дакладна лічылася ў штаце нацпарка – хочаш – фатаграфуй, хочаш – запрашай на танец, ніхто не адмовіць, асабліва калі прыхапіць з сабой пару кавалкаў пратухлай рыбы.

 

Птушка

 

Птушка

Ужо добра знаёмая егіпецкая гусь Alopochen aegyptiacus на гэты раз трапілася за не вельмі характэрным для гусей заняткам, а, дакладней, адпачынкам на дрэве. Заўважыўшы здалёк на гарызантальным суку акацыі даволі буйны птушыны сілуэт, я адразу накіраваўся да яго з надзеяй што гэта можа быць… Ну, ці мала хто, вось толькі не гусь! Аднак, і такі паварот мяне не вельмі засмуціў – ніколі не фатаграфаў гусь на дрэве, ды яшчэ і з антылопай-гну на заднім плане!

 

Птушка

 

Птушка

Чапля-не чапля, бугай-не бугай… Гэты дзіўны прадстаўнік буслападобных настолькі своеасаблівы, што выдзелены ў асобнае сямейства з адзіным родам і відам Scopus umbretta. Прыгожа назваць яго па-беларуску нават і не бяруся, нешта накшталт малаткагалоў альбо галава-малаток, увогуле, яго назвы на іншых мовах утвораны менавіта ад гэтага словазлучэння.  Ну, яно і зразумела, чаму так. Заўважыў я яго амаль выпадкова, калі мы яшчэ ў ранішнім змроку ехалі праз густы акацыевы лес, які з аднаго боку падступаў амаль да возера. Літаральна некалькі секунд мы з птушкай гулялі ў глядзелкі, а потым яна ўзмахнула крыламі і растварылася сярод галін. Пару не вельмі ўдалых кадраў – вось і ўсе мае трафеі. Аналізуючы гэтую сустрэчу, я са шкадаваннем прыйшоў да высновы, што гэта, хучтэй за ўсё, быў мой адзіны шанц. Ну, што ж, лепей так, чым ніяк увогуле.

 

Птушка

Якое ж было маё здзіўленне, калі высветлілася, што “малаток” таксама залічаны ў штат нацпарка! Можа нават гэта быў і мой, ранішні, які зляцеў з дрэва так паспешліва, таму што спазняўся на працу. Праўда, выглядаў ён зусім не так фотагенічна, як у лесе, проста сядзеў і ляніва корпаўся ў пер’і, чакаючы канца працоўнага дня.

 

Птушка

 

Птушка

 

п

Ружовага пелікана Pelecanus onocrotalus  англічане і французы называюць вялікім белым. Чаму, я так і не магу зразумець. Гэтых птушак, добра вядомых многім еўрапейцам у якасці жыхароў садова-паркавых сажалак, у Кеніі можна сустрэць даволі часта, зразумела там, дзе ёсць вялікая вада і рыба, таксама не самая дробная.

 

Птушка

А вось гэтага пелікана Pelecanus rufescens, і вялікага, і белага, першаадкрывальнікі назвалі рудаватым, а англічане і ўвогуле лічаць яго ружоваспінным. Такое адценне і сапраўды з’яўляецца на спіне дарослых птушак падчас размнажэння, але на адносна кароткі тэрмін і не вельмі яскравае. Так што, і з яго назвамі мне не ўсё да канца зразумела. Цікавы ж гэты пелікан тым, што гнёзды свае будуе даволі далёка ад вады на дрэвах, ды не на абы якіх, а на баабабах!,  і можа ўтвараць змешаныя калоніі з марабу.

 

Птушка

Афрыканскі ўдод Upupa africana – амаль што поўная копія еўрапейcкага, вось толькі белы малюнак на крылах крыху іншы, ды й, бадай што, дудзенне не такое звонкае. А ва ўсім астатнім яны як браты-блізняты. На першы погляд можа падацца, што птушка, якая трапіла на здымак, адчувае сябе, мякка кажучы, не зусім добра – як мінімум, пакутуе ад зваротнай перыстальтыкі пасля бурнага ўчорашняга адпачынку. На самай жа справе ўсё зусім наадварот, удоду зараз вельмі добра, проста ён так дудзе! Ну, а каб дудзенне было больш гучным і прыемным для патэнцыйнай сяброўкі, дапамагае сабе не толькі горлам, але і жыватом.

 

Птушка

Эндэмічныя афрыканскія птушкі-мышы ў сістэматычным плане блізкія да трагонаў і знешне нагадваюць аўстралійскіх папугаеў-карэл, сходства гэтае узмацняюць і сходныя памеры. Ва Ўсходняй Афрыцы іх сустракаецца некалькі даволі падобных адзін да другога відаў, якія толькі крыху розняцца дэталямі афарбоўкі. Не магу казаць пра ўсіх, бачыць мне давялося толькі стракатых птушак-мышэй Colius striatus, дык вось гэтыя ўвесь вольны ад пералетаў і харчавання час праводзяць за абдымкамі – калі іх збіраецца на галінцы ад дзвюх і больш (а інакш проста не бывае), то яны распушваюць пер’е і збіваюцца ў шчыльны гурток, часам атрымліваецца вялікі пухнаты шар, з якога ва ўсе бакі вытыркаюцца доўгія хвасты. Ну, зусім, як гэта робяць нашы сініцы-апалоўнікі у зімовую сцюжу. Вось толькі там, дзе жывуць птушкі-мышы, сцюжы увогуле ніякай няма, так што, мяркую, робяць яны гэта выключна ў сілу свайго камунікатыўнага характара. Нездарма ж у вызначальніках пішуць, што мышы вельмі САЦЫЯЛЬНЫЯ птушкі!

 

Птушка

 

п

Нарэшце мой любімы цудоўны шпак Lamprotornis superbus, якога я бачыў у саванне толькі здалёк, злітаваўся нада мной і ўсё ж дазволіў сфатаграфаваць сябе буйным планам і ў поўны рост. Зблізу ён выглядаў не проста цудоўным, а цудоўным удвая! Трэба адзначыць, што сустракаецца гэты від паўсюдна і практычна ў любым біятопе, але вось фатаграфавацца любіць не вельмі – на кароткай дыстанцыі птушкі не звяртаюць увагу на чалавека, але толькі да тага моманту, пакуль чалавек не звярнуў увагу на іх. Ну, а калі ў дадатак да гэтага ён яшчэ ходзіць за птушкамі ўслед і нацэльвае на іх бліскучую лінзу, то абыякавасці як і не было! Гэтага ж шпака ўдалося сфатаграфаваць з вакна аўтамабіля – ад машыны такога падступства ён ніяк не чакаў, а таму спакойна займаўся сваімі справамі.

 

Птушка

Птушка

Хто знаёмы з нашымі кнігаўкамі, для таго кнігаўка венцаносная Vanellus coronatus нічога асабліва новага не ўяўляе – падобныя паводзіны, манера бегаць, лётаць, сілкавацца, нават памер і абрысы такія ж самыя. Адным словам, кнігаўка, хіба што толькі афарбаваная крыху па-іншаму і хахалка не мае.

 

Птушка

Кнігаўка-каваль Vanellus armatus, нават чорны каваль, калі па-ангельску, апранутая ў чорны закапцелы фартух, адсюль і назва. У адрозненні ад папярэдняга віду, які можна было сустрэць амаль паўсюдна – ад сухой саванны да забалочаных берагоў возера, абы толькі не было густой расліннасці, гэты трапляўся нам выключна каля вады. Ну, для каваля гэта не дзіўна – калі працуеш у кузні, вада заўсёды патрэбна!

 

Звяры

 

Звяры

Як мы ўжо ведаем, выспа Крэсэнт – адно з нешматлікіх месцаў у Кеніі, дзе дазволены пешы шпацыр – драпежнікаў і буйвалаў няма, ну, хіба што гіпапатамы, але днём яны сядзяць у вадзе і хутчэй рак на гары свісне, чым гіпапатамы пабягуць некага лавіць на беразе. А вось калі на беразе яны самі, тут ужо з імі лепей не жартаваць – гіпапатамы разам з буйваламі ўпэўнена займаюць лідыруючыя пазіцыі ў афрыканскім рэйтынгу гібелі людзей ад дзікіх жывёл, нават львы ім у гэтым значна саступаюць.

 

Звяры

Вы гіпапатама бачыце? А ён тут ёсць!

 

Звяры

 

Звяры

Грацыёзнага алюра, ўласцівага для большасці антылоп і асабліва газелей, у выкананні гну вы не ўбачыце – яны заўсёды бегаюць так, быццам, як кажуць у народзе, ім важжына пад хвост трапіла.

 

Звяры

Егіпецкая чапля Bubulcus ibis не ўяўляе сабе жыцця без капытных. У Заходняй і Паўднёвай Еўропе часцей за ўсё яе можна сустрэць на пашах сярод кароў, альбо нават проста на каровах. Менавіта за гэта яны і атрымалі сваю ангельскую назву Cattle Egret. У Афрыцы каровы, вядома, таксама маюцца, але існуе і мясцовы экзатычны каларыт у выглядзе розных антылоп. Напаткаўшы на Крэсэнце вялікі статак самак імпалы, я, зразумела, пачаў на іх паляваць, ну, а ў якасці бонуса яшчэ і паназіраў за іх адносінамі з егіпецкімі чаплямі.

 

Звяры

Імпалы мяне не вельмі баяліся, але пэўную дыстанцыю ўсё ж вытрымлівалі – як толькі я яе парушаў, увесь статак адначасова быццам па камандзе пачынаў рух. Моцнага адрыву яны не рабілі, але і памяншаць дыстанцыю не дазвалялі:  я хутчэй, імпалы таксама хутчэй; я прыпынюся і антылопы прыпыняюцца і пачынаюць пасвіцца, быццам нічога і не было.  Некалькі чапляў, якія карміліся сярод імпал, з зайздроснай дакладнасцю паўтаралі ўсе маніпуляцыі антылоп, што выглядала даволі забаўна. Справа ў тым, што птушкі стараліся не адставаць ад антылоп і пры гэтым чамусьці менавіта бегчы, а не ляцець. Але дзве нагі не чатыры, так што, час ад часу ім усё ж прыходзілася падымацца на крыло.

 

Звяры

Самец, як і мае быць, знаходзіўся крыху воддаль, але пільна назіраў за нашымі практыкаваннямі. Думаю, што ўжо і прыкідваў, як гэта ямчэй прадэманстраваць, каму на самай справе належыць увесь гэты гарэм. Як гэта выглядае, я ўжо меў магчымасць бачыць у Масаі Мара, але гаспадара, відаць, крыху бянтэжыла адсутнасць у мяне рагоў, так што высвятленне прыярытэтаў так і не адбылося.

 

Звяры

 

Звяры

 

Звяры

Газелі Томсана як дзве кроплі вады падобныя да газеляў Гранта. Ну, калі толькі не разглядаць уважліва іх “пятую кропку”. А калі гэта ўсё ж зрабіць, то можна заўважыць, што мяжа між белым і карычневым колерамі ў Томсанаў мае выгляд амаль прамой лініі, а ў Грантаў гэтыя колеры раздзелены яшчэ і шырокай чорнай паласой. У астатнім жа яны выглядаюць як браты-блізняты, можна нават і памыліцца.

 

Звяры

 

Звяры

Жыхар вільготных акацыевых лясоў бушбок альбо вадзяны казёл на самой справе таксама антылопа, толькі крыху своеасаблівая і да сапраўдных казлоў ніякага дачынення не мае. Па прычыне харчавання пэўнымі відамі раслін мяса бушбокаў мае непрыемны запах і нават крыху ядавітае. З гэтай нагоды бушбокі ні львоў ні кракадзілаў, ды й увогуле ніякіх драпежнікаў не баяцца, дакладней, драпежнікі смярдзючых казлоў проста не чапаюць. Ну, і яшчэ бушбокі вельмі фотагенічныя, ва ўсякім выпадку, мне так здаецца.

Працяг тут:

УСХОДНЯЯ АФРЫКА ЧАСТКА 5. ВОЗЕРА НАКУРУ

 

Папярэднія часткі тут:

УСХОДНЯЯ АФРЫКА. ШТО МОЖНА ПАБАЧЫЦЬ ЗА 10 ДЗЕН? ЧАСТКА 1. АБ ЧЫМ ПОЙДЗЕ ГАВОРКА І ПЕРШЫЯ КРОКІ ПА АФРЫКАНСКАЙ ЗЯМЛІ.

УСХОДНЯЯ АФРЫКА ЧАСТКА 2. МАСАІ МАРА, ПТУШКІ

Усходняя Афрыка частка 3. Масаі Мара, звяры

 

 

 

Кропка назірання

Каментары

Калі так шмат яркіх і каляровых фотак нават нашых відаў, а таксама трапныя і гумарыстычныя іх апісанні, то падабаецца ЎСЁ, 

Але найбольш, пэўна, нечаканая сустрэча з птушкамі-землякамі, якія там людзей не баяцца. Ну і фотка егіпецкай гусі на дрэве- гэта шэдэўр.

вас (госць) - 08.03.2018 - 22:09

Сяргей, дзякуй, супер. Шыкоўныя фоты, гумар, мова. Цікавыя звесткі.Дачытаў пра Працяг будзе - і ўзрадаваўся)  Зацікавіла мяне яшчэ гэта невялікае Найваша, паглядзеў у Вікі - 139 кв. км, два разы Нарач! Трэба ашчаджаць грошы і ехаць ва Ўсходнюю Афрыку, ні паўднёвая, ні заходняя нічым такім пахваліцца ня можа. ав