Сёлета я выступаў з прэзентацыяй на юбілейным з'ездзе РТОР (Польскага таварыства аховы птушак) з фота аповядам пра свае (і чужыя) незвычайныя прыгоды з белай сініцай:
Амаль тры месяцы пазьней атрымалася, што белыя сініцы і не думалі мяне расчароўваць у тым, ЯК яны могуць жыць на Палессі...
Мы з замежнымі бёрдэрамі толькі вярнуліся з воднага падарожжа чаўном па Прыпяці, калі Якаўлевіч, наш праваднік і гаспадар чаўна, прапанаваў паглядзець: "Што за птушка завялася ў сэйфе для рухавіка?"
Тут для тых, хто не быў на Палессі, варта растлумачыць, што палешукі, якія жывуць з ракі, не трымаюць рухавікі для сваіх чаўноў далёка ад яе - навошта, калі можна ўсё, што трэба для плавання, трымаць на беразе. У сэйфе.
Чамусьці ў мяне нават не было сумневаў у тым, ЧЫЁ гняздо мы за хвіліну ўбачым. Так і здарылася - не пасьпеў Якаўлевіч уставіць ключ у замок, як са шчыліны зверху выляцела ультрамарынава-белая маланачка!
Не ведаю, ці шмат людзей бачыла гняздо белай сініцы? Не дупло, дзе яны гняздуюць, а менавіта ГНЯЗДО:
Думаю, што няшмат. У нашай пары ў сэйфе было вельмі шмат месца, і яны прынесьлі ў сэйф усё, што палічылі патрэбным:
Здаецца, ў гняздзе учора-сёння вылупіліся 6 (?) сляпых і голых птушанят. Прычым трое былі троху большыя, чым іншыя сіблінгі.
Пасля хуткіх здымкаў незвычайнага скарбу, мы адыйшлі на бяспечную адлегласць і сталі чакаць на рэакцыю бацькоў. Тым больш час дазваляў - Якаўлевіч пайшоў да чаўна за перанасным бакам - яго таксама трэба было схаваць у сэйфе.
Бацькі не расчаравалі нас і пасля непрацялых пошукаў мяккіх бесхрыбетных на бліжэйшай да гнязда сасонцы,
былі гатовы карміць свае скарбы:
Гэтаму нічога не перашкаджала - акрамя адчыненай дзверы сэйфа і вялікай колькасці святла:
Але і шлях да гнязда апынуўся карацейшым за звычайны:
Незаўважна падобрана капсула з памётам малога, і птушка адляцела за новай порцыяй ежы:
Тая ж - ці іншая? - птушка таксама хутка злавіла, што трэба:
і таксама на сасне.
і праз некалькі секунд ужо карміла малых:
А тут і Якаўлевіч з бакам вярнуўся. Пара зачыняць сэйф і пакідаць птушак у спакоі:
Да наступных сустрэч, любімая белая сініца! Хто ведае, ў якім месцы?
by Dzmitry Vincheuski, text and pictures
Верхні здымак - Grzesiek Grygoruk.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ