Невялікая жоўта-зялёная птушачка ўпершыню была заўважаная яшчэ ў 1994 годзе, але тады яе палічылі ўжо вядомым відам, які жыве за 1000 км ад свайго асноўнага арэалу.Цяпер даследаванне ДНК, марфалогіі і вакалізацыі пацвердзіла, што гэта пакуль невядомы для навукі від! Навукоўцы назвалі яе Limestone leaf warbler – вапняковая пячураўка (Phylloscopus calciatilis). Дэталёва адкрыццё новага віду пячуравак было апісана ў часопісе Ibis.
"Птушку ўпершыню адзначылі ў адным месцы ў В’етнаме ў ліпені 1994 году, потым у тым жа месцы ў красавіку наступнага, і ў Лаосе ў траўні 1995 году.” – распавёў таксонаміст праф. Пер Альстром (Prof. Per Alstrom) з Swedish Species Information Centre, падраздзялення Шведзкага ўніверсітэту агранавук ва Ўпсале.
"Спачатку гэты від прынялі за зеленавата-жоўтагрудую пячураўку (Sulphur-breasted warbler (Phylloscopus ricketti)), што само па сабе было б цікавым адкрыццём, бо асноўны арэал гэтага віду знаходзіцца ў Кітаі больш чым на 1000 км на поўнач ад месцаў, дзе птушак адзнaчылі ў В’етнаме. Аднак пазней заўважылі, што яе песні адрозніваюцца ад песняў птушак гэтага віду і прыняліся праводзіць дадатковыя даследаванні”.
Менавіта гэтыя даследаванні, якія праф. Альстром правёў з калегамі з Лаоскай праграмы Wildlife Conservation Society і прадстаўніцтва асацыяцыі Birdlife International у Індакітаі, пацвердзілі асобны відавы статус заўважаных птушак.
Што цікава, апярэнне абодвух відаў пячуравак амаль не адрозніваецца. Новы від мае больш ‘халодны’ жоўты колер на брыве і больш шэрую палоску на галаве. Аднак птушкі новага віду больш дробных памераў, з больш кароткімі крыламі, больш закругленымі махавымі першай ступені і прапарцыйна большай дзюбай.
"Галасы птушак – як песні, так і пазыўкі, выразна адрозніваюцца ад падобных гукаў зеленавата-жоўтагрудай пячураўкі” – сказаў праф. Альстром.
Аналіз ДНК паказаў, што новы від бліжэй да іншага віду пячуравак - Phylloscopus cantator з усходніх Гімалаяў, паўночнага Лаосу і суседніх з імі частак Кітаю, аднак гэты від мае даволі адрозную афарбоўку апярэння.
"Найбольш імаверна, што пасля аддзялення абодвух відаў (вапняковай і зеленавата-жоўтагрудай пячураўкі) ад аднаго віду-папярэдніка іх апярэнне не змяніла сваю афарбоўку. Аднак гэтая змена адбылася з трэцім відам пячуравак (Phylloscopus cantator), хаця апошні аддзяліўся ад вапняковай пячураўкі значна пазней.”
Вакалізацыя ж усіх трох відаў пад час асобнай эвалюцыі змянілася і цяпер іх песні добра адрозніваюцца.
"Пячураўкі і некаторыя іншыя дробныя вераб’іныя знаныя з таго, што яны вельмі падобныя знешне. Аднак іх галасы добра адрозніваюцца, таму магчымыя і іншыя адкрыцці новых відаў пячуравак.” – пракаментаваў праф. Альстром.
Цікава, што вапняковая пячураўка змагла так доўга заставацца невядомай навукоўцам, бо, як аказалася, мае даволі вялікую колькасць. Птушка распаўсюджана ў карставых вапняковых біятопах В’етнама, Лаоса і паўднёвага Кітаю.
Яшчэ адзін новы від птушак – голатвары бюльбюль (Pycnonotus hualon), быў апісаны ў Лаосе сёлета ў падобным тыпе лясоў, што падкрэслівае экалагічную значнасць рэгіёну.
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую ж тэму:
Новы від птушак адкрыты ў Лаосе
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
Harrier - 16.12.2009 - 22:39
Знайшоў спасылку на артыкул у
Знайшоў спасылку на артыкул у The Ibis
Цікава, што на нашым сайце навіна з'явілася пасля ВВС ужо ўчора, а на сайце бёлуотч.ко.юк толькі сёньня. На бёдлайф.орг і сёньня пакуль не было.