Птушыная сталоўка он-лайн у Залессі развітваецца да наступнай зімы!

вялікі дзяцел

Гэтай зімой мы ўпершыню ў Беларусі стварылі магчымасць назіраць за птушкамі на сталоўцы з дапамогай он-лайн трансляцыі. З-за таго, што яна знаходзілася на ўскрайку Белавежскай пушчы ў невялічкай вёсачцы Залессе, на яе прыляталі не зусім звычайныя для гарадзкіх сталовак, да якіх усе мы прызвычаіліся, віды птушак.

За два з паловай месяцы трансляцыі (якая пачалася ў другой палове снежня), на яе заходзілі амаль 4500 чалавек з 62 краін, апошняй да назіранняў далучылася Коста Рыка:

статыстыка

Нам вельмі прыемна, што большая палова назіральнікаў усё ж была з Беларусі - амаль 2500 чалавек, таксама найбольш папулярнымі назіранні зімуючых у нас птушак былі ў нашых бліжэйшых суседзяў: Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы, але таксама ў ЗША і Заходняй Еўропе. Топ-25 краін з колькасцю назіральнікаў з іх выглядае наступным чынам:

статыстыка

А гэта- "наша геаграфія"(статыстыка і яе візуалізацыя ўзятыя з сайта http://s01.flagcounter.com ):

мапа

Усяго за час трансляцыі на сталоўцы былі адзначаныя 11 відаў птушак: вялікая і сіняя сініцы, сівая сініца і сініца-маскоўка, сойка, звычайны кавалік, палявы верабей, сярэдні і вялікі дзятлы, чорны дрозд і нават берасцянка! У ясныя і марозныя ночы выразна было чуваць шлюбныя крыкі шэрай кугакаўкі, і зрэдку, вераб’інага сычыка. Апошні часам таксама назіраў за сталоўкай для птушак, але без гаджэтаў J

птушка

Здымак Сяргея Сідарука

Пад час трансляцыі змянілася і сама сталоўка, і размяшчэнне каля яе камеры. Атрыманы досвед мы выкарыстаем каб зрабіць назіранні цікавейшымі ў наступныя зімы.

Дзякуем усім, хто арганізаваў сталоўку і магчымасць назіраць за яе гасцямі не выходзячы з хаты ці офісу: Сяргею Сідаруку і Насце Хмель, гаспадарам экааграсядзібы “Залессе”; сябрам Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ; уладальніку польскага сервера http://stream360.pl . і ўсім, хто назіраў за птушкамі разам з намі!

Аднак надоўга мы не развітваемся - неўзабаве мы зможам дзевяты сезон запар назіраць он-лайн за прыватным жыццём сокала-пустальгі ў Брэсце – сачыце за банэрамі і абвесткамі на нашым сайце!