Амялушка вярнулася праз год

    Пазначаная каляровымі кольцамі амялушка (Bombycilla garrulus) вярнулася ў адзін з шатландзкіх садоў амаль праз год пасля таго, як была там злапаная і закальцаваная.
Амялушкі, якія гэтай зімой рэгістраваліся ў многіх краінах Еўропы ў вельмі невялікай колькасці, сталі з’яўляцца ў Вялікабрытаніі толькі ў сярэдзіне лютага. Менавіта тады групка з 21 птушкі была заўважаная ў Абэрдзіне, які лічыцца “амялушкавай сталіцай” Вялікабрытаніі.

    Колькасць птушак і даты іх прылётаў моцна адрозніваюцца ў розныя гады – ад некалькіх тысяч у адныя да толькі дзесяткаў у іншыя. Тым не менш, інвазіі рэдка адбываюцца дзве паслядоўныя зімы. 
З 1988 году Grampian Ringing Group кальцуе амялушак каляровымі кольцамі ў Абэрдзіне (Aberdeen) і яго наваколлі. За гэты час даследчыкі атрымалі шмат інфармацыі аб назіраннях пазначаных імі птушак і мёртвых акальцаваных амялушках. Аднак пасля таго, як амялушкі адляталі на гнездаванне, звычайна іх больш ніхто не бачыў.
Сёлета, калі ў лютым гэтыя птушкі ў невялікай колькасці пачалі прылятаць на Брытанскія астравы, было неспадзявана радасна ўбачыць, што адна з амялушак вярнулася ў тую самую вёску, ў якой была закальцаваная год таму таксама ў лютым! Гэта толькі трэці вядомы навукоўцам выпадак, калі тыя самыя амялушкі вяртаюцца ў наступную зіму на Брытанскія астравы. Гэта тым больш цікава, што да гэтага часу тут былі акальцаваныя ўжо больш чым 4500 птушак гэтага віду.
     Як маладая самка, амялушка была акальцаваная 18 лютага 2009 году ў садзе ў вёсцы Kintore, а 10 лютага 2010 году прыкладна ў 500 м ад гэтага месца яе сфатаграфавалі ў сваім садзе Уолтэр і Энн Барнс (Walter і Ann Burns). 
 

Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
 

На гэтую тэму:
Тлустыя птушкі мігрыруюць хутчэй

Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі

Незвычайныя птушыныя падарожжы

Сокалы прыляцелі ў Афрыку са спадарожнікавымі перадатчыкамі на спінах

Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак