Еўропа паступова страчвае горныя віды птушак?

Сучасныя дадзеныя па колькасці папуляцый многіх горных відаў птушак у Еўропе не так даўно змаглі параўнаць з лічбамі, атрыманымі на пачатку 2000-х гадоў. Атрымалася, што з 2002 па 2014 гг колькасць менавіта горных птушак зменшылася нават на 10%.

Звычайна горныя экасістэмы складаюцца з відаў, якія не сустракаюцца ў іншых тыпах біятопаў. Таксама гэтыя віды вельмі адчувальныя да зменаў клімату, таму што глабальнае пацяпленне змяншае плошчу адпаведных для іх месцапражыванняў. У прынцыпе, як мінімум некаторыя віды могуць з-за пацяплення перамяшчацца вышэй ў горы, аднак для тых, хто насяляе самыя высакагорныя месцапражыванні, гэтай магчымасці няма.

Адпаведна з высновамі даследавання, змяншэнне колькасці папуляцый горных відаў адбываецца згодна з прапанаванымі раней дапушчэннямі ў сувязі са зменамі клімату.

У гарах Феннаскандыі, Вялікабрытаніі, Альпах і на Іберыйскім паўвостраве былі вызначаныя трэнды для 44 відаў птушак у параўнанні з пачаткам нашага стагоддзя. Атрымалася, што змяншэнне колькасці адзначана для 14 відаў, прычым для 8 з іх – вельмі значнае.

"У сярэднім, за 13 гадоў адбылося змяншэнне колькасці горных відаў на 7%, што ў параўнанні, напрыклад, з ляснымі відамі птушак (якія фактычна не змянілі сваю колькасць) у Еўропе, паказвае значна горшую сытуацыю першай групы” – сказаў Алексі Легікоінен (Aleksi Lehikoinen), супрацоўнік Музею натуральнай гісторыі ў Luomus (які належыць да ўніверсітэту Гельсінкі), і які ачольваў даследаванне.

Найгоршы трэнд быў знойдзены для “сапраўдных” горных відаў (стэнабіёнтаў), якія не могуць жыць у іншых экасістэмах – іх колькасць зменшылася за той жа час у сярэднім на 10%. Былі знойдзены і істотныя рэгіянальныя адрозненні: так, напрыклад, найгоршая сытуацыя адзначана ў гарах Фінляндыі, Швецыі і Нарвегіі, а таксама на Іберыйскім паўвостраве, тады як больш стабільнае становішча адзначана ў Вялікабрытаніі і Альпах.

"У дадатак да кліматычных зменаў, некаторыя віды горных птушак таксама пацярпелі з-за непасрэднай дзейнасці чалавека і зменаў землекарыстання ў гарах. Напрыклад, на Іберыйскім паўвостраве адбываецца значнае змяншэнне выпасу авечак і быдла і былыя пашы паступова зарастаюць лесам. Гэта вядзе да знікнення там птушак адкрытых горных біятопаў” – сказаў Паііві Сіркія (Päivi Sirkiä), даследчык з Luomus.

У даследаванні былі выкарыстаныя дадзеныя ўлікаў, праведзеныя і арнітолагамі, і бёрдуотчарамі.

Крыніца:

 Aleksi Lehikoinen et al.. Declining population trends of European mountain birds. Global Change Biology, 2018; DOI: 10.1111/gcb.14522

Паводле www.rarebirdalert.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак сняжуркі - Hanna Pomorska

 

 

На гэтую тэму:

Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата

Балтыйскія качкі ў глыбокім піке

Драматычныя змены ў вадаплаўных птушак Вялікабрытаніі

Караткахвосты паморнік знікае ў Вялікабрытаніі

Катастрафічнае змяншэнне колькасці многіх відаў птушак адзначана ў Францыі