Сонечнай і марознай раніцай мы завярнулі пад будынак былой сінагогі ў Індуры каб праверыць ці засталіся там побач зімаваць кольчатыя туркаўкі, ажно амаль насупраць, на прыватным падворку за домам убачылі некалькі амялушак (Bombycilla garrulus). Яны сядзелі на старой яблыні і частка адпачывала, а частка спрабавала дзяўбсці згнілыя і прамёрзлыя яблыкі. Было далекавата для добрых здымкаў, але хутка птушкі паказалі нам, што яны могуць падляцець і значна бліжэй. Аднак не проста так, а каб пад'есці вінаграду - прыгожыя і амаль без сапсаваных ягад цёмныя гронкі звісалі невысока з сеткі, якая адгарожвала ўласна падворак ад гароду за ім. Адарваць ягаду аказалася для амялушак нескладана, а вось праглынуць - іншая справа:
Некаторыя не спраўляліся з гэтым на месцы і ляцелі далей, на тую яблыню, дзе спрабавалі яе літаральна прапіхнуць у сябе раз за разам. А некаторыя не хацелі гэтак мучацца і дзяўблі тыя вінаградзіны як іншыя амялушкі яблыкі на яблыні. Тым не менш, даволі хутка налёты на вінаграднік прыпыніліся - напэўна птушкі набілі ягадамі страўнік і цяпер мусілі змяніць іх тэмпературу з -20 да +400С, бо інакш не змаглі б той вінаград ператравіць. А гэта лепш за ўсё рабіць у спакоі, чым яны і 'заняліся' на яблыні.
Індура, 19-01-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ