Дзякуючы неабыякавасці многіх людзей па ўсёй Польшчы замоўнікі і выканаўцы будаўнічых праектаў мусяць лічыцца з тым, што ігнараванне імі законаў аб ахове прыроды можа для іх скончыцца ў залі суду. Судовы вырак у чарговай справе такога тыпу быў вынесены ў Шчэціне, дзе абвінавачаныя былі прызнаныя віноўнымі ў смерці 270 птушак.
Трагедыя адбылася пад час разабрання аднаго з будынкаў. Да будаўнікоў не даходзілі просьбы мясцовых жыхароў прыпыніць працу, бо яны нішчаць гнёзды чорных свіргулёў (Apus apus). Не дапамагло і папярэджанне гарадской паліцыі.
Суддзя, які вёў працэс, падкрэсліў, што наяўнасць птушак не перашкаджае ажыццяўленню інвестыцыі, але патрабуе, каб графік працы на аб’екце быў прыстасаваны да жыццёвага цыклу жывёлаў, якія знаходзяцца пад аховай закону. На жаль, абвінавачаныя хутчэй за ўсё не разумелі гэтага пад час выканання разбору будынка.
Аднаму з іх – кіраўніку прац – дадаткова даказалі падробку дакуметацыі. Суд прыгаварыў яго на 10 месяцаў турэмнага зняволення з адтэрмімноўкай на 3 гады. Гэты чалавек мусіць заплаціць дадаткова штраф у памеры 2 тысячы zł (каля 2 млн. рублёў), а таксама 5 тысяч zł (каля 5 млн. руб.) Таварыству дагляду жывёл (Towarzystwо Opieki nad Zwierzętami). Іншыя 5 асуджаных атрымалі падобныя выракі: 6 месяцаў турмы з адтэрміноўкай на 22 гады, 1,5 тысячы zł штрафу і 3 тысячы zł выплаты вышэйназванаму таварыству.
Вырак пакуль не ўступіў у законную сілу.
Здымак чорнага свіргуля Андрэя Храмогіна.
Паводле www.mmszczecin.pl праз www.birdwatching.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Замураваныя свіргулі – фінал судовага працэсу ў Лодзі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ