Мядзведзі і казаркі

Галодныя белыя мядзведзі ў вялікай колькасці з’ядаюць кладкі белашчокіх казарак (Branta leucopsis). Адбываецца так з-за таго, што падталыя арктычныя льды робяць у многіх месцах паляванне мядзведзяў на цюленяў немагчымым. Такія высновы зрабілі навукоўцы з Wildfowl & Wetlands Trust (WWT).

Даследчыкі з WWT і Галандзкага ўніверсітэту пасля правядзення адпаведных улікаў убачылі, што толькі прыкладна палова ад звычайнай колькасці маладых казарак зімавала сёлета ў Solway Firth. Навукоўцы лічаць, што асноўная прычына нізкага поспеху гнездавання – белыя мядзведзі на месцах гнездавання. Менавіта гэтыя вялікія драпежнікі застаюцца асноўнымі падазронымі ў праблемах казарак, бо навукоўцы штогод адзначаюць усё большую іх колькасць на Шпіцбергене – асноўным месцы гнездавання белашчокіх казарак. Рэгулярна назіраюцца мядзведзі, якія з’ядаюць кладкі, а таксама сляды іх дзейнасці на гнёздах.
Брайэн Моррэл (Brian Morrell), заолаг з WWT сказаў: “Дадаткова мы адзначылі, што пацяпленне зменшыла таўшчыню палярнага льда, што робіць больш цяжкім паляванне мядзведзяў на сваю звычайную здабычу  - цюленяў. Таму яны пераключаюцца на больш лёгкую – гнёзды птушак.”
"Канешне, каб заспакоіць патрэбы такой вялізнай жывёлы, як дарослы мядзведзь, яму патрабуецца з’есці шмат кладак. Яшчэ болш патрабуецца мядзведзіцам з малымі. З-за гэтага гнёзды з кладкамі і птушанятамі проста знікаюць у хуткім тэмпе са звычайных месцаў гнездавання казарак на ўзбярэжжах Шпіцбергена.”
Каманда навукоўцаў запланавала сёлета дэталёвыя даследаванні на гэтым нарвескім востраве каб усталяваць як шмат кладак і птушанят гіне непасрэдна ад белых мядзведзяў і які адсотак казарак змогуць знайсці адпаведныя месцы гнездавання ў больш аддаленых ад берагоў раёнах, дзе драпежніцтва мядзведзяў амаль адсутнічае.
Белашчокія казаркі параўнальна доўга жывучыя птушкі. Некаторыя з іх дасягаюць нават 25ці гадовага ўзросту. Таму яны могуць вытрымаць нізкі гнездавы поспех на працягу 1-2 гадоў без значнай доўгатэрміновай шкоды для сваёй папуляцыі. Магчыма для гэтага ім было б дастаткова пачаць гнездаваць на скалах, куды мядзведзі не заглядваюць.
Аднак у глыбіні вострава скалы даступныя толькі на невялікай плошчы, да таго ж белыя мядзведзі – не адзіныя драпежнікі, якія атакуюць гнёзды казарак. Таму дадатковая шкода ад мядзведзяў у тым, што пад час іх наведванняў у калоніі прылятаюць таксама вялікія чайкі і паморнікі, якія таксама не супраць пажывіцца безабароннымі яйкамі і птушанятамі.


Здымак з www.naturspesialisten.no
Паводле www.birdwatch.co.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by


НА ГЭТУЮ ТЭМУ:
Качкам Арктыкі кепска ў Заходняй Сібіры