Формула перамогі

06.09.2010 - 03:07 | Kiolk

Што трэба для перамогі? У чым разынка беларускага чэмпіянату? Што прынёс дзяркач на хвасце? - усё гэта вы знойдзеце ў інтэрв'ю з адным з пераможцаў сёмага чэмпіянату па спартыўнай арніталогі з каманды Lintu Аляксандрам Вінчэўскім.

Мае шчырыя віншаванне вашай камандзе.

Якія былі вашыя пачуцці, калі вы даведаліся што перамаглі? 

 

Гэта адбылося як бы само сабой, паступова, таму асаблівага здзіўлення не было. 

На жаль у мяне няма з сабой нашага храналагічнага лісту птушак. Але дзесьці каля 12.00, мы ўжо пабілі свой папярэдні рэкорд ў 99 відаў за 6 гадзін, але яшчэ не былі на асушаных сажалках з кулікамі, дзе спадзяваліся ўбачыць больш 20 відаў. Тады я падумаў, што мы можам сёння пабачыць відаў 120 і ўстанавіць небывалы рэкорд. Але кулікоў аказалася значна меньш, чым мы бачылі падчас трэніроўкі. Многія віды, якія мы прапусцілі іншыя каманды, што прыехалі раней, усё ж бачылі. Таму было нават нейкае расчараванне.

Пасля якога віду вы зразумелі, што выйгралі? 

Гэта быў дзяркач, ён быў 5 ці 6 у нашым спісе і мы выпадкова паднялі яго з ускраіны дарогі ў месцы старту! Капітан Крыстэр тады сказаў - гэта вельмі добры знак. Ён узляцеў у 2 м і ўсе яго пазналі і на некалькі секундаў аслупянелі, падбірая назву віда. Не ўсе фіны добра ведалі ангельскія назвы, і мы размаўлялі ў асноўным па латыні. Пры гэтым відавыя назвы ўсе спецыфічныя, у адрозненні ад родавых.

Які быў ваш маршрут ?

Гэта ў прынцыпе сакрэт і без дазвалення капітана я не магу яго адкрыць. Галоўнае не толькі маршрут, але і астаноўкі на ім. Схема ў прынцыпе простая - Мінск-рыбгас Волма-Мінск. Вельмі важна месца старту, бо ранкам можна толькі чуць птушак, таму патрэбна месца з вялікай колькасцю вераб’іных. У выніку рэканструкцыі парку за абеліскам Перамогі на былым прашпекце Машэрава мы згубілі вельмі цудоўнае месца, дзе бачылі 30-40 відаў за дзве гадзіны, дзе можна было сустрэць ляляка, усе віды лесак, таксама пячуравак, чаротавак і валавоку. Таму напярэдадні  мы доўга шукалі новае месца для старту.

Якія цікавыя віды вам сустрэліся на маршруце? 

Самыя цікавыя: звычайны чаромашнік, трысняговая і звычайная чаротаўкі, зязюля, 200 белых чапляў і каля 40 чорных буслоў на ставах, крывок і шулёнак, кабец і рыбалоў, свіргулі. Чэмпіянат цікавы тым, што сустрэчы з дамовым вераб’ём часам узрадуешся не менш, чым чорнаму буслу.

Які быў самы нечаканы від для вас?

Гэта быў шок, на ставах больш вопытныя за мяне ў марскіх птушках фіны ўбачылі кароткахвостага паморніка! Я бачыў яго там жа, але ўсяго раз у жыцці амаль 20 гадоў назад. Я паведаміў і іншым камандам, але нажаль ніхто з іх яго не пабачыў. Я не ведаў, што яны ўмеюць плаваць, бо ва ўсіх кнігах іх малююць у паветры.

Які звычайны від вам не патрапіўся?

Са звычайных, калі так можна іх назваць, магчыма качка-неразня, асаед і малы арлец, бо падчас трэніроўкі мы іх бачылі і неаднойчы. Нажаль, я забыў запісаць ў наш ліст вялікую коўру, таму на самой справе наш спіс складаецца з 115 відаў. Часу ж удакладніць яго не было. Яшчэ 4 віда бачылі не ўсе сябры каманды.

Вашае стаўленне да працягласці чэмпіянату: 9 ці 12 гадзін? 

12 гадзін. Фіны лічаць таксама. Больш часу дасць больш цікавых відаў, будзе больш часу для ўдакладнення спісаў і такіх памылак будзе менш. Адзін раз на год людзі якія любяць птушак могуць знайсці для іх 12 гадзін.

Магчыма ў вас ёсць якія-небудзь пажаданні ці заўвагі для арганізатраў чэмпіянату?

Вельмі крыўдна, калі арганізатары не ведаюць Правілы, чаму не прачытаць іх перад спаборніцтвам, тады не было бы блытаніны з рэгістрацыяй, і ўсім удзельнікам пазванілі бы ў той жа дзень і праінфармавалі  аб выніках, як прадугледжана Правіламі. Гэтага не адбылося. Потым, можна больш адмыслова падыходзіць да фармавання каманд. Амаль усе арнітолагі могуць зрабіць свае каманды, калі з імі добра паразмаўляць. Хаця 11 каманд у гэтым годзе ўсё ж поспех у параўнанні з 2009.

Ваш "сакрэт" перамогі?

Добрае месца старту, дасведчаны капітан (пераможца фінскіх, швэдскіх і літоўскіх чэмпіянатаў), добрае веданне фінамі галасоў птушак.

У гэтым годзе шмат было ўдзельнікаў маладзейшых за 18 год, што бы вы ім пажадалі?

Назіраць птушак кожны дзень, вучыць галасы, рабіць лакальныя спаборніцтвы. Не баяцца аўтарытэтаў і перамагаць іх. Мне спадабаўся расказ літоўскай пары, якая ўпершыню прыехала да нас на чэмпіянат, ды і ў незалежную Беларусь. Яны матэматыкі-праграмісты і захапіліся птушкамі, калі даведаліся, што не толькі арнітолагі могуць за імі назіраць. Зараз і за мяжу яны едуць за птушкамі. Дарэчы, Мілда адсвяткавала 4 верасня тут дзень нараджэння. Таму я бы хацеў, каб птушкамі захапляліся не толькі маладыя беларусы, але і людзі іншых прафесій.

Якія ўражанні ад чэмпіянату ў вашых сяброў па камандзе, што ім спадабалася альбо ўразіла, ці магчыма што расчаравала?

Расчаравала, што спаборніцтвы не зрабілі 12 гадзінным. Яшчэ паляванне на рыбгасе ў суботу распужала многіх птушак. А так, яны задаволены і абяцалі прыехаць удвух у Горадню па медалі (вельмі спадабалася сустрэча 2 гады таму). Паведамленні кожнага 10 віда з’яўляюцца беларускай асаблівасцю і ім падабаюцца, бо даюць шанец даведацца дзе ты ў спісе, даюць эфект спаборніцтва ў адным месцы. Таксама, было бы цікава зрабіць гонку ў адным месцы, як некалі ў Кобрыне.

 

Гутарыў Сліж Яўген

 

Злева направа: Аляксандр Вінчэўскі, Krister Castren (Фінляндыя) (капітан), Seppo Hjerppe (Фінляндыя), Matti Lotjonen (Фінляндыя)

 

 

Comments

Дзякуй - цікавае інтэрвью!

Можна яшчэ дапісаць пра выпадак з закрыцьцём каманды на Волме за 45 хвілін да канца спаборніцтваў.

Еще раз поздравления победителям! Так что все-таки случилось за 45 мин до окончания соревнований, кто и где вас "закрыл" и как удалось выбраться? 

  Не ўсе фіны добра ведалі ангельскія назвы, і мы размаўлялі ў асноўным па латыні.

Большой респект Александру Винчевскому, могущему объясняться на латыни с финами. А еще говорят - мертвый язык.

 

Павел Пинчук