Што такое “польская морфа” ў лебедзя-шыпуна?

Упершыню лебедзяў з ружовымі нагамі апісаў Plot як асобны від Cygnus anseroides яшчэ ў 1686 годзе ў Вялікабрытаніі. Праз паўтара стагоддзі Yarell (1841) з-за таго, што маладыя лебедзі гэтай морфы маюць адразу падобную на дарослых птушак белую афарбоўку пер’я, назваў іх “нязменным лебедзем”, або Cygnus immutabilis.
 

Дзякуючы сучасным даследчыкам мы ведаем, што такія лебедзі – гэта не асобны від і нават не падвід, а толькі каляровая морфа лебедзя-шыпуна– такая ж, як ёсць рудая і шэрая морфы ў звычайнай зязюлі або шэрай кугакаўкі. Цяпер яе прынята называць Cygnus olor olor var. Immutabilis Yarell, або таксама называюць “шыпун польскай морфы”.
Дзякуючы генетычным даследаванням атрымалася даказаць, што шыпуны морфы Immutabilis – гэта леуцыстычна афарбаваныя (з меншай колькасцю пігменту) птушкі праз утварэнне адпаведнай рэцэсіўнай гомазіготнай камбінацыі аднаго з генаў. З-за таго, што ў птушак адметную полавую У-храмасому маюць самкі, а самцы маюць дзве храмасомы ХХ, то ў самцоў лебедзяў-шыпуноў птушкі такой морфы сустракаюцца са значна меншай частатой, чым у самак. Бо ў апошніх такая афарбоўка ўзнікае часцей пры ўзнікненні гена з алеллем х0.
Дадзеныя з Польшчы пацверджваюць гэтую гіпотэзу: з вызначаных да полу маладых птушак у 1992-1997 гг.пад Чэнстаховай, усе 17 аказаліся самкамі. З 29 птушак гэтай морфы (5 маладых і 24 дарослых), агледжаных у 1995-2009 гг. у Велькапольшчы, 27 аказаліся самкамі і толькі 2 – самцамі.
Як пухавое, так і апярэнне маладых птушак гэтай морфы мае белы колер (махавыя першай і другой ступені хутчэй колеру сметаны). Ззаду, а часам на галаве і спіне маладыя птушкі маюць пер’е з бежавым адценнем. Выступ над дзюбай не аранжава-чырвоны, а ружовы.
Дарослых лебедзей польскай морфы лягчэй за ўсё адрозніць ад нармальна афарбаваных па ружовым, а не чорным нагам, і святлейшым вачам.
Доля маладых птушак “польскай морфы” ў Чэхіі у сярэднім вагаецца каля 20% ад усіх маладых лебедзяў. Доля дарослых зімуючых птушак гэтай афарбоўкі значна меншая, таму што дарослых птушак цяжэй дакладна вызначыць, бо трэба ўбачыць колер ног.
Важна дакладна прыглядацца зімуючым лебедзям, бо маладыя птушкі з-за свайго белага апярэння могуць вызначацца як дарослыя. І такім чынам атрыманыя дадзеныя па ўзроставай структуры віду на зімоўках будуць памылковымі.

Здымак дарослага шыпуна польскай морфы з www.picasaweb.google.com
Паводле
Dolata P.T. & Mourkova J. (2009) Occurence of the Immutabilis morph of the Mute Swan Cygnus olor in the Czech Republic and Europe: Effect on the wintering census of this species. Aythya 2-2009: 76-85
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by