ЮНЭСКА абвясціла сакалінае паляванне сусветнай культурнай спадчынай: “FALCONRY is a Living Human Heritage”

Сёння ў Найробі (Кенія), на паседжанні міжурадавага камітэту ЮНЭСКА, сакалінае паляванне, як старажытны традыцыйны метад палявання з драпежнымі птушкамі, было ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (Intangible Cultural Heritage of Humanity).

Паляванне з рознымі відамі драпежных птушак вядома ўжо не менш трох-чатырох тысяч гадоў з Манголіі і Кітаю, аднак існуюць гіпотэзы, што на тэрыторыі сучаснага Ірана сакалінае паляванне выкарыстоўвалася ўжо нават восем тысяч галоў таму! За гэты доўгі час гэта традыцыя розных народаў і краін змянялася – з двароў старажытных уладароў Азіі праз каралеўскія і шляхецкія паляванні сярэднявечнай Еўропы, аднак засталася непарыўнаю з мінулым чалавецтва і яго яднаннем з навакольнай прыродай да сёння. Цікава, што ў Горадні пад час праўлення ў Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, дзейнічала адзіная вядомая ў Еўропе школа сакальнікоў.
Прыкладна 200 пакаленняў перадавала метады сакалінага палявання ад бацькі да сына, каб мы маглі падзіўляць яго ў 21 стагоддзі.
У наш час сакальнікі іграюць важную ролю ў ахове як драпежных птушак, так і іх патэнцыйнай здабычы. Менавіта яны ўзнавілі дзікія папуляцыі вандроўных сокалаў у многіх краінах Еўропы, дзе гэтыя драпежныя птушкі зніклі пад час т.зв. “эры ДДТ”.


Міжнародная асацыяцыя сакалінага палявання і аховы драпежных птушак (International Association for Falconry and Conservation of Birds of Prey), якая выступіла з ініцыятывай у ЮНЭСКА, была створана ў 1968 годзе і цяпер аб’ядноўвае таварыствы і асацыяцыі сакальнікоў з Аўстрыі, Бельгіі, Бразіліі, Канады, Харватыі, Чэхіі, Даніі, Салвадору, Эстоніі, Францыі, Грузіі, Германіі, Венгрыі, Казахстана, Індыі, Ірландыі, Італіі, Японіі, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Літвы, Мексікі, Славакіі, Славеніі, Паўднёвай Афрыкі, Гішпаніі, швецыі, Швайцарыі, тунісу, Туркменіі, ЗША і Зімбабвэ.

У 1990я гады IAF падтрымлівала вывучэнне і ахову драпежных птушак Беларусі сябрамі Заходне-Беларускага таварыства аховы птушак (ЗБТАП).

Паводле www.iaf.org (здымак казахскіх беркутчы і тэкст) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:
Колькі год кальцаванню птушак?