Навукоўцы нанеслі на мапы дакладныя месцы размяшчэння 38 калоній імператарскіх пінгвінаў у Антарктыцы. Для гэтага яны выкарысталі следы, якія застаюцца на лёдзе ад … памёту пінгвінаў!
З-за таго, што пінгвіны маюць параўнальна невялікія памеры пакуль што немагчыма назіраць за імі, выкарыстоўваючы стандартныя спадарожнікавыя здымкі. Аднак пінгвіны збіраюцца разам у калоніі рознага памеру на час да 8 месяцаў на марскім лёдзе.
Такім чынам за гэты час на месцах калоній з’яўляюцца выразна заўважныя чырванавата-карычневыя вялізарныя плямы, якія добра бачныя з космасу.
Ідэя выкарыстоўваць адзнакі жыццядзейнасці пінгвінаў у выглядзе памёту прыйшла ў галаву брытанскім даследчыкам выпадкова. Адзін з іх, Пітэр Фрэтуэлл (Peter Fretwell), географ з Брытанскай даследчай экспедыцыі, распавёў пра гэта так: “Мы наносілі на мапу адну з нашых баз на лядовым шэльфе, і мы ведалі, што недалёка ёсць калонія пінгвінаў. Я выкарыстоўваў для гэтага здымкі са спадарожніка і раптам убачыў на адным з іх вялікую карычневую пляму прыкладна ў тым месцы, дзе магла быць калонія пінгвінаў. Гэтае адкрыццё было вельмі своечасовым, бо некалькі месяцаў да таго мы зрабілі са спадарожнікаў здымкі ўсёй Антарктыкі. Цяпер мы маглі ўзяць іх і выкарыстоўваць для пошуку калоній”.
Параўноўваючы здымкі з месцам знаходжання ўжо вядомых калоній пінгвінаў, навукоўцы змаглі вызначыць 10 да гэтага невядомых калоній. Акрамя гэтага атрымалася адзначыць, што яшчэ шэсць калоній значна змянілі сваё папярэднее месца знаходжання і іншыя шэсць зніклі ў невядомым кірунку.
"Мы ведаем, што імператарскія пінгвіны спадзяваюцца на марскі лёд пад час размнажэння – як белыя мядзведзі ў Арктыцы залежаць ад яго для палявання. І хаця цяпер лёд выглядае параўнальна стабільным, мы ведаем, што ў наступныя гады гэта можа хутка змяніцца. Таму мы павінны зараз ведаць дзе знаходзяцца пінгвіны і колькі іх каб мець магчымасць зрабіць ацэнкі пагрозаў іх існаванню пры змене клімату.” – дадаў Фрэтуэлл.
Вынікі даследаванняў былі апублікаваныя ў Global Ecology and Biogeography.
Паводле www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў для www.BirdWatch.by Дзьмітры Вінчэўскі.
Здымак British Antarctic survey.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ