Новая надзея на захаванне апошняга сейшэльскага крытычна пагражаемага віду птушак

Першыя птушаняты Сейшэльскай райскай валасяніцы Terpsiphone corvina выляцелі за апошнія 60 год па-за востравам La Digue з гнязда на каралавым востраве Denis. Маладыя птушкі ўжо добра лятаюць, крычаць і падкармліваюцца сваімі бацькамі. “Тыповыя нармальныя і здаровыя птушаняты валасяніц” – так пракаментаваў іх паводзіны Нірмал Шах (Nirmal Shah), дырэктар Nature Seychelles (партнёр BirdLife).
Сейшэльская райская валасяніца засталася адзіным сейшэльскім відам птушак, які мае “крытычна пагражаемы” статус. Раней такія крытычна пагражаемыя віды як сейшэльскі сарокавы дрозд Copsychus sechellarum, сейшэльская белаглазка Zosterops modestus і сейшэльская сплюшка Otus insularis дзякуючы эфектыўнай ахове атрымалі больш нізкі ахоўны статус. Аднак і папуляцыя райскай валасяніцы паступова павялічваецца: ў 1996г. іх налічвалі 69-83 пары, а праз чатыры гады (калі праводзіўся апошні поўны ўлік віда) іх стала паміж 104 і 139 парамі.
Птушкі з вострава La Digue рэгулярна заляталі на суседнія астравы, аднак не змаглі стварыць там гняздуючыя папуляцыі. Таму пры падтрымцы Дарвінаўскай ініцыятывы (брытанскай дзяржаўнай установы) быў здзейснены трохгадовы праект па рэінтрадукцыі валасяніц на востраве Denis. Праект ажыццяўлялі Nature Seychelles разам з Durrell Institute of Conservation and Ecology (DICE) і іншымі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі з Сейшэлаў. 
Сейшэльскія райскія валасяніцы патрабуюць для харчавання мясцовыя віды дрэваў: бадамер Terminalia catappa і такамака Calophyllum innophylum. Тым не менш, іх патрабаванні да гнездавых тэрыторый меншыя, чым лічылася дагэтуль. Пасля значнага павелічэння колькасці птушак яны пачалі гнездаваць у лясах без падросту недалёка ад пабудоў чалавека, і выкарыстоўваць для гэтага ўсё больш відаў дрэваў.
Nature Seychelles пачалі ўзнаўляць экасістэмы на востраве Denis у 2002г. з дапамогай 2 праектаў ад Global Environment Facility і пры супрацоўніцтве з уладальнікамі вострава. Праца працягнулася і пад час рэалізацыі новага праекта. Востраў ачысцілі ад інтрадукаваных драпежнікаў.
У лістападзе 2008г. 23 валасяніцы былі перавезены з La Digue на Denis. Nature Seychelles мае дадзеныя пра 21 з гэтых птушак, пры чым адзін “стары” самец з’явіўся пасля знікнення са сваёй тэрыторыі і замены яго маладым самцом.
Ёсць разлікі, што памер папуляцыі на востраве Denis можа дасягнуць 40-50 птушак. Іншыя астравы ацэньваюцца на адпаведнасць для перасялення птушак.

Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.BirdWatch.by