"Арлы і стрынаткі" - чэмпіёны Беларусі 2014 году

 Віншуем пераможцаў ХІ адкрытага чэмпіянату Беларусі па спартыўнай арніталогіі - каманду "Арлы і стрынаткі", якая стартавала ў Пінскім раёне і змагла адзначыць за 12 гадзін спаборніцтваў ажно 120 відаў птушак. Такім чынам,  камандзе ў складзе Дзяніса Кіцеля, Стаса Верталя, Ганны Трафімчук і  Насты Кузьмянковай атрымалася ўсталяваць новы рэкорд гонак за птушкамі. Папярэдні рэкорд належаў фінска-беларускай камандзе "Lintu" і складаў 114 відаў. Гэты вынік быў паўтораны беларускай камандай "Merlin", але дагэтуль трымаўся непабітым.

"Арлы і стрынаткі" амаль даехалі да беларускай Меккі птушак - наваколля Турава, ўбачылі шэраг вельмі цікавых відаў: сыча-сіпеля і чорнагаловага ерчыка (хатнія загатоўкі Стаса Верталя каля месца старту - в.Парахонск), а таксама  каменешарку і малага грыцука. Аднак цікава, што не адзначылі, напрыклад, такі шматлікі і шырока распаўсюджаны від, як грак. 

Каманда-Чэмпіён 2014 году ў Тураве пасля спаборніцтваў.

Вынікі іншых каманд наступныя:

2 месца - каманда "Parus"  (пераіменаваная "Strix-2014")  са 116 відамі

3 месца - каманда "Lintu" са 115 відамі

4  месца - каманда "Rara Avis" са 111 відамі

5 месца - каманда "1514" са 108 відамі

6 месца - каманда "BS" са 106 відамі

7 месца - каманда "Кронан" са 100 відамі

8 месца - каманда "Палескія зязюлі" з 86 відамі

9 месца - каманда "Гарадзенскія кралькі" з 64 відамі (дзяўчыны на 3 гадзіны загразлі на машыне на балоцістым поле)

10 месца -  каманда "Хай Хілз" з 22 відамі 

 

Такім чынам, спраўдзілся наш прагноз наконт таго, што змена правіл  - а канкрэтна магчымасць не вяртацца на месца старту- зможа павялічыць колькасць адзначаных відаў. Амаль усе каманды, якія ўдзельнічалі ў гонках 12 гадзін змаглі значна павялічыць свой камандны спіс.

Віншуем усіх удзельнікаў з сапраўдным святам назіранняў за птушкамі, дзякуючы якому, акрамя задавальнення ад вялікай колькасці цікавых сустрэч з птушкамі, атрымалася зрабіць зрэз міграцыі на пачатак верасня для некалькіх рэгіёнаў Беларусі.

Да новых сустрэч на Чэмпіянаце!

 

Верхні здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

На гэтую тэму:

У ХІ АДКРЫТЫМ ЧЭМПІЯНАЦЕ БЕЛАРУСІ ПА СПАРТЫЎНАЙ АРНІТАЛОГІІ УДЗЕЛЬНІЧАЮЦЬ 10 КАМАНД + ІХ СКЛАД + ІНТЭРВ’Ю ДЗЯНІСА КІЦЕЛЯ

  Юбілейны Х Чэмпіянат па спартыўнай арніталогіі выйгралі … тураўскія птушкі + Табліца з адзначанымі відамі

 

 

Comments

7777 (госць) - 07.09.2014 - 08:39

чамусьці не магу пракаментаваць пад сваім нікам. Віншую пераможцаў, асабліва дзяўчын, дарэчы гэты першыя чэмпіёнкі ў Беларусі, а таксама і ўсіх іншых удзельнікаў з цікавым святам. Надвор'е і птушкі вельмі парадавалі. Дарэчы наш рэкорд не пабіты. Рэкорд 115 відаў за 9 гадзін)))) сёлета мы ўстанавілі новы: 101 від за 6 гадзін. Ну а арлы і стрынтакі ўсталявалі рэкорд для 12 гадзін, які цяжка будзе узяць, бо патрэбна спалучэнне многіх фактараў! ав

Harrier - 07.09.2014 - 18:29

In reply to by 7777 (госць)

 Дзякуй, паправіў наконт папярэдняга рэкорду.

Добрыя і сапраўдныя рэкорды трымаюцца параўнальна доўга. Але ўсе ўдзельнікі набіраюцца досведу і з часам спаборніцтвы толькі дадаюць інтрыгі і адзначаных відаў. Сёлета амаль усе  ўбачылі сотню ці больш, а ў мінулым годзе толькі 2 каманды. Канешне, сапраўдная працягласць толькі павялічылася са зменамі правіл. Так што з гэтай зменай адгадалі. А вось патрабаванне адправіць фоткі Спісу да 18.45 выглядае маларэальным і варта даць на гэта 1,5 гадзіны пасля спаборніцтваў - час, неабходны, каб вярнуцца да цывілізацыі і даслаць здымкі.