Шэрыя вароны аказаліся не глупейшымі за чалавека

Вароны маюць выдатныя разумовыя здольнасці і могуць рашаць нават абстрактныя задачы  - аналагічна людзям. Такія нечаканыя высновы атрыманы ў новым даследаванні. 

Вароны параўнальна даўно і цалкам заслужана лічацца аднымі з самых разумных птушак: яны могуць адрозніваць і запамінаць твары людзей, выкарыстоўваюць прылады і камунікуюць адна з адной даволі складанымі спосабамі. Новае даследаванне расійскіх навукоўцаў паказала, што гэтыя птушкі “далучыліся” да чалавека і чалавекападобных малпаў у тым, што таксама могуць думаць абстрактна. 

Анна Смірнова з калегамі назірала над выбарам шэрых варон (Corvus (corone) cornix) пад час звязаных суадносных спробаў  ('relational matching' trial). "Тое, што зрабілі вароны – фенаменальна” – сказаў Эд Васерман (Ed Wasserman), адзін з сааўтараў работы і прафесар псіхалогіі ва ўніверсітэце штата Айова (ЗША). "Гэта цудоўны вынік. Дагэтуль падобнае дэманстравалі чалавекападобныя і іншыя малпы, але цяпер гэта паказала птушка. Аднак гэта няпростая птушка, бо яе мозг таксама вылучаецца сярод птушак, як мозг чалавекападобных малпаў вылучаецца сярод звяроў”. 

У эксперыментах удзельнічалі дзве дарослыя шэрыя вароны, якіх трэнавалі адрозніваць прадметы па колерах, форме і колькасці. Птушкі знаходзіліся ў вальеры, ў якую змяшчалі пластыкавы латок. У апошні ўстаўлялі 3 невялікіх кубачкі. 

Адзін з кубачкаў стаяў па цэнтру і быў накрыты невялікай карткай з намалёванымі прадметамі або рознага колеру, або формы, або з рознай іх колькасцю. Два іншыя кубачкі па краях таксама былі накрыты карткамі, на якіх намалёваныя прадметы або адпавядалі картцы па цэнтру, або не. Каб заахвоціць варон шукаць правільны кубачак, пад яго падкладвалі па два мучных чарвяка ў якасці ўзнагароды. Але калі вароны спярша выбіралі няправільную картку (і кубачак), яны не атрымлівалі нічога.

Калі птушкі натрэніраваліся знаходзіць аднолькавую пару, наступіла другая фаза эксперыментаў. У гэты раз знайсці патрэбную пару трэба было без дакладнага супадзення на аснове іншых супадзенняў, пра якія трэба было здагадацца. Цяпер усе карткі выкладваліся так, каб ніколі малюнкі прадметаў на іх дакладна не супадалі і, значыць, не было фізічнай ідэнтычнасці паміж малюнкамі. Напрыклад, каб атрымаць ежу, варонам трэба было выбраць два кругі аднолькавага памеру, а не два кругі рознага памеру калі на картцы па цэнтру былі намаляваныя два аднолькавыя квадраты. 

Найбольш здзівіла навукоўцаў, што птушкі не толькі паспяхова рашалі такія задачы, але тое, што яны рабілі гэта спантанічна без яўнай трэніроўкі. 
"І гэты вынік – найбольшае дасягненне” – сказаў праф. Васерман. “Нават калі б вароны пад уздзеяннем сілы навучыліся такому выбару, гэта было б уражваючым вынікам. Але яны зрабілі гэта спантанічна”.  

Энтані Райт (Anthony Wright), прафесар неўрабіялогіі і анатоміі ва ўніверсітэце Тэксаса, пракаментаваў публікацыю наступным чынам: “Гэта адкрыццё раўназначна дэманстрацыі таго, што некаторыя птушкі, ўключна з варонамі, могуць выкарыстоўваць прылады. Мысленне з дапамогай аналогій, пошук ненаўпростых сувязяў лічыцца сярод т.зв. абстрактных разважанняў вышэйшага ўзроўня. Дзесяцігоддзямі лічылася, што гэта магчыма толькі для чалавека і некаторых чалавекападобных малпаў. Яўная спантанічнасць працэса, прадэманстраванага птушкамі, робіць яго яшчэ больш адметным”. 

Праф. Васерман не баіцца скпетыкаў і спадзяецца на тое, што паспяховы эксперымент будзе паўтораны на большай колькасці варон і іншых відах птушак. І тады чалавечая гардыня будзе пасаромлена. 

Крыніца:

Smirnova A., Zorina Z., Obozova T. and Wasserman E. 2014. Crows Spontaneously Exhibit Analogical Reasoning. Current Biology DOI: 10.1016/j.cub.2014.11.063 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

 

На гэтую тэму:

ВАРОНЫ ДАПАМАГАЮЦЬ АДНА АДНОЙ У ПАТРЭБЕ

НОВАКАЛЕДОНСКІЯ КРУМКАЧЫ ЗНОЎ ЗДЗІВІЛІ НАВУКОЎЦАЎ

РАЗУМНЫЯ ГРАКІ ПАЦВЕРДЖВАЮЦЬ СТАРАЖЫТНУЮ БАЙКУ

НОВАКАЛЕДОНСКІЯ КРУМКАЧЫ МОГУЦЬ ВЫКАРЫСТОЎВАЦЬ ТРЫ ПРЫЛАДЫ ЗА АДЗІН РАЗ!

КАНФАРМІЗМ І НОНКАНФАРМІЗМ У ПТУШАК НА ПРЫКЛАДЗЕ ВЯЛІКІХ СІНІЦ

Шэрая і чорная вароны пад генетычнай “лупай”

 

 

Comments