Шэрая гусь з брытанскімі кольцамі застрэлена на Смаргоншчыне

    Паводле паведамлення Аляксандра Ясевіча, сябра АПБ са Смаргоні, мясцовы паляўнічы перадаў яму тры кальцы ад застрэленай ім 11 кастрычніка самкі шэрай гусі: блакітныя пластыкавае нашыйнае, пластыкавае з нагі і металічнае з надпісам: BTO Nat.Hist. Museum London SW7  1264721. Як толькі адказ ад брытанскіх калег будзе атрыманы, аб часе і месцы кальцавання гэтай птушкі мы будзем інфармаваць на нашым сайце.

    Гусь была забіта пад час пасадкі на ваду ў в.Лыкойці (Смаргонскі раён Гродзенскай вобл.). У валлі было зерне кукурузы. Калі паляўнічы не памыліўся ў вызначэнні, забітая гусь належыць да віду, абвешчанага сёлета птушкай году.
У апошнім выданні Чырвонай кнігі нашай краіны шэрая гусь была аднесена да рэдкіх відаў, паляванне на якіх забаронена, бо ў нашай краіне гняздуюць не больш за 200-300 пар гэтых птушак, тады як у многіх краінах Заходняй і Ўсходняй Еўропы дзякуючы забароне вясновага палявання на птушак колькасць віду даўно вядзецца на тысячы або нават дзесяткі тысяч гняздуючых пар. Аднак праз нейкі час пад націскам паляўнічых від быў выкрэслены з чырвонакніжных, хаця яго колькасць у Беларусі не павялічылася.
   Беларусь (разам з некаторымі рэгіёнамі Расіі) застаецца адзінай краінай ў Еўропе, дзе вясновае паляванне на птушак усё яшчэ застаецца законным.
 

Дзьмітры Вінчэўскі,
Гродзенскае абласное аддзяленне АПБ
Здымак аўтара (колер пластыкавых кольцаў на здымку не адпавядае сапраўднаму!)

Яшчэ на гэтую тэму на нашым сайце:

Охотники почти истребили в Беларуси серого гуся