Дама з сабачкам на Ельне

05.12.2015 - 21:52 | AV
  Шмат людзей хочуць захаваць прыроду ў сваіх мясцінах. Але не ведаюць, з чаго пачаць. Добрай магчымасцю для многіх стала праграма АПБ «Захавальнікі ТВП». З 2009 года АПБ пачала шукаць неабыякавых да прыроды людзей і аб’ядноўваць іх у сетку захавальнікаў Тэрыторый, важных для птушак. Гэты прызнаны ва ўсім свеце спосаб аховы прыроды добра зарэкамендаваў сябе і ў нашай краіне: у 2015 годзе сетка захавальнікаў ТВП Беларусі налічвае больш за 200 чалавек і працягвае расці. 

 

Вакол Ельні склалася самая вялікая сетка Захавальнікаў: валанцерскія летнікі, маніторынг і рэмонт плацін, удзел у фестывалі «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», дапамога ва ўліках птушак… Дапамагаць балоту можна па-рознаму. У Ельні зараз больш за 30 актыўных захавальнікаў. З-за любові да прыроды і па закліку ўласных сэрцаў яны добраахвотна аберагаюць лясныя і балотныя ўгоддзі, першымі паведамляюць пра непарадкі і надзвычайныя здарэнні, выяўляюць рэдкіх жывёл і расліны ў самых аддаленых куточках. 

 

Захавальнікі. Хто гэтыя людзі? Хочам падзяліцца з вамі гісторыяй Касі Казачонак, актыўнай захавальніцы ТВП «Балота Ельня».  

 

Кася Іосіфаўна нарадзілася ў вёсцы Хараброва, што прытулілася да другога па памерах у раёне тарфянога масіву Балота-Мох. Да чацвёртага класа дзяўчынка хадзіла па яго лясістым ускрайку ў Букаўскую пачатковую школку. Ужо тады ведала на шляху ўсе расліны, па слядах магла расказаць пра паводзіны лясных жыхароў. Як крыху пасталела, бацька Іосіф Мікалаевіч Карніцкі пачаў браць дачку на рыбалку, на паляванне нават на ваўка. Праўда, у якасці назіральніка, без стрэльбы. Ружжом абжылася пазней, калі выйшла замуж. Нагадвае, што гэта была куркоўка: узвадзіць яе цяжка, таму памяняла на мужава ІЖ-58, 16-га калібру.

 

Адразу, калі аказалася ў Каменполлі, распытала ў мужа, як арыентавацца на балоце з гэтага боку. А потым адна пайшла знаёміцца з мясцовасцю. Наведала колішнія сядзібы на ўзвышшах Лаўрэн і Буглак, названыя па імёнах-прозвішчах гаспадароў, Цікін Востраў з вялікімі дрэвамі, дала свае назвы іншым астравам з улікам прыкметных асаблівасцяў– Бярозавы, Вольхавы, багаты на чарніцы Воўчы (там тады былі іх норы), Каменны. Калі заблудзілася, узабралася на дрэва, каб удакладніць напрамкі. Разведала падыходы да азяравак, вызначыла ягадныя мясціны, падзеленыя даўнімі канавамі. І хутка ведала наваколле лепш за карэнных мясцовых жыхароў. 

 

Вы б паслухалі, як расказвае пра прыгажосць роднага балота Кася Іосіфаўна. Вясной першай на ім ажывае пушыца, потым пачынае квітнець андрамеда, у маі ўзмацняецца пах багульніка… Як усё гэта не пабачыць! 

 

Фота — заказнік ЕльняРасіцы, заказнік Ельня

 

Змеяў баіцеся? Не варта, яны ніколі не нападаюць на чалавека, толькі бароняцца. Проста трэба быць пастаянна ўважлівымі, каб не наступіць нагой, не падсунуць пад ядавітыя зубы руку. А так шэрая гадзюка крыху пашыпіць і сама адпаўзе.

 

Колькі разоў сутыкалася сам-насам з ваўкамі, нават з ваўчыцай непадалёку логава. Чула, як драпежніца ціхенька клікала свой вывадак, каб непрыкметна адвесці малых далей ад небяспечнага для іх чалавека.

З душэўным болем успамінае вялікі балотны пажар 2001 года. Яна тады якраз пайшла ў водпуск. Як пабачыла дым, пабегла да месца загарання, а там суцэльны вал полымя наступае на ягаднікі, грыбочкі. Стала ў адзін рад з леснікамі, пажарнікамі. Каб спыніць вогненную навалу, пусцілі сустрэчны агонь, толькі і гэта не дапамагло. Тада вельмі пацярпелі Цікін Востраў і Ваўчыны. Вялікія дрэвы на іх загінулі, пазней іх спілавалі. Пасля і ваўкі на Ваўчыным перасталі вадзіцца. Касі Іосіфаўне трэба было капаць уласную бульбу, а ляснік вельмі прасіў дапамагаць у тушэнні. І дапамагала. 

Потым думала, што пасля такога вялікага пажару балота доўга не адновіцца. Але ўжо наступнай вясной прыкмеціла: грыбы з’явіліся на прывычных месцах, чарнічнік адрастае, бярозкі праз гарэлы мох прабіваюцца. Атрымліваецца, полымя дае новы стымул адраджэнню.

 

Вядома, перш чым пайсці ў ягады, грыбы, на рыбалку ці паляванне, на аднаўленне плацін, а ўсім гэтым Кася Іосіфаўна не толькі захапляецца, яна гэтым жыве, трэба спарадкаваць агарод і дом, статак (і цяпер гадуюць з мужам каня, парася, дамашнюю птушку, да нядаўняга часу была карова), прыгатаваць ежу і накарміць сям'ю. Ужо потым– справа для душы на прыродзе. Ці кожны на такі жыццёвы рытм гатовы?

Апавядае, што грыбы пачынае збіраць з канца мая. Падабаецца цікаваць за баравікамі ды падасінавікамі ноччу з ліхтарыкам. Іх белыя ножкі тады так цудоўна высвечваюцца ў промні электрасвятла. Не верыце? Паспрабуйце абавязкова! А самае свежае ўражанне, як нядаўна спачатку прыкмеціла тры падасінавікі, а калі прысела, прыгледзелася — адзін за адным набралася цэлых 80! 

На рыбалку збіраецца па-жаночы сур'ёзна: летам выкарыстоўвае лодку "калібры", ставіць палатку, якую звычайна вартуе сабака Ральф, бярэ патэльню для бліноў (рыбу не смажыць, верыць, што пасля гэтага не клюе), каструлю для грыбнога супу ці кашы. На Глыбцы пашчасціла на донку выцягнуць ліня ў кіло 200, 700-грамовых ляшчоў. 

У ягады скіроўваецца па марозе, тады журавіны ўжо спелыя і брусніцы салодкія. Суніцы прыкмеціла ля азяравак, сёлета летам там назбірала цэлых 20 літраў! Па-сапраўднаму небывалы надаўся ўраджай. 

З мужам Васілём Касі проста, яны аднадумцы. Да ўсіх сваіх захапленняў з маленства прыахвоціла сыноў. Спачатку праклала для іх сцежку да азяравак, каб не заблудзіліся ў паходзе за грыбамі. А што гэта за хлопчыкі, калі рыбу не ловяць. Вось Коля ўжо ў 10 ездзіў на спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, браў прыклад са старэйшага Арцёма. Яны ўжо дарослыя, падаравалі бабулі дзвюх цудоўных унучачак Сафію і Валерыю, а бабуля загадзя падрыхтавала для іх вудачкі.  Дарэчы, Лерачка ўжо "дапамагала" ёй збіраць грыбы—паказвала на іх пальчыкам.

 

- Я – балотны чалавек, - з гордасцю сцвярджае Кася Іосіфаўна. – Калі захварэю, іду на прыроду лячыцца і набірацца энергііНе люблю хадзіць па магазінах у выхадныя, не вытрымліваю доўга ў горадзе.  А камары на балоце — не самае страшнае.  Ад іх нескладана ўратавацца.

 

Клапоціцца яна, каб роднае балота станавілася багацейшым. Напрыклад, не толькі ахоўвае прыродныя ўчасткі чарамшы ад браканьерскага вынішчэння, нават распаўсюджвае гэтую цудоўную расліну. Пасадзіла яе і ў сваім агародзе.

Дарэчы, таленты Касі Іосіфаўны прызнаны не толькі ў Беларусі. Менавіта з ёй расійскія тэлевізійшчыкі здымалі фільм. Кожны год прыязджае ў Каменполле сталічны арнітолаг, наведваліся біёлагі для вывучэння беларускіх балот з Тбілісі і Душанбе, між іншым, плоў і іншыя іхнія цікавыя стравы навучылі гатаваць. Даводзілася кальцаваць чаек-клыгуноўГэта вялікія і прыгожыя птушкі, гняздавалася іх на балоце 12 пар. А потым колькасць стала памяншацца. Нямала пакалясіла па балоце Кася Іосіфаўна, пакуль не высветліла, што яйкамі гэтых птушак ласуюцца янотападобныя сабакі. Нават норы іх знайшла. Ну а спыніць драпежнікаў-чужынцаў дапамаглі ўласныя сабачкі-паляўнічыя. 

Экасцежка ў заказніку Ельня

 

Упершыню на Ельні Кася Іосіфаўна пабывала ў суправаджэнні правадніка- першага "гаспадара" заказніка Пятра Іванавіча Багалея, паспрабавала лавіць чорных акунёў на Бліжнім. Аднак ужо на наступны дзень сама стала гідам.

Вядома, параўноўвае гэтыя балоты: «У нас паўсюдна растуць дрэвы, ягаднікі, а там—нібы тундра». Аднак гэта не перашкаджае ёй з усёй сям'ёй– мужам і двума сынамі– удзельнічаць у ахоўных мерапрыемствах на Ельні, у першую чаргу будаваць ці аднаўляць плаціны на балотных пратоках і каналах. І здзіўляцца непасрэдна возеру Ельня, дзе доўга-доўга ідзеш па мяккім імшыстым дне па пояс у вадзе. «Нават утапіцца нельга»,- жартуе Кася.

Кася Казачонак даўно стала грамадскім інспектарам аховы прыроды (была раней такая пасада пры раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя). Цяпер гэта грамадскі эколаг, які выконвае тыя ж ахоўныя функцыі. Што да захавальнікаў, то да іх ліку Кася Іосіфаўна адносіць не столькі сябе, колькі ўсю сваю сям'ю. Як бачыце, заслужана.

 

Паводле «Міёрскія навіны»

 

Вольга Лукшыц, супрацоўнік па прыродаахоўных пытаннях АПБ, каардынатар сеткі захавальнікаў ТВП:

- Кася Казачонак стала адным з першых Захавальнікаў ТВП «Балота Ельня». У самыя першыя валанцерскія летнікі на Ельні ў 2007 годзе яна была ангелам-ахоўнікам валанцераў: праводзіла нас балотнымі сцяжынкамі, выбірала месца начлегу. Яна заўсёды – адзін з самых актыўных удзельнікаў валанцёрскіх летнікаў на Ельні. Бывала, што Кася давала майстар-классы, як карыстацца бензапілой. Жыве яна каля яшчэ адной ТВП «Цікіны астравы». Мы бываем там намнога радзей, а Кася паведамляе нам пра цікавыя назіранні ці ўзнікаючыя пагрозы. Нашы захавальнікі – людзі, якія натхняюць усіх навокал, людзі, з якіх варта браць прыклад. Далучайцеся!

 

Пабудаваныя валанцёрамі плаціны, якія берагуць Ельню ад пажараў Пабудаваныя валанцёрамі плаціны, якія берагуць Ельню ад пажараў

 

Як стаць захавальнікам? 

Зайдзіце на iba.ptushki.org , знайдзіце важную для вас тэрыторыю. Далучайцесь да яе захавальнікаў ці станьце першым!  

 

На верхнім здымку захавальні Ельні рамантуюць плаціны.  Фота — І.Барок, А.Бандарук