Пустальга – адзін з трох відаў сакалоў, якія гняздуюцца ў Беларусі (яшчэ два віды гэта сокал-кабец і сокал-дрымлюк), яшчэ 3 віды залятаюць на тэрыторыю нашай краіны (вандроўны сокал і сокал-шулёнак – даволі рэгулярна, сокал-балабан быў упершыню адзначаны у нас толькі ў 2008 годзе). Усе сокалы занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а сокалу-балабану, на жаль, пагражае знікненне ў глабальным маштабе. Сваю дзіўную назву – дарэчы, вельмі падобную ў многіх славянскіх мовах – гэты невялікі сакалок атрымаў яшчэ ў часы папулярнасці сакалінага палявання. З-за невялікіх памераў і прызвычаення лавіць невялікіх грызуноў птушка была прызнаная “пустой”, непрыгоднай для палявання. Назва ў такім выглядзе дайшла да нашых часоў. Лацінская, або навуковая назва Falco tinnunculusзначыць “звонкі сокал”, а, напрыклад, украінская назва “борівітер” найлепш перадае самую характэрную рысу пустальгі – пад час палявання яна на нейкі час завісае ў паветры, трапечучы крыламі, выглядаючы здабычу. Часта гэта адбываецца супраць ветру, таму і выглядае як барацьба птушкі з ім. Распаўсюджаны гэты від драпежных птушак вельмі шырока: практычна па ўсёй Еўропе, Паўночнай Афрыцы, на Блізкім Усходзе і праз Азію на усход праз Сібір да Далёкага Ўсходу. Птушкі жывуць перад усім у адкрытым ландшафце, там, дзе ёсць дрэвы або скалы – дзе сокалы і ладзяць свае гнёзды. |
Цікава, што як і амаль усе іншыя сокалы, гнёздаў пустальгі самастойна не будуюць, а таму вымушаныя займаць або нейкія нішы сярод скал або ў будынках чалавека, або гнёзды іншых птушак (часцей за ўсё гэта розныя віды крумкачовых: варона, крумкач, грак і сарока). Тут сакалам і можа дапамагчы чалавек – развесіць у найбольш адпаведных для пустальгі месцах нескладаныя гнездавыя скрыні, якія птушкі вельмі ахвотна займаюць і выкарыстоўваюць на працягу некалькіх гадоў.
Так, напрыклад, пад час агульнапольскай акцыі “Дапаможам пустальзе!” было развешана каля 1000 гнездавых скрыняў па ўсёй Польшчы. Амаль усе яны былі заняты птушкамі.
Пустальгі – параўнальна невялікія сакалкі: даўжыня цела толькі каля 30 см, размах крылаў – каля 80 см, а вага птушак каля 250 г. Самкі трошкі большыя за самцоў і не так ярка афарбаваныя.
Як і іншыя драпежныя птушкі, якія харчуюцца пераважна мышападобнымі грызунамі, пустальгі на самым пачатку сезону гнездавання могуць ацаніць колькі грызуноў яны змогуць злапаць пазней для сваіх птушанят і адкладваюць адпаведную колькасць яек – звычайна ад 3 да 7 ці нават 9. У гады з невялікай колькасцю палёвак сакалкі пераключаюцца на здабычу землярыек, яшчурак, слёткаў невялікіх птушак, вялікіх жукоў і конікаў і нават дажджавых чарвей. Акрамя гэтага, птушкі могуць перамяшчацца на даволі значныя адлегласці, каб гнездаваць пераважна там, дзе грызуноў у гэты год найбольш. Такім чынам – асабліва ў прыродных умовах, - колькасць птушак можа ў разы адрознівацца ў розныя гады.
Трошкі інакш справы выглядаюць у гарадах, дзе дзякуючы параўнальна вялікай колькасці дробнай здабычы ў іх або ў гарадзкім наваколлі і бяспечнай для птушак наяўнасці адпаведных гнездавых ніш у будынках сокалы пачынаюць гнездаваць усё часцей. У Заходняй Еўропе пустальгі даўно сталі звычайным – але і надзвычай прыгожым – элементам гарадзкіх краявідаў. Гадоў 20-30 таму падобны працэс “урбанізацыі” пустальгі пачаўся і ў Беларусі.
Так, у Брэсце штогод гняздуюцца 50-60 пар гэтых птушак, прычым колькасць пустальгі ў гэтым горадзе паступова расце. У Гродне пустальгі на працягу некалькіх апошніх гадоў займаюць касцёл бернардынцаў і тэлевізійную вежу, яшчэ некалькі птушак засялілі ВА Азот і мікрараён Дзевятоўка. Спадзяемся, што з дапамогай людзей такіх месцаў (дзякуючы развешаным гнездавым скрыням) стане больш па ўсёй Беларусі.
Пустальгі з паўднёвых папуляцый на зіму нікуды не адлятаюць, нашы і птушкі з больш паўночных месцаў пералятаюць на зіму і Паўднёвую і Заходнюю Еўропу, хаця часам застаюцца ў невялікай колькасці і ў нас.
Агульная колькасць віду ў Беларусі ацэньваецца ў 1400-2000 пар, і, напэўна, працягвае змяншацца – па меншай меры па-за пасяленнямі чалавека.
Наш сайт www.birdwatch.by з дапамогай спонсараў і калег з-за мяжы плануе у наступным годзе усталяваць уэб-камеры на гнёздах пустальгі ў Брэсце і Гродна, так, каб за іх жыццём ад пaчатку гнездавання ў сакавіку і да вылету птушанят у чэрвені можна было б бяспечна для птушак назіраць 24 гадзіны на суткі.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ