Птушыны мегаполіс, або мае прыгоды на Сэйшэлах

 Лодка мандарынавага колеру нясе нас па ўхабістых хвалях амаль спакойнага Індыйскага акіяна. У яго то сініх, то зялёных (як колер маіх вачэй) водах прытаіўся маленькі астравок Арыд, схаваўшыся за ў шмат разоў большы суседні востраў Пралін. Плошча Арыду меньшая за адзін квадратны кілямэтар, але нейкія там 67 гэктараў сушы прытулілі амаль мільён птушак. 

Паверыць у гэта да апошняга імгненьня я не наважваўся, таму скептычна ўглядаўся ва ўзьніклы з-за апошняга парослага трапічным лесам кутка Праліна гарысты астравок з танюткай стужкаю пясчанага пляжа. Набліжаемся - ўсё бліжэй і бліжэй. Праз тоўшчу сіняй вады на паверхню з высокай хуткасьцю выскокваюць дзіўныя рыбы, дзякуючы доўгім плаўнікам, быццам крылам, яны доўга планіруюць над паверхняй вады, а потым зьнікаюць у сіняй глыбіні. Іншыя рыбіны адчувалі пачуцьцё палёта, дзякуючы свайму танюткаму і доўгаму целу. 

Мінаем востраў Бубі – маленькую і круглую горку, быццам бы жаночую грудзь з парослай дрэвамі вяршыняй. А Арыд робіцца ўсё бліжэй і бліжэй, цалкам дзікі, зялёны ад густых дрэваў. Вакол лодкі лятаюць у розныя бакі глупыя чайкі, фаэтоны і белыя крычкі. Чым бліжэй мы набліжаемся да выспы, тым робіцца больш відавочным, што гэта сапраўды птушыны востраў. Над сушай у небе, быццам бы агромная чарада камароў, мітусяцца птушкі. Іх сапраўды шмат, але ўсё роўна паверыць у мільён мне яшчэ складана.

Пераадольваючы прыбой, Джым хутка разганяе лодку, і, карыстаючыся высокай хваляй, праразае пясчаны пляж - мы нарэшце на сушы. Першы крок на белы, вільготны пясок. Першы позірк на пальмы, трапічныя дрэвы, вёску, дзе прыйдзецца правесьці ўсю восень. Яшчэ адна мара здзейсьнілася - я на Сэйшэльскіх астравах. Ня ведаю, чаму сярод мноства незвычайных месцаў на нашай плянэце мне закарціла пабываць менавіта ў адной з самых маленькіх краінаў Сьвету з насельніцтвам менш, чым у сто тысяч чалавек, але багатай на нацыянальныя паркі і запаведныя, дзікія астравы. На Сэйшэлах забаронена будаваць будынкі вышэй за дрэвы, таму ўсе астравы з мора выглядаюць зялёнымі, а дамы хаваюцца ў цені шырокалісьцевых дрэваў. Тое ж і на Арыдзе. Маленькая вёска з чатырох двукватэрных дамоў і тройкай тэхнічных будынкаў кампактна месьціцца пасярод высокаствольных дрэваў. Зусім нябачная звонку, яна жыве ў гармоніі з дзікімі жыхарамі выспы.

Гэтая зямля належыць птушкам, мы тут толькі госьці, - кажа Юзіс, калі мяне ўпершыню абгадзілі глупыя чайкі, якія шчыльна снуюць над намі, - хутка звыкнешся і нават ня будзеш зьвяртаць увагі на такую акалічнасьць.

А я быў зусім ня супраць значнай колькаснай перавагі птушак! Так мала месцаў на Зямлі, дзе інтарэсы дзікай прыроды сапраўды дамінуюць над чалавечай прагай пажывы. 

Але і тут так было не заўсёды. Нацыянальны парк з’явіўся ўпершыню ў шасьцідзясятых. Потым, у 1973-м годзе, востраў выкупіў Хрыстафер Кэдберы, уладальнік сусьветнавядомай чакаляднай фабрыкі. І выкупіў яго ў мэтах аховы прыроды для Каралеўскага Таварыства Аховы Птушак Вялікабрытаніі. На востраве стварылі прыватны нацыянальны парк (хоць цяпер ён падтрымліваецца мясцовай прыродаахоўнай арганізацыяй), які ня страціў сваёй значнасьці для сусьветнай аховы прыроды. 

Што ж было раней? Калі людзі засялілі востраў, яны пачалі актыўна “высмоктваць” з яго усё, на чым можна было зарабіць грошы. Зпілавалі лес, зьбіралі гуано (шматмятровыя залежы птушынага памёту выкарыстоўваліся, як высокапрадуктыўнае ўгнаеньне), насадзілі какосавыя плянтацыі, а таксама зьбіралі штогод сотні тысяч яек крычак, якія тут гнездавалі, дзеля продажу і харчаваньня. Раны мясцовай прыроды былі глыбокімі, колькасьць некаторых відаў птушак скарацілася ў дзясяткі разоў. Але дзякуючы Кэдбэры, востраў і яго прыродных жыхароў змаглі ўратаваць. Найперш высеклі амаль усе какосы, пакінуўшы іх толькі ўздоўж берагавой лініі, - дзе звычайна яны і растуць. А на іх месцы ўзьняўся адноўлены трапічны лес. Птушкі і іншыя жывёлы апынуліся ў адноснай бяспецы, толькі зрэдку па начах браканьеры высаджваюцца на выспу, каб зьбіраць яйкі. Але цяпер іх чакае адмысловая брыгада ахоўнікаў, якая ў гнездавы сэзон патрулюе востраў. Гэтаксама пад аховай знаходзіцца двухсотмятровая паласа акіяну вакол вострава.

Час ідзе, з суседніх астравоў птушкі заносяць рознае насенне мясцовых дрэваў. Арыд усё больш і больш зарастае трапічным лесам, ажывае сьпевамі птушак, якія ўюць на галінках мноства гнёздаў, падобных’ на вялікія плады.

Маё знаёмства з гэтым “птушыным мегаполісам” зацягнулася на некалькі тыдняў. Здаецца, што маленькі па плошчы астравок можна абысьці некалькі разоў за адзін дзень, але скальная парода і трапічная вільготнасьць ускладняюць перасоўваньне і робяць шпацыры цікавейшымі. 

Мой недавер наконт колькасьці птушак разьбіваецца ўжо пад час першага паходу ў лес, бо птушкі тут паўсюль. Галіны дрэў аблеплены гнёздамі малых глупых чаек. Між галінак у гушчары хаваюцца белыя плямы казачных крычак, а па зямлі сярод вялікіх каранёў разьбягаюцца ў розныя бакі каменешаркі і чаротніцы, хаваючыся ад дзённай сьпякоты. На камянях расселіся глупыя чайкі разам з цёмнакрылымі крычкамі. Яшчэ стагодзьдзе таму на выспе можна было налічыць з паўмільёна гэтых крычак, але з-за безашчаднага збору яек людзьмі, колькасьць цёмнакрылых крычак крытычна заняпала, і толькі цяпер, пасьля пяці дзясяткаў год аховы, яна марудна павялічваецца. Зараз на востраве налічваецца каля трыццаці тысячаў пар крычак, - а гэта ўсё яшчэ ў дзесяць разоў менш, чым было раней. Магчыма праз пастаянны ціск з боку чалавека птушкі перасяліліся на самы дальні астравок, дзе зараз месьціцца мільённая калёнія гэтага віду. Гэтая выспа так і завецца – Птушыная.

Sooty Tern (Onychoprion fuscatus)

Уся птушыная грамадзкасьць зьліваецца ў шматмільённае рознагалоссе, гул ад якога не спыняецца нават уначы. Птушкі лётаюць над дрэвамі ў бок акіяна і назад, сьпяшаюцца пакарміць сваіх ужо амаль дарослых птушанят, наладжваюць гнёзды і зносіны ці проста сядзяць на яйках сярод развалістых карэньняў і ўважліва назіраюць за тваімі рухамі. Яны не баяцца чалавека, але на ўсялякі выпадак з цікавасьцю і занепакоенасьцю сочаць за незнаёмцам. 

Амаль экватар. Сонца тут падымаецца ў шэсьць гадзін раніцы, а ў шэсьць вечара імкліва хіліцца за акіян. З надыходам цемры пачынаюць актыўна лятаць вялізныя кажаны – лятучыя лісіцы, што харчуюцца рознымі трапічнымі пладамі. З надыходам вечара вяртаюцца на выспу і буравесьнікі. Яны цэлы дзень снуюць над акіянам, а нанач вяртаюцца да сваіх гнездавых нор. Норы яны рыюць сярод гранітных выступаў, ствараючы цэлыя лабірынты. 

Вельмі складана ўявіць, як на пустым месцы днём, уначы паўнютка сонных птушак. Яны паводзяць сябе так, быццам нікуды не адляталі, напаўняючы лес страшнымі галасамі, што нагадваюць часам ваўчыныя завываньні, а часам плач дзіцяці. Але надыходзіць раніца і дзіўныя буравесьнікі зьнікаюць, пакідаючы сваіх птушанят у глыбокіх норах да наступлення наступнае начы.

Птушкі – гаманлівыя жыхары Арыда

Птушкі на востраве акупавалі ўсё, што можна – падзямельлі, зямлю, скалы, дрэвы, карані і кожную шчыліну, якая прыдатна для гнездаваньня. Вось толькі ня гледзячы на вялікую колькасьць, відавая разнастайнасьць птушак маленькая, што й характэрна для невялікіх выспаў. Амаль з усімі жыхарамі можна перазнаёміцца за адзін дзень, але ня гледзячы на гэта, зь некаторымі птушкамі можна сустрэцца толькі тут і нідзе болей у Сьвеце!

Самымі вядомымі і папулярнымі зоркамі вострава з’яўляюцца сэйшэльскія шума-дразды, па форме яны нагадваюць нашых драздоў, а вось сваёй афарбоўкай - сарок, адкуль  і паходзіць ангельская назва птушак. Гэтых шума-драздоў зусім няшмат, каля трох сотняў у Сьвеце, але калі ў 1970-м іх падлічылі ўпершыню, іх заставалася толькі дваццаць пяць птушак! Дзякуючы намаганьням арнітолягаў і эфэктыўнай праграме расьсяленьня віду, шума-драздоў удалося ўратаваць, Праўда, яны ўсё адно застаюцца пад шчыльным кантролем навукоўцаў. Кожную раніцу прыходзіцца іх падкормліваць і пералічваць, а кожны тыдзень пераправяраць гнездавыя скрыні, каб потым кантраляваць вывядзеньне птушанят.

Seychelles magpie robin [Copsychus sechellarum syn Copsychus seychellarum]

Востраў Арыд – адзін з нямногіх, куды маракі не завезлі пацукоў і катоў. Гэтыя дзьве жывёліны найбольш небяспечныя ворагі для птушак, асабліва для астраўных, у якіх на астравах звычайна няма прыродных ворагаў. Многія віды птушак зьніклі з-за гэтых перасяленцаў. Але сэйшэльскім эндэмікам пашанцавала – “птушыны мегаполіс” Арыд прымае бежанцаў і з іншых астравоў архіпелагу. Таму ня толькі шума-дразды знайшлі тут прытулак. Гэтаксама ледзь ня зьнікла і сэйшэльская чаротаўка – маленькая і непрыкметна шэрая птушка з меладычным голасам. Дзякуючы яе перасяленьню на Арыд, чаротаўка за які дзясятак год павялічыла сваю колькасьць да двух тысячаў пар, а гэта значыць, што цяпер яе папуляцыі нічога не пагражае.

Seychelles Sunbird (Cinnyris dussumieri)

Паміж каранёў і ў старых пнях ад какосавых пальм гняздуюцца белахвостыя фаэтоны. Іх прыгожы палёт у празрыста сінім небе натхняе мяне, быццам куфар сьвежай рамантыкі. На іншых астравах гэтыя птушкі гняздуюцца высока на дрэвах, а тут – на зямлі. Бо няма каму зьнішчаць іх яйкі.

Дзіўна, але амаль кожная птушка тут мае ў кладцы толькі па аднаму яйку і насіджваюць яго амаль два месяцы, яшчэ даўжэй – у выпадку посьпеху -  гадуюць птушаня. Гэта асаблівы прыродны кантроль пры адсутнасьці драпежнікаў.

Seychelles Blue Pigeon (Alectroenas pulcherrimus)

Вельмі дзівіць сваёй асаблівасьцю белая, ці чароўная крычка. Белая птушка зь непрапарцыйнай завостранай сіневатай дзюбай жыве выключна на Сэйшэльскіх выспах. Яна гняздуецца на дрэвах, але зусім не будуе гнязда! Адкладвае сваё яйка наўпрост на галінку, так і наседжвае яго два, а то й тры месяцы, ўчапіўшыся маленькімі, але моцнымі кіпцюрамі ў галінку. Чароўныя крычкі ствараюць пары на ўсё жыцьцё і вельмі цёпла ставяцца адна да адной.

White Tern (Gygis alba)

Усе птушкі тут выглядаюць пяшчотна-даверлівымі, бо ня бачаць небяспекі з твайго боку. Ты жывеш у іх сьвеце, у гармоніі з прыродай, як частка выспы, і гэта бадай адно з найпрыемнейшых пачуцьцёў, якія я адчуваў у жыцьці.

Seychelles Fody (Foudia sechellarum)

Іншыя жыхары выспы

Нягледзячы на вялікую колькасьць пярнатых істотаў, выспа прытуліла да сябе няменшую колькасьць іншых жыхароў. Ва ўсе бакі разьбягаюцца яшчуркі – яны тут паўсюль, як і птушкі. Паводле неправераных крыніцаў, на востраве - найбуйнейшая шчыльнасьць яшчурак у Сьвеце. І ў гэта нескладана паверыць, бо зь любой кропкі, у якой бы ты не стаяў, можна налічыць ня менш за дзясятак паўзуноў. Яны, як і птушкі – твае сябры, могуць безсаромна запаўзьці на цябе, ці есьць з табой з адной талеркі.

Як толькі сонца перастае пячы, са сваіх норак выпаўзаюць крабы, і на ўсім пяшчаным пляжы ды й сярод трапічнага лесу вядуць свае карагоды да глыбокай ночы. Да іх далучаюцца ракі-атшэльнікі, што носяць на сабе разнастайныя ракушкі, ў якіх, у выпадку небяспекі, хаваюцца. Пад час чарговай лінькі, калі ракі робяцца большымі ў памерах, яны знаходзяць новую кватэру-ракушку, большую і ўтульную. Такія домікі дапамагаюць ім пры небяспечных абставінах, бо ракі і крабы вечна варагуюць паміж сабой з-за ежы і тэрыторыі.

Восеньню на пясчаны бераг выпаўзаюць агромныя марскія чарапахі. Яны прабіваюцца праз шчыльныя мангравыя зараснікі і адкладваюць у глыбокую ямку свае белыя і круглыя яйкі. Праз два месяцы зь іх выкаракскваюцца маленькія чарапашкі, якія, мінаючы розныя перашкоды і небяспечныя моманты, прабіраюцца да акіяну. Там яны-калі пашчасціць - правядуць дваццаць пяць наступных гадоў свайго жыцьця, каб потым ізноў вярнуцца на той самы бераг і адкласьці яйкі для з’яўлення новага пакаленьня чарапах.

Жыцьцё ў гармоніі

Толькі што зваліўся ледзь не пад ногі трапічны буравесьнік. Маленькая і дужа міленькая птушка, з чорнымі крыламі і белым нізам, з кручкаватай на канцы дзюбай і вельмі прывабнай “усьмешкай”. Птушка, як і многія іншыя тут, трапіла ў пастку цэпкіх сямян пізоніі, ці дрэва-птушказабойцы, якія авалокваюць птушку з ног да галавы і не даюць ёй рухацца. Пізонія – дрэва, якое распаўсюджваецца з дапамогай птушак і іншых жывёлаў. Маючы вельмі клейкія і цэпкія суквецьці яны, на жаль, не проста прыклейваюцца да цела птушкі, а абвалокваюць яго так, што птушка ўжо ня можа самастойна рухацца. Без своечасовай дапамогі такія жывёлы паміраюць. Буравесьніку пашанцавала, хоць выпутваньне сямян зь пер’еў працэс доўгі і крапатлівы, але не дапамагчы птушцы складаней, чым дапамагчы. Ты ізноў сядаеш на больш-меньш утульнае месца і калупаешся ў пер’і, а буравесьнік тым часам імкнецца цябе балюча ўшчыміць сваёй калючай дзюбай,. Прыходзіцца трываць, бо ведаеш, што птушка не можа асэнсаваць тое, што ёй зараз дапамагаюць. Пазмагаўшыся хьвілін дзесяць, заканчваю працэдуру, казытаю птушку за вушкам, а яна ўцапіўшыся ў мой палец, ужо зусім не балюча цярэбіць яго. Пасадзіў новага знаёмага побач, той не сьпяшаецца ўбягаць, як гэта звычайна робяць птушкі. Пасадзіў на руку, працягваем грацца ў казытаньні. Толькі калі я вынес птушку на адкрытае месца, яна ня вытрымала і паляцела над акіянам насустрач свабодзе.

Гэта - банальная мясцовая гісторыя. За сёньня я дапамог больш за дваццаці такім жа небаракам, якія не маглі выблытацца з палону пізоніі. Але ці не нагадвае Вам гэтая гісторыя аб нечым большым? Мне нічога не перашкаджае прайсьці побач, незважаючы на гора пярнатых – у прыроды свае законы. 

Мы, людзі, часам бываем такімі ж, як гэтыя птушкі. Калі ўзьнікаюць праблемы, ці, яшчэ горш, трагедыі, зьвяртаемся да Госпада з надзеяй, самі прыходзім да яго. Бог не адракаецца, а наадварот, імкнецца дапамагчы, незважаючы на мільён іншых спраў, якія ў яго ёсьць. Мы не разумеем, што адбываецца, супраціўляемся, бо часам ад гэтай дапамогі нам балюча і мы жадаем укалоць, абвінаваціць Бога ва ўсіх грахах. А калі раптоўна праблемы вырашаюцца, мы радуемся і з цягам часу забываемся, што насамрэч стаяла ў вырашэньня такіх праблемаў. Я тут таксама ня выключэньне, такая прырода чалавека забываць урокі, а пры розных складанасьцях узгадваць іх. Жыцьцё на амаль неабітаемай выспе прымусіла задумацца: можа мы і сталіся людзьмі, таму што дапамагалі ўвесь час адно аднаму? 

Казачны сьвет вострава паказаў шмат чаго, за тры месяцы адкрыў свае дзьверы і па-сяброўску вітаў пад канец майго падарожжа. Складана апісаць пачуцьцё, калі ты жывеш у гармоніі з прыродай. Калі цябе не баяцца, а наадварот, жывёлы цікавяцца табой, прылятаюць паслухаць твае напевы, харчуюцца побач з табой і будуюць свае гнёзды на тваёй будоўлі. Калі з вокнаў чуць шум акіяну і сьпевы птушак, а не гул аўтамабіляў і шум заводаў. Калі дэльфіны гуляюцца, убачыўшы тваю лодку, а яшчуркі запаўзаюць пад вопратку, ўхваляючы колеры і памер тваёй саколкі.

Надыйшоў час разьвітвацца з Арыдам. Тры месяцы не праляцелі хутка і незаўважна, - ўжо даўно хацелася абняць родных, удыхнуць пах Радзімы. Большасьць птушак адправілася з дарослымі птушанятамі ў сэзонную міграцыю, вецер пяшчотна трэпле марскую ваду, пясок усё такі ж белы, а марскія чарапахі па-ранейшаму выпаўзаюць на пляж, каб адкласьці яйкі. Усё цыклічна. І ўсё будзе таксама, калі я з’еду. Толькі б нацыянальны парк захаваўся тут надаўжэй. Як дом для разнастайных жывёл, якія не баяцца чалавека.

Юрка Бакур, здымкі аўтара

 

 

Каментары

 Дзякуй! Выдатны расповед пра выдатнае месца з супер ілюстрацыямі.

Аказваецца, часам людзі дапамагаюць дзікай прыродзе нават у такіх маштабах. Слава Хрыстаферу Кэдберы і яго паслядоўнікам!

67 (госць) - 26.02.2014 - 22:28

Seychelles magpie robin - сейшельская сарочая малінаўка, здаецца такі будзе пераклад. Дзякуй, Юры, бачыў прэзентацыю, з задавальненнем паглядзеў фоткі і аповяд яшчэ раз. Міліёны міліянераў па ўсім свеце, а толькі некаторыя робяць добрыя рэчы. Колькі хонак пабудавана і па Беларусі і па свету...........ав

Harrier - 26.02.2014 - 22:34

In reply to by 67 (госць)

 Ёсць па ангельску і  Seychelles thrush = Сейшэльскі дрозд.

Можна "добрых" мільянэраў падтрымаць сваімі грашыма - пакупаць чакалядкі Кэдбэрыз замест іншых. Хаця б час ад часу.

 Гэта з таго, што мне не спадабалася з вялікага расповеду. Дадам таксама "кілямэтар". Ну і ў цэлым тарашкевіца мне не даспадобы.

Вельмі цікавае назіранне, захапляюць краявіды, адносіны людзей да прыроды. Ну і асабліва птушкі, сярод якіх вылучаецца белая крычка. Яшчэ ў дзяцінстве пра яе чытаў і здзіўляўся цудам эквілібрыстыкі, якія гэтыя крычкі дэманструюць пры наседжванні яйка. Вось яшчэ што цікава: а якія адносіны белых крычкак да вады? Ці плаваюць яны, або іх птушаняты?

 Тады зразумела. Насамрэч, правапіс - гэта справа прызвычаення і вартасці тэксту. Для мяне, напрыклад, няма праблемы якім правапісам напісаны тэкст. Калі ён цікавы, то нават не заўважаецца гэта.

Наконт крычак. Наколькі я ведаю, ніводныя крычкі не могуць плаваць і не плаваюць.

 Дзякую. У розных крыніцах сусракаў інфармацыю аб тым, што крычкі ўсё ж плаваюць, толькі даволі рэдка і не надта добра. На форуме СОПРа сустрэў пытанне падобнага характару наконт рачных крычак, ці бачыў хто калі-небудзь крычку, якая плыве. Адказалі, што бачылі, але толькі маладых, нялётных - хутчэй за ўсё, ратаваліся ад небяспекі на вадзе. Дарослых не бачылі. А белая крычка, магчыма, і зусім не плавае.