У самым пачатку чэрвеня каля былой вёскі Астравок (якая цяпер уваходзіць у межы Гродна) у зарасніках крапівы і іншай пустырнай расліннасці я знайшоў гняздо балотнай чаротаўкі.
З першага погляду на яго стала зразумела, што не ўсе яйкі ў гняздзе належаць яго гаспадарам:
Яйка зязюлі вылучалася не столькі афарбоўкай, як памерамі.
Зразумела, што такая ўдача не засталася па-за маёй увагай і я вырашыў задакументаваць самыя важныя моманты з жыцця Птушкі 2014 году ад яе вылуплення да вылету. На шчасце, мае планы цалкам ажыццявіліся!
Аднак пасля таго, як над нашым горадам прайшоў ураган з дажджом, маё наведванне ўнікальнага гнязда мела вырашальнае значэнне для выжывання будучага зязюльчыня. І хаця гняздо было моцна нахілена (разам з крапівой, якая палягла), яйкі былі яшчэ ў ім. Прыйшлося заняцца іх ратаваннем – я выраўняў нахіленыя сцябліны, падпёр гняздо быльняком і звязаў зверху крапіву, ў якую былі ўплеценыя края гнязда.
Як аказалася, гэта дазволіла вытрымаць гнязду і наступныя выпрабаванні - памерамі адзінага пазасталага ў ім птушаня.
Калі ў наступную пятніцу на гняздзе яшчэ былі ўсе яйкі, то ў нядзелю – толькі зязюльчынё, якое займала ўсё гняздо. Недалёка пад гняздом я знайшоў сапраўднае яйка гаспадароў – зязюльчынё не траціла часу дарма…
Каб лягчэй параўнаць памеры птушанят, ніжэй – гняздо з птушанятамі балотнай чаротаўкі, знойдзенае мной пр. у 150 м ад першага з зязюльчынём.
Засідка з травяністай расліннасці дапамагла зрабіць цікавыя кадры пры наступных наведваннях унікальнага гнязда, - кожныя 4 дні я наведваў зязюльчынё і здымаў, па магчымасці, кармленне.
Працэс гэты адбываўся не даўжэй, чым 2 секунды штораз. Таму з прыкладна 250 кадраў у выніку адбору засталося каля 30.
Птушанё расло на вачах, негледзячы на зусім мініатурны памер здабычы, якім стараліся забяспечыць прыёмнае дзіцё чаротаўкі.
І калі з пачатку зязюльчынё старалася схавацца-ўціснуцца ў гняздо, калі я раскрываў яго для здымак перш чым схавацца ў засідцы, то потым, наадварот, прыўставала, раскрывала дзюбу і падымала пер’е, каб здавацца большай.
25 чэрвеня я зрабіў апошнія фота на гняздзе, а праз 2 дні зязюльчынё ўжо сядзела ў бліжэйшым ад гнязда хмызняку, м у 4 ад роднага гнязда.
Сяргей Чарапіца, фота аўтара
Фоты большага памеру ТУТ
Пра асаблівасці жыцця зязюляў і гнездавы паразітызм можна пачытаць ТУТ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Harrier - 09.08.2014 - 23:53
Шыкоўныя фота і
Шыкоўныя фота і сытуацыі!
Наўрацці б зязюльчынё выжыла б, каб гняздо не было ўмацаванае - настолькі яно вялізнае для гнязда чаротавак.
Ананім (госць) - 10.08.2014 - 12:27
In reply to Шыкоўныя фота і by Harrier
Каля той жа вёски, некальки
Ананім (госць) - 10.08.2014 - 12:33
In reply to Шыкоўныя фота і by Harrier
Каля той жа вёски, некальки
Apus - 10.08.2014 - 15:50
Вельмі цікавы і прыгодніцікі